Узнагароды — лепшым

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Прэзідэнт Беларусі прысудзіў прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва 2015 года. Як паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара, указы аб прысуджэнні названых прэмій Аляксандр Лукашэнка падпісаў 30 снежня мінулага года. Самі ўзнагароды ва ўрачыстай атмасферы плануецца ўручыць 12 студзеня ў сталіцы.

Усяго па выніках 2015 года былі прысуджаны 5 прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Імі адзначаны аўтарскія і працоўныя калектывы за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.

Так, высокая ўзнагарода прысуджана аўтарскаму калектыву ў складзе пазаштатнага супрацоўніка галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Алены Харашэвіч і прафесара кафедры крымінальна-выканаўчага права Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Анатоля Шаркова. Менавіта гэтымі людзьмі была зроблена вялікая праца па стварэнні кнігі-рэквіема “Жыць і помніць”. У названым выданні абагульнены вынікі работы па вызначэнні і вывучэнні месц пахавання беларусаў — абаронцаў Айчыны ў розных кутках Еўропы.

Таксама прэміяй адзначаны калектыў Нацыянальнага мастацкага музея, які паспяхова рэалізаваў буйнамаштабныя выставачныя праекты, накіраваныя на ўмацаванне духоўных каштоўнасцей у сучасным грамадстве. Акрамя таго, удастоены ўзнагароды і калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Маці і дзіця”, які дасягнуў значных поспехаў у рэалізацыі мерапрыемстваў па захаванні жыцця і здароўя маці і дзяцей.

Сярод лаўрэатаў прэміі — епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веньямін, які ўнёс важкі ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, асветніцкую і дабрачынную дзейнасць, а таксама настаяцель рэлігійнай абшчыны “Парафія Святой Тройцы" ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна мясцовага рэлігійнага аб’яднання “Віцебская дыяцэзія Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі” Часлаў Курэчка. Ягоны важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, а таксама актыўны ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця заслужылі шырокае прызнанне ў грамадстве.

Па выніках 2015 года прысуджаны і 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Імі ўганараваны дзеячы культуры і мастацтва, навукі, педагогі, аўтарскія калектывы і ўстановы культуры краіны за значныя дасягненні ў галіне выяўленчага і тэатральнага мастацтва, аматарскай творчасці, музейнай справы і выхавання моладзі.

Так, прэмію атрымаў аўтарскі калектыў галоўнай дырэкцыі “Агенцтва тэлевізійных навін” Белтэлерадыёкампаніі ў складзе карэспандэнта спецыяльнага аддзела навін культуры Наталлі Бардзілоўскай, галоўнага рэжысёра Алега Даўгаполава і загадчыка аддзела навін культуры Міхаіла Равуцкага за стварэнне гісторыка-дакументальнага серыяла “Яны спявалі за Радзіму” і іншыя праекты, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне моладзі.

Аўтарскі калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў складзе галоўнага мастака Аляксандра Касцючэнкі і галоўнага рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ ўганараваны прэміяй за значныя дасягненні ў развіцці сучаснага опернага мастацтва і пастаноўку спектакля “Царская нявеста”. Акрамя таго, за значны ўклад у захаванне нацыянальных культурных традыцый і стварэнне візуальных вобразаў праваслаўных святынь з дапамогай галаграфічных тэхналогій высокай узнагароды ўдастоены аўтарскі калектыў у складзе галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі нелінейнай оптыкі Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Паўла Апанасевіча, першага намесніка генеральнага дырэктара ТАА “Магія святла” Сяргея Гінака і старшыні савета дырэктараў ЗАТ “Галаграфічная індустрыя” Леаніда Таніна.

Лаўрэатам прэміі стаў выкладчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Антон Бельскі. Таленавіты майстар выканаў роспіс у храме Іаана Прадцечы Свята-Узнясенскага жаночага манастыра ў гарадскім пасёлку Баркалабава Быхаўскага раёна.

За значны ўклад у захаванне нацыянальных культурных традыцый і стварэнне на высокім мастацкім узроўні спектакля “Пясняр”, прысвечанага творчай дзейнасці Уладзіміра Мулявіна, прэмію атрымаў калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Таксама ўганараваныя калектыў Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, які дасягнуў высокіх творчых поспехаў і ўнёс важкі ўклад у развіццё і папулярызацыю тэатральнага мастацтва, ды калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прэмія прысуджана за значны ўклад у развіццё музейнай справы і патрыятычнае выхаванне насельніцтва.

Высокай дзяржаўнай узнагародай цяпер будуць ганарыцца і ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці: мясцовы ўзорны ансамбль “Аношкаўскія музыкі” Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў атрымаў прэмію з фармулёўкай “за мэтанакіраваную работу па захаванні нацыянальных мастацкіх традыцый і актыўную канцэртную дзейнасць”.

Акрамя таго, лаўрэатамі прэміі сталі старшы выкладчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Канстанцін Касцючэнка, які стварыў манумент “Брама памяці” мемарыяльнага комплексу “Трасцянец” і іншыя творы манументальнага мастацтва, а таксама член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Анатоль Кузняцоў. Ён атрымаў узнагароду за шматгадовую творчую дзейнасць і стварэнне высокамастацкіх твораў жывапісу.

У прэс-службе беларускага Лідара зазначаюць: прыняцце ўказаў аб прысуджэнні прэмій з'яўляецца яркім сведчаннем сталай увагі дзяржавы да пытанняў фарміравання ў беларускім грамадстве здаровай духоўнай атмасферы, развіцця беларускай культуры і мастацтва.