Варыяцыі часу магнатаў

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Драўляны дыямент, упэўнены метал і ажурная карона
Як звярнуцца да нашай гісторыі небанальным чынам і зрабіць твор мастацтва па такой тэматыцы цікавым, сучасным і зразумелым? Ці такая простая яна для трактоўкі? Удзельнікі выставы “Час магнатаў” у Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка прапанавалі свае інтэрпрэтацыі гісторыі Беларусі ХV — XVIII стагоддзяў і паказалі гэта ў жывапісе, графіцы, скульптуры.

/i/content/pi/cult/568/12448/9-2.jpgСярод удзельнікаў выставы, зладжанай у рамках конкурсу культурных ініцыятыў праекта “Голас культуры” пры падтрымцы Еўрасаюза, — выкладчыкі гімназіі-каледжа, студэнты ВНУ ды навучэнцы. Іх з’яднала гісторыя, пошук вобразу пэўнага перыяду мінуўшчыны — “часу магнатаў”, імкненне “прапусціць” яго праз сябе і данесці ўласнае далікатна-мастацкае ўспрыманне да гледачоў, з’яднаць легенды, герояў, помнікі пэўнай эпохі ў новым мастацкім кантэксце. Вось і на адкрыцці выставы скульптар Іван Арцімовіч — адзін з арганізатараў праекта і яго ўдзельнік — дапамог гасцям адчуць гісторыю, ажывіўшы традыцыйную батлейку, якую зрабілі вучні 7 класа згаданай навучальнай установы пад кіраўніцтвам мастачкі Алены Піскун-Юр’евай. (А Іван больш за дзесяць гадоў вывучаў майстэрства батлеечнікаў.)

Да архітэктурных помнікаў звярнуўся выкладчык жывапісу і кампазіцыі Піліп Басалыга. Ад ягонай карціны “Мірскі замак” вее спакоем. Тры часткі статычнай работы ўтвараюць неба, зямлю і ваду, і тут ёсць незвычайнае пачуццё суладдзя і гармоніі. Камянецкую вежу на выставе “Час магнатаў” можна ўбачыць у трох мінімалістычных варыянтах вучняў 5 класа гімназіі-каледжа Ягора Давыдзенкі, Мікіты Кулікова ды Эвеліны Безручонак. У гэтых версіях помнікі дойлідства робяцца фонам для ілюстравання гістарычных падзей, легенд і паданняў.

Тэма мінулага заўжды была вельмі папулярнай у навучэнцаў мастацкіх сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Але рэалізацыя праекта “Час магнатаў” дала магчымасць цэласна ўявіць, як моладзь успрымае гісторыю і хто ёй бачыцца героем. Антон Шапялевіч выдатна перадаў характар лідара ў скульптурнай выяве князя Стэфана Баторыя.
Сапраўды, матэрыял уплывае на вобраз персанажа і на яго ўспрыманне. Калі парцаляна або мармур падаюцца больш мяккімі (на маю думку, прыдатнымі для тэм кахання, вечнасці), а дрэва — “цёплы” матэрыял (ідэальны, падаецца, для адлюстравання багатых беларускіх традыцый), то метал стварае вобраз магутнага, упэўненага, нават жорсткага чалавека.

Барбару Радзівіл ажывіла вучаніца 9 класа Дар’я Васілеўская. На маю думку, акурат гэтая скульптура на выставе найбольш дынамічная і адухоўленая. Дар’я перадала не толькі “прывідны вобраз”, звыклы па многіх мастацкіх увасабленнях, але і рух гераіні. Пышныя складкі сукенкі Барбары быццам разлятаюцца ў паветры. У адной руцэ княгіня трымае падсвечнік. Часам здаецца, што павевы ветру вось-вось патушаць агеньчыкі. А калі пабачыла работы вучаніцы 8 класа Ганны Хацько, то адразу згадала творчасць англічаніна Обры Бёрдслея: сваю чорную панну Нясвіжа Ганна вырашыла выканаць менавіта ў манеры стылю мадэрн.

Асабліва мяне ўразіла карціна выкладчыка жывапісу, малюнку і кампазіцыі Вольгі Гардзіёнак-Кірэевай “Майстэрня”. Жывапіснае палатно — здаецца, вітражнае. Зліліся са святлом, бляскам памяшкання і персанажы Надзеі Макарэй (8-ы клас). Дзяўчына ўбачыла “залаты” час святочным, яскравым, бесклапотным. Героі работы “Баль” расталі ў гэтых зачараваных святле ды мелодыі, і немагчыма разгледзець твары, аздобу адзення. А мо і не трэба? Надзея паказала той чароўна-загадкавы свет, якога так не стае ў нашым жыцці.

Вы калі-небудзь бачылі драўляны дыямент? Гэтым разам Васіль Цімашоў і Паліна Пірагова, вядомыя ў Мінску як аўтары арыгінальных скульптур, што сталі заўважнымі ў гарадской прасторы, вырашылі зрабіць са старых дошак вялікі алмаз, які сімвалізуе багацце. “Фішка” твора ў тым, што кожная грань выканана з уключэннем беларускай арнаментальнай сімволікі.

А як можна ўвасобіць заклік? З якім вобразам ён асацыюецца? У Паліны Шалкоўскай — гэта кінжал у руцэ. Невялікая скульптура — прыклад таго, як можна выявіць падзею, сюжэт літаральна адным вобразам.

Усе звяртаюць увагу на прычэпленыя да столі аб’екты. Так, “Карона часу” Настассі Канашэвіч зроблена з белых свечак і абазначае ўладу магнатаў (прынамсі, так уласны твор інтэрпрэтуе аўтар). Таксама карона для Настассі — яшчэ і сімвал таемнасці ды экспрэсіі, бо агонь — найбольш эмацыйная стыхія. Хрысціна Макаранка прадставіла карону з ільду (дакладней, з матэрыялу, які нагадвае далікатны лёд: маўляў, карона растане і… ад яе застануцца ўспаміны). Ілья Лаўніковіч зрабіў “Карону ўлады”. Яна — мінімалістычная, выканана з крыжоў, бо ўлада, на думку маладога творцы, — смерць для каралёў, паколькі можа забіць у асобе дабрыню, шчырасць, любоў… Медная ж карона Валерыі Бірала абазначае рамантычны настрой, грацыёзнасць і прыгажосць паненак: пра тое сведчыць ажурнасць твору.

Вольга РОПАТ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ