Прэмія як брэнд

№ 2 (1232) 09.01.2016 - 15.01.2016 г

Вячаслаў БАРТНОЎСКІ, прафесар БДУКіМ, ганаровы акадэмік Міжнароднай гуманітарнай акадэміі “Еўропа — Азія”, старшыня журы Міжнароднай прэміі “БелБрэнд”
Днямі ў Мінску адбылося чарговае ўручэнне Міжнароднай музычнай прэміі “БелБрэнд” і, па сутнасці, яе першая такая шырокая грамадская прэзентацыя — у рамках Міжнароднага форуму “Антыкантрафакт-2015”.

/i/content/pi/cult/568/12440/5-3.jpgУ Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся гала-канцэрт “Музыканты ў абарону брэндаў”. Лаўрэаты выступілі ў атачэнні прызнаных зорак — у суправаджэнні вялікага сімфанічнага аркестра “Collegium Musicum” пад маім кіраўніцтвам. Урачыстасці надаў вечарыне і ўдзел такога знанага калектыву, як Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Рыгора Шырмы.

Прэмія гэта з’явілася толькі летась. І была тады ўручана піяністу Аляксандру Музыкантаву і віяланчэлісту Аляксею Кісялёву, майстэрства якіх высока ацэнена ў нас і ў замежжы. Увогуле ж, разлічваць на яе могуць маладыя музыканты з дзяцінства да 31 года, маючы значныя дасягненні міжнароднага маштабу. Журы, складзенае з прызнаных мэтраў айчыннага і замежнага мастацтва, само вылучае магчымых намінантаў, кандыдатуры якіх потым абмяркоўваюцца. Але заяўкі на ўдзел могуць дасылаць і самі прэтэндэнты, прыклаўшы неабходныя дакументы і відэазапісы. Сёлета, да прыкладу, было пададзена каля 50 заявак з 14 краін. Сярод узнагароджаных — такія вядомыя артысты, як оперны прэм’ер Ілья Сільчукоў, эстрадная прымадонна Іскуі Абалян, піяніст-віртуоз Павел Нетук, зусім яшчэ юны фартэпіянны дуэт у складзе Дар’і і Настассі Лукашэнкаў, якія вучацца ў сталічнай Дзіцячай музычнай школе імя Яўгена Глебава, і іншыя.

Даведаўшыся пра з’яўленне прэміі, некаторыя здзіўляліся: маўляў, пры чым тут назва “БелБрэнд”, якая больш асацыюецца з прамысловай прадукцыяй, чым з культурай, а тым больш музыкай? Але брэнд — гэта, па сутнасці, знак якасці. І наша нацыянальная выканальніцкая школа — таксама брэнд. Гэта прэмія, лічыце, упершыню звяртае ўвагу не толькі на лаўрэатаў конкурсаў, але і на тых, хто іх рыхтуе, на выкладчыкаў, якія часта застаюцца ў ценю. Ды, па вялікім рахунку, ужо сама па сабе нацыянальная культура як адна з найбольш яркіх праяў ідэнтыфікацыі нацыі — брэнд любой краіны.

У будучым плануецца пашыраць намінацыі, уключыць туды маладых даследчыкаў і навукоўцаў, праводзіць навуковыя канферэнцыі, звярнуць асаблівую ўвагу не толькі на пытанні аўтарскага права, але і на праблемы працаўладкавання маладых музыкантаў, а таксама на балявыя кропкі нашай музычнай адукацыі — у прыватнасці, на неабходнасць вярнуць скасаваную колькі гадоў таму асістэнтуру-стажыроўку. Бо музыканты-выканаўцы, у адрозненне ад прафесійных музыказнаўцаў, павінны ўдасканальваць сваё вакальнае, інструментальнае, дырыжорскае майстэрства, а не марнаваць час на напісанне дысертацый, забыўшыся на сваю асноўную спецыяльнасць.

Перспектыўным уяўляецца і тое, што гэта прэмія, заснаваная Асацыяцыяй “БелБрэнд” пад патранатам Еўразійскай эканамічнай камісіі, так ці інакш яднае культуру з эканомікай. А значыць, садзейнічае іх далейшым узаемасувязям, якія могуць быць карыснымі для абодвух бакоў. Не толькі ўзнімае і падтрымлівае маладыя таленты, але і выхоўвае магчымых спонсараў — цяперашніх і будучых, што вельмі важна для далейшага развіцця і росквіту мастацтва.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"