Генадзь АЎЛАСЕНКА. Каса на камень

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г


Дзейныя асобы:

ДОКТАР;

МЕДСЯСТРА;

ПАЦЫЕНТ, ён жа АЎТАМЕХАНІК;

РАБОЧЫ.

Частка першая

Кабінет доктара. Доктар сядзіць за сталом, Медсястра стаіць побач. У кабінет нясмела заходзіць Пацыент.

ДОКТАР. Што ў вас?

ПАЦЫЕНТ. Ды я, гэта...

ДОКТАР (устае, падыходзіць да Пацыента). Адкрыйце рот! (Пацыент паслухмяна адкрывае рот, Доктар уважліва ў яго глядзіць.) Ну, што ж, усё зразумела! Мне ўсё зразумела! У вас апендыцыт!

ПАЦЫЕНТ. Апендыцыт?!

ДОКТАР. I прытым востры! (Да Медсястры.) Сястра! Завядзіце хворага ў восьмую палату, падрыхтуйце да аперацыі!

СЯСТРА (хапае Пацыента за руку). Хадземце, хворы!

ПАЦЫЕНТ (вызваляючы руку). Не разумею, як у мяне можа быць апендыцыт, калі яго ўжо выразалі?!

ДОКТАР (расчаравана). Выразалі?! I калі?

ПАЦЫЕНТ. Ды гадоў з дзесяць ужо...

ДОКТАР. Ну што за людзі! Нейкіх дзесяць гадоў пачакаць не мог! (Змаўкае, строга глядзіць на Пацыента, той вінавата апускае галаву.) Калі ў вас няма апендыцыту, дык што вы мне тут галаву тлуміце?!

ПАЦЫЕНТ. Дык я ж, гэта...

ДОКТАР (перапыняе яго). Раскрыйце рот! (Пацыент раскрывае рот, Доктар зноў туды зазірае.) Так, усё зразумела! У вас язва!

ПАЦЫЕНТ (з жахам). Язва?!

ДОКТАР. I прытым прабадная! У страўніку ці ў кішэчніку, не разглядзеў добра... Але тое, што язва — гэта несумненна!

ПАЦЫЕНТ (нясмела). А што, праз рот яе можна ўбачыць? Я ж чуў, што для выяўлення язвы аналізы трэба нейкія здаваць... Потым вынікаў чакаць...

ДОКТАР (махае рукой). Гэта састарэлая методыка! Сястра! Хворага — у сёмую палату!

Медсястра зноў хапае пацыента за руку, і зноў ён вырываецца.

ПАЦЫЕНТ. Ды куды вы мяне ўвесь час цягнеце?!

МЕДСЯСТРА. Як гэта — куды? На аперацыю! Язву вашу лячыць будзем!

ПАЦЫЕНТ. Ды няма ў мяне ніякай язвы, з чаго вы ўзялі? У мяне і жывот ніколі ў жыцці не балеў... Ну, не лічачы таго апендыцыту!

МЕДСЯСТРА (з абурэннем). Ну і чаго ж вы тады прыперліся сюды, час наш каштоўны адымаеце?!

ПАЦЫЕНТ. Дык я ж хачу растлумачыць, што ў мяне...

ДОКТАР. Адкрыйце рот! (Пацыент змаўкае, адкрывае рот, Доктар зноў уважліва ў яго глядзіць.) Ну, што ж, віншую вас, даражэнькі!

ПАЦЫЕНТ. З чым?

ДОКТАР. Лёгкія ў вас не ў парадку! Сухоты!

ПАЦЫЕНТ (з сарказмам). Вы што, і лёгкія мае праз рот убачылі?!

ДОКТАР. А вы што думалі! Для сапраўднага прафесіянала хіба гэта праблема! (Да Медсястры.) Сястра!

ПАЦЫЕНТ (да Медсястры). Не набліжайцеся да мяне! (Доктару.) Няма ў мяне ніякіх сухотаў! Няма, разумееце?!

ДОКТАР. Ды вы супакойцеся, супакойцеся! Паверце мне як спецыялісту!

ПАЦЫЕНТ (амаль крычыць). І рэўматызму ў мяне таксама няма! I радыкуліту я не маю! (Адкрывае рот, паказвае ў яго пальцам.) Вось, бачыце?! Няма радыкуліту!

ДОКТАР. Дык на што вы тады скардзіцеся, не разумею?!

ПАЦЫЕНТ. На вас! I на такіх, як вы!

Ён выходзіць з кабінета і гучна ляпае дзвярыма.

МЕДСЯСТРА. I чаго ён так разышоўся?! Шызафрэнік нейкі!

ДОКТАР (радасна). Так і ёсць! Шызафрэнік! Я, калі ў рот ягоны глядзеў, выразна бачыў там усе прыкметы шызафрэніі!

МЕДСЯСТРА (з захапленнем). Вы, доктар, — геній! Не разумею толькі, чаму вас начальства так мала цэніць? Вымовы дае, звольніць пагражае!

ДОКТАР. Зайздрасць! Звычайная зайздрасць, сястрыца! Зайздрасць пасрэднасцяў да генія!

Ён уздыхае. Медсястра таксама ўздыхае спачувальна.

Канец першай часткі

 

Частка другая

Аўтамайстэрня. За сталом сядзіць Аўтамеханік, ён жа былы Пацыент. Побач з ім стаіць Рабочы. Убягае Доктар.

ДОКТАР. Як добра, што я вас заспеў! Разумееце, мой аўтамабіль...

МЕХАНІК (ускоквае з месца). Гэта вы?!

ДОКТАР. Мы што, знаёмы?

МЕХАНІК. Даводзілася сустракацца...

ДОКТАР. Не прыпамінаю! Дык вось, мой аўтамабіль...

МЕХАНІК (перапыняе яго). Адкрыйце рот!

ДОКТАР. Навошта?

МЕХАНІК. Трэба! Адкрыйце! (Доктар паслухмяна адкрывае рот, Механік нейкі час у яго глядзіць.) Так, зразумела! Мне ўсё зразумела! У вашага аўтамабіля заклінавала рухавік! (Рабочаму.) Ідзі, здымай рухавік!

ДОКТАР (рабочаму). Стой! (Механіку.) Ён не можа заклінавацца, бо нядаўна з капрамонту!

МЕХАНІК. А дакладней?

ДОКТАР. I двух месяцаў не будзе!

МЕХАНІК. Што за людзі! Нейкія два месяцы пачакаць не мог! (3 дакорам глядзіць на Доктара, той вінавата апускае галаву.) Калі ваш рухавік у парадку, дык што ж вы тады мне галаву тлуміце, мой каштоўны час адымаеце?!

ДОКТАР (разгублена). Дык я ж, гэта... Мой аўтамабіль, ён...

МЕХАНІК. Адкрыйце рот!

ДОКТАР. Ды навошта?!

МЕХАНІК. Трэба! (Зноў уважліва глядзіць у рот Доктару.) Ну што ж, мне ўсё зразумела! Праводка ў вас нікуды не вартая! I акумулятар падцякае! (Рабочаму.) Ідзі, здымай праводку! I акумулятар таксама!

Рабочы ідзе да выхаду.

ДОКТАР (нервова). Стой! (Рабочы вяртаецца.) Нічога не трэба здымаць! (Механіку.) А вам не здаецца, што, перш чым ставіць дыягназ, не пашкодзіла б хоць адным вокам паглядзець на сам аўтамабіль?!

МЕХАНІК. Навошта?

ДОКТАР. Ну, я не спецыяліст... Але ж усе, здаецца, так робяць!

МЕХАНІК. Гэта састарэлая методыка! Я, праўда, раней па ёй працаваў, але зараз перайшоў на іншую, больш сучасную!

ДОКТАР (з ‘едліва). I адкуль жа вы яе ўзялі, гэтую сваю сучасную методыку?

МЕХАНІК (не менш з ‘едліва). А вы што, не ведаеце?

ДОКТАР. Адкуль жа мне ведаць?

МЕХАНІК. I нават не здагадваецеся?

ДОКТАР. I нават не здагадваюся!

МЕХАНІК (уздыхае). Ды ў вашага аўтамабіля, да ўсяго іншага, яшчэ і склероз! А гэта ўжо невылечна, паверце мне як спецыялісту!

Канец