Гродна, Астравеччына, Віцебск, Зэльвеншчына, Беларусы свету - Малдова, Мёршчына, Дзятлаўшчына, Ганцавічы...

№ 1 (1231) 02.01.2016 - 08.01.2016 г


/i/content/pi/cult/567/12436/15-1.jpgГродна / Падарункі ад святога Мікалая

Штогод Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі ладзіць выставы, прысвечаныя Раству Хрыстову.

Сёлетняя — “У чаканні цуда Раства Хрыстова” — прысвечана шляхецкім і народным традыцыям святкавання Раства, што панавалі ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзяў. На выставе можна ўбачыць ёлачныя цацкі, абразы, кнігі са збораў музея, пачуць прыгожыя паданні аб узнікненні традыцыі аздабляць лясную прыгажуню, атрымаць падарункі ад cвятога Мікалая.

Асаблівую цікавасць выклікаюць экспанаты народнага лялечнага тэатра — батлейкі. Лялькі — персанажы дзеяў (валхвы, пастушкі) — нагадваюць наведвальнікам евангельскія сюжэты. Побач — музычныя інструменты (цымбалы, дудка, гармонік), якія маглі суправаджаць дзейства.

Своеасаблівай “разыначкай” выставы з’яўляецца арыгінальнае святочнае дзіцячае адзенне эпохі мадэрна з калекцыі Музея гісторыі моды Марыны Івановай (Кіеў).

У апошнія гады добрай музейнай традыцыяй стала правядзенне ў калядныя дні сумесна з хатнім тэатрам “Мар’я-ўмеліца” музычна-забаўляльных прадстаўленняў. Сёлета наведвальнікі ўбачаць спектакль “Каляднае падарожжа вакол 
свету”.

 

Астравеччына / Пагуляцца з вершамі

Вучні другога класа паўдзельнічалі ў літаратурнай гадзіне Варонскай сельскай бібліятэкі Астравецкага раёна “Яе любоў і клопат — дзеці” (да 80-годдзя з дня нараджэння літаратара Ніны Галіноўскай). Кніжная паліца “Вершы, казкі, небыліцы” дапоўніла імпрэзу.

Мэта мерапрыемства — знаёмства дзяцей з беларускай паэткай, яе творчасцю, заахвочванне цікавасці да чытання вершаў на беларускай мове, выхаванне любові да роднай краіны. Бібліятэкар Марыя Вішнеўская паведаміла дзецям аб жыцці паэткі, затым пазнаёміла з яе творчасцю. Параіла яна тым, хто захоча пабываць у казачным замку ці ў звярынцы, даведацца пра камп’ютарныя сакрэты, абавязкова звярнуцца да кнігі “Калі я шчаслівы”. Парэкамендавала для знаёмства і цудоўную кнігу “Звяры ў трамваі” з вершамі, поўнымі весялосці і гарэзлівага гумару, ды з маляўнічымі ілюстрацыямі Аксаны Аракчэевай.

Ганна КЕРЭЛЬ, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі 

 

Віцебск / Гарбата з Несцеркам

Работнікі Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра запрасілі ў госці да Несцеркі дзяцей і іх бацькоў, што завіталі 22 снежня ў Віцебск з Вялікіх Лук на расійскай Пскоўшчыне.

Культработнікі арганізавалі для сяброў забаўляльную праграму, якая ўключыла сустрэчу з нацыянальнымі і казачнымі героямі — Паўлінкай і Несцеркам, Лявоніхай і Сымоніхай, Бабай Ягой, Дзедам Марозам, Снягуркай ды іншымі. Героі навагодняй праграмы правялі гульні, майстар-клас па побытавых танцах, экскурсію па выставе навагодніх і калядных сувеніраў “Зімовыя дзівосы”, а таксама пачаставалі гарбатай.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ

 

Зэльвеншчына / Ішла каза рагатая…

Ёсць у Калядах штосьці адмысловае. Мімаволі згадваюцца ўспаміны з дзяцінства: бабулін аповед пра нараджэнне Хрыста, 12 страў на стале, падарункі, гульні, абрад калядавання…

Тэрмін “Каляды” на Зэльвеншчыне аб’ядноўвае некалькі ўзаемазвязаных паняццяў: святочная дата, абрадавая страва — куцця, гурт калядоўшчыкаў, калядныя песні, пачастункі калядоўшчыкам ад гаспадароў, сена, што пасцілаюць на стол на Куццю. Можна смела казаць, што Каляды — свята моладзі, якая спрабуе вызначыць свой лёс, свята, якое перапоўнена гульнямі, звычаямі, варажбой, прыкметамі. Найбольшае пашырэнне сярод беларускага насельніцтва раёна меў абрад “ваджэнне казы”. Хлопцы бралі кажух, выварочвалі поўсцю наверх, рабілі рожкі, прывязвалі саламяны хвост. Выбіралі здольнага да танцаў жартаўніка, ён залазіў пад кажух і цягам вечара выконваў ролю “казы”. Суправаджаў “казу” другі хлопец, пераапрануты ў дзеда: яму рабілі горб, льняную бараду, апраналі драную світку, маску, у адну руку давалі кій, у другую табакерку. У кампаніі калядоўшчыкаў былі механоша, музыка, “цыган”, “мядзведзь”, “маладзіца”. Усе разам заходзілі ў двор і прасілі дазволу калядаваць.

Сучасныя калядныя гурты ўдзельнікаў калектываў аматарскай творчасці і супрацоўнікаў Князеўскага сектара па арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці традыцыйна робяць абход двароў з віншаваннямі гаспадароў, выкананнем калядных і святых песень 26 снежня, таму што асноўная частка насельніцтва зоны абслугоўвання — каталікі.

7 студзеня праходзіць калядны абрад у аграгарадках “Дзярэчын”, “Бародзічы”, “Караліно”, “Славацічы”, “Крывічы”, “Галынка”, вёсцы Чырвонае сяло, а ў аграгарадку “Кашалі” шчадруюць 13 студзеня.

Больш за дваццаць гадоў, як работнікі Раённага дома культуры адрадзілі традыцыю калядавання і ў гарадскім пасёлку Зэльва. Некалькі гуртоў, адкалядаваўшы, збіраюцца на цэнтральнай плошчы і паказваюць жыхарам і гасцям пасёлка тэатралізаваную дзею з “казой”, “цыганкай”, “мядзведзем”, з песнямі, пажаданнямі, гульнямі. Калядны абрад трывала ўвайшоў у жыццё зэльвенцаў. І нават дзеці ды падлеткі самастойна арганізуюць гурты з пераапрананнямі, ходзяць калядаваць.

Алена ЛАМЕКА, загадчык аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

 

Малдова / Беларуская фарба

Бюро міжэтнічных зносін Рэспублікі Малдова адзначыла чвэрць стагоддзя з дня стварэння ў Нацыянальным тэатры імя Міхая Емінеску.

Гэта пастаянна дзеючы орган пры Урадзе Малдовы, які ўзаемадзейнічае з нацыянальнымі меншасцямі, працуе на захаванне, развіццё і выяўленне этнічнай, культурнай, моўнай і рэлігійнай самабытнасці, супрацоўнічае з этнакультурнымі няўрадавымі арганізацыямі.

Адным з дзейсных механізмаў абароны інтарэсаў нацыянальных меншасцей з’яўляецца Каардынацыйны Савет этнакультурных арганізацый пры Бюро міжэтнічных зносін Рэспублікі Малдова, які таксама адзначыў 20-годзе з дня заснавання. У склад Савета ўваходзяць кіраўнікі акрэдытаваных грамадскіх аб’яднанняў, якіх па стане на верасень 2015 года налічвалася 93. Інтарэсы ж беларусаў, якія пражываюць на малдаўскай зямлі, прадстаўляюць два этнакультурныя аб’яднанні, і сярод іх — Беларускі культурны рух Малдовы.

Святкаванні ўгодкаў Бюро міжэтнічных зносін пачаліся яшчэ ў канцы кастрычніка фестывалем мастацтваў “Plai natal” (“Родны край”). Беларускі культурны рух Малдовы на выставе “Культурная спадчына” прэзентаваў інфармацыйны стэнд аб духоўным і творчым багацці беларускай зямлі. Дэманстравалася літаратура аб традыцыях, звычаях, гісторыі і мастацтве Беларусі, а таксама — інфармацыя турыстычнага характару. На агляд публікі былі прадстаўлены карціны, фатаграфіі і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

На юбілейным святкаванні годна прагучала беларуская мова. Паэтычна-музычная замалёўка “Мая Беларусь” беларуска-малдаўскага этнічнага тэатра “Куфар” (створаны пры Беларускім культурным руху Малдовы) складалася з паэзіі Янкі Купалы, Петруся Броўкі…

Ганна МАЗУР, старшыня праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы


Мёршчына / Два бібліятэчныя лёсы

Настасся Драба і Вольга Арцімовіч — перспектыўныя, ініцыятыўныя супрацоўнікі Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Паспелі найлепшым чынам сябе зарэкамендаваць, хоць працуюць са жніўня.

Дзяўчаты — маладыя спецыялісты, скончылі Універсітэт культуры і мастацтваў. Поўныя разваг і клопатаў пра будучыню. Абедзве — мярчанкі. Праўда, Насця з Клётавага Двара, але гэта амаль што побач з райцэнтрам. У школе яна не мела канкрэтнай мары пра пэўную прафесію. Універсітэт культуры і мастацтваў спадабаўся звонку, вось і наважылася звязаць з ім лёс. Прапанавалі інтэрнат. Вучылася дзяўчына добра: атрымлівала ад сямі балаў і вышэй. Спасцігала ж Насця спецыялізацыю абслугоўвання дзяцей і юнацтва, падбірала літаратуру, назапашвала псіхалагічныя веды. Цяпер дзяўчына працуе ў аддзеле камплектавання. Як і іншыя спецыялісты, узаемадзейнічае наўпрост з выдавецтвамі, па прапанаваных прэйскурантах выбірае выданні: і таннейшыя, і больш дарагія. Замужам, выхоўвае дачушку Ганначку.

Вольга Арцімовіч трапіла ў БДУКіМ на скарочанае чатырохгадовае навучанне. Чаму абрала такую прафесію? Заўсёды падабаліся літаратура і гісторыя. Спачатку сабралася ў магілёўскі каледж, але ўрэшце вырашыла “штурмаваць” сталічную вышэйшую ўстанову. У дадатак да бібліяграфіі мае спецыялізацыю па краязнаўстве. Цікавяць асаблівасці гербаў, мясцовыя дыялекты, супадзенне тапонімаў. Сапраўды, Гомель — і абласны цэнтр, і аграгарадок пад Полацкам, а Новы Пагост ёсць на Брэстчыне і ў нас. Падобных прыкладаў — безліч. Падчас вучобы Вольга практыкавалася ў сталічнай Прэзідэнцкай бібліятэцы. Зараз вучыцца кіраваць аўтамабілем. Пакуль не замужам, так што, хлопцы, ёсць падстава зазірнуць за кніжкай у Цэнтральную бібліятэку.

Алена БАСІКІРСКАЯ

 

Дзятлаўшчына / “Пакінь мышку! Вазьмі кніжку!”

Культурным цэнтрам аграгарадка “Дварэц” Дзятлаўскага раёна з’яўляецца наша сельская бібліятэка. У рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” яна атрымала ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” дыплом ІІІ ступені.

Адметнай з’явай у жыцці ўстановы з’яўляецца штогадовая акцыя “Кніга 103”. Яе мэта — прыцягненне новых чытачоў, папулярызацыя чытання сярод дзяцей, юнацтва і сталых людзей. У акцыі прымаюць удзел як бібліятэчныя адмыслоўцы, так і добраахвотныя памагатыя — актыўныя чытачы. Падчас акцыі жыхары вёсак знаёмяцца з выставай навінак літаратуры, могуць узяць цікавыя кнігі. Распаўсюджвалася разнастайная друкаваная прадукцыя, візітоўкі са слоганамі “Пакінь мышку! Вазьмі кніжку!”, “Ствары сваю будучыню — чытай!”, закладкі, лістоўкі з запрашэннем наведаць бібліятэку.

“Кніга павінна выйсці насустрач людзям” — такі наш дэвіз. Ля сваёй установы ладзім “бібліятэку пад парасонам”. Праводзім рэкламную акцыю “Дзень добры, будучы чытач!”.

Мерапрыемства “Лета з кнігай на палянцы” прайшло на прыродзе і прысвечана было кнігам пра лета.

Алена КАЗЛОВА, бібліятэкар ІІ катэгорыі Дварэцкай сельскай бібліятэкі

 

Ганцавічы / Дарога да храма

Супрацоўнікі Ганцавіцкай раённай дзіцячай бібліятэкі сістэмна займаюцца духоўна-эстэтычным выхаваннем юных чытачоў. Тут дзейнічае праваслаўны куток “Духоўнасць. Вера. Вечнасць”, дзе праходзяць гадзіны духоўнасці, ладзяцца сустрэчы з праваслаўнымі вернікамі і святарамі, адбываюцца прэзентацыі кніг, дэманструюцца мультымедыйныя паказы.

Частым госцем мерапрыемстваў стала кіраўнік нядзельнай школы Свята-Ціханоўскага храма Марыя Орса. Работа вядзецца і па-за сценамі ўстановы. Бібліятэка прыняла ўдзел у пасяджэнні на тэму “Князь Уладзімір. Цывілізацыйны выбар Русі” ў рамках святкавання ўгодкаў святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. У гарадскім Доме культуры збіраецца поўная зала дзятвы, каб паглядзець выступленні тэатра кнігі “Бураціна” і ўзорнага лялечнага тэатра “Усмешка”, якія працуюць пры бібліятэцы.

На пачатку снежня супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэчнай сістэмы прынялі ўдзел у Калядных чытаннях “Духоўная спадчына святога князя Уладзіміра ў перспектыве развіцця Беларусі”. На пасяджэнні дырэктар бібліятэчнай сістэмы Ала Хваль выступіла з дакладам “Праваслаўнае краязнаўства бібліятэк Ганцавіччыны як крыніца вывучэння гісторыі роднага краю”. Яна распавяла пра ўнікальныя дакументальныя матэрыялы, якія былі сабраны бібліятэкарамі раёна па гісторыі праваслаўя на Ганцавіччыне.

Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай РЦБС