Будні і будучыня кінагаліны

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

З калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: што чакае “Беларусьфільм”?
Ужо да канца бягучага года Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” мусіць прайсці новы этап аптымізацыі ў адпаведнасці з новай структурай. Гэтае і іншыя пытанні былі абмеркаваны на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры краіны “Аб ходзе рэалізацыі стратэгіі развіцця кінематаграфіі Рэспублікі Беларусь на 2015 — 2020 гады”. Яно адбылося 17 снежня, акурат у Дзень беларускага кіно.

Кінастудыя

Сёлета аб’ём мэтавых сродкаў, вылучаных з рэспубліканскага бюджэту на кінавытворчасць, склаў 47,3 мільярда рублёў. “Гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што дзяржаўная падтрымка айчыннай кінавытворчасці забяспечваецца”, — адзначыла ў асноўным дакладзе першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга. Тым не менш, пытанняў, якія патрабуюць вырашэння, у рэалізацыі стратэгіі развіцця кінематаграфіі дастаткова.

У першую чаргу, была агучана праблема стратнасці Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Так, чыстая страта за студзень — кастрычнік гэтага года склала 16,1 мільярда рублёў, што ў два разы перавышае запланаваны паказчык. Прадпрыемства не мае свайго творчага аблічча і пазнавальнага брэнда, адсутнічае дакладная сцэнарная палітыка — усе прагалы называліся наўпрост.

Вядома, што нерэнтабельнасць кінастудыі ў пэўнай ступені абумоўлена яе “падвешаным станам” — рэканструкцыя і мадэрнізацыя будынкаў установы працягваецца да гэтай пары. Тым не менш, шмат у чым сітуацыя, якая склалася, стала вынікам і неэфектыўнай працы па рэалізацыі прадукцыі “Беларусьфільма”. “Увогуле, самім настроем студыі, дзе па-ранейшаму, у асноўным, ідзе разлік на атрыманне дзяржаўных сродкаў,  — падкрэсліла Ірына Дрыга. — Акрамя таго, не завершана праца і па аптымізацыі структуры штатнай колькасці, што прыводзіць, на жаль, да дастаткова высокай вагі агульнастудыйных выдаткаў”.

У сваім дакладзе генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Ігар Поршнеў згадаў дадатковыя абставіны, якія ўскладнілі працу ўстановы толькі за нядаўні перыяд. Да прыкладу, далучэнне былога прадпрыемства “Аўтабаза Мінкультуры” да кінастудыі запатрабавала дадатковых высілкаў...

...У прыватнасці, “Беларусьфільму” давялося разлічвацца па абавязацельствах, якія перайшлі да ўстановы пасля далучэння “Аўтабазы…”, а гэта больш за 5 мільярдаў рублёў крэдытнай запазычанасці. “3,6 мільярда з іх ужо ўдалося пагасіць”, — паведаміў Ігар Поршнеў. Таксама дырэктар студыі пералічыў прынятыя ўжо меры па эканоміі гаспадарчых выдаткаў “Беларусьфільма” — да прыкладу, пры мантажы вадамерных вузлоў. Гэты захад дазволіў істотна скараціць выдаткі на ваду — са 120 да 14 мільёнаў рублёў за месяц.

Тым не менш, тыя меры — толькі пачатак зменаў. Так, запланавана распрацоўка новай структуры кінастудыі і адпаведная з ёй істотная аптымізацыя штатаў: з больш як 500 да 350 чалавек. Гэтаксама прадугледжваецца зніжэнне выдаткаў на аплату прастою персанала студыі, аптымізацыя сродкаў на адміністратыўна-гаспадарчыя патрэбы. Ужо да 1 лютага наступнага года на кінастудыі мусіць быць сфарміраваны сцэнарны партфель для ўдзелу ў рэспубліканскіх конкурсах, а ў найбліжэйшы час — распрацаваны план мерапрыемстваў па павелічэнні аб’ёму рэалізацыі маёмасных правоў на паказы фільмаў.

Заканадаўства

Іншая сфера праблем, якой надала ўвагу ў дакладзе першы намеснік міністра культуры, тычыцца заканадаўства. Так, практыка выкарыстання Указа Прэзідэнта краіны “Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі” выявіла шэраг праблем у частцы аказання падтрымкі кінавытворчасці на конкурснай аснове. У прыватнасці, не была ў дакуменце пазначана адказнасць кампаній за парушэнне дамоўных абавязацельстваў, прававая абароненасць айчынных кінематаграфістаў, грамадзян краіны.

У мэтах выпраўлення названых пунктаў адпаведныя палажэнні мусіць займець праект Указа Прэзідэнта “Аб некаторых пытаннях вытворчасці фільмаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Так, для кінакампаній прадугледжваецца ўвядзенне практыкі выдачы пасведчанняў на права вытворчасці фільмаў. “Гэта мера ніякай цэнзуры не стварае, — падкрэсліла Ірына Дрыга, — яна проста дазволіць зрабіць празрыстай сітуацыю з тым, хто і што ў нас робіць”. Акрамя таго, дадзены Указ будзе патрабаваць абавязковага заключэння адпаведных дамоў з грамадзянамі краіны ў пісьмовай форме.

Таксама першы намеснік міністра культуры агучыла яшчэ адно ўдакладненне: “У мэтах забеспячэння мэтанакіраванай падтрымкі беларускіх вытворцаў прапаноўваецца пераход да дадатковага фінансавання вытворчасці фільма на аснове гранта”. Згаданая прапанова мае на ўвазе фінансаванне вытворчасці фільмаў не толькі па выніках рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў на прадастаўленне грантаў, але і без яго. Праўда, у гэтым выпадку гранты на вытворчасць вылучаюцца фільмам у неігравой і анімацыйнай формах, кіналетапісу да 13 хвілін хронаметражам уключна.

Указ прадугледзіць больш жорсткія патрабаванні да тых кінавытворчых арганізацый, што будуць удзельнічаць у конкурсе, узмацняцца патрабаванні кантролю за мэтавым выкарыстаннем сродкаў, распрацоўваецца і механізм канфіскацыі матэрыялу ў выпадку невыканання ўмоваў дамовы.

Для даведкі можна агучыць такія лічбы: па стане на 30 лістапада гэтага года ў адпаведнасці з заключанымі дамовамі недзяржаўным арганізацыям кінематаграфіі было пералічана 6,9 мільярда рублёў. Вярнулася на рахунак Міністэрства культуры 429,9 мільёна рублёў (333,1 мільёна з іх — ад кінапракату фільма “Мы, браты…” , што складае 1,6 % ад укладзеных дзяржавай сродкаў. Па астатніх фільмах, створаных гэтымі арганізацыямі з дзяржпадтрымкай, паказчык вагаецца ад 0,2 да 2,5 %).

Кінапракат

Ёсць свае праблемы і ў рэспубліканскай сістэме кінапракату. Нягледзячы на тое, што ў дзяржаўнай кінасетцы дзейнічаюць 97 стацыянарных кінатэатраў, абсталяванне для лічбавага паказу ўсталявана ў 63 кінатэатрах і 1 раённым доме культуры, наведвальнасць кінасеансаў у краіне мае тэндэнцыю да зніжэння. З прычын — невысокі камерцыйны патэнцыял рэпертуара, зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва, пралікі ў арганізацыі інфармацыйна-рэкламнай працы.

У той жа час генеральны дырэктар “Гомельскага кінавідэапракату” Аляксандр Лаўрыненка звярнуўся да спецыялістаў з просьбай папярэдняга інфармавання аб выхадзе беларускіх фільмаў. Веданне дакладных дат прэм’ер дазволіла б выбудаваць аптымальную стратэгію прасоўвання айчыннага кінапрадукту. Па-другое, кінапракатчык агучыў і такую праблему, як пытанне кіназабеспячэння — калі дыстрыб’ютарскія арганізацыі адмаўляюцца даваць фільмы ў малыя раёны, аддаючы перавагу абласным цэнтрам.

Кінакадры

Яшчэ адно важнае звяно кінагаліны — падрыхтоўка кадраў. Сёлета па спецыяльнасці “Рэжысура кіно і тэлебачання” Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў выпусціла 65 чалавек. Увогуле, на факультэце экранных мастацтваў на дзённай форме сёлета навучаецца 170 студэнтаў. Тым не менш, далёка не ўсім выпускнікам ВНУ ўдаецца знайсці працу па спецыяльнасці. Адно з рашэнняў калегіі — размяшчэнне філіяла кафедры кінатэлеаператарства і кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання на кінастудыі “Беларусьфільм”. Да лютага наступнага года гэта ініцыятыва павінна быць увасоблена ў пэўныя прапановы.

Акцёрскае пытанне

Заўвага старшыні Беларускай гільдыі акцёраў Святланы Сухавей тычылася страты акцёрскага аддзела і, разам з ім, моцнай базы імёнаў на кінастудыі “Беларусьфільм”. Выступоўца прапанавала аднавіць ці знайсці паўнавартасную замену важнай структуры.

На дадзены момант кінастудыяй “Беларусьфільм” за 2015 год зроблена: 3 ігравыя стужкі, 8 — анімацыйных, 26 — неігравых, 5 летапісных сюжэтаў. Працягваецца вытворчасць 2 мастацкіх фільмаў, дзясятка анімацыйных і чатырох дакументальных.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"