Ключы ад брамы

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Антон СІДАРЭНКА, кінакрытык
У фільме-пераможцы Нацыянальнага конкурсу ігравога кіно Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад-2015” маладога рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага “Беларускі псіхапат” ёсць наступная сцэна. Маладыя людзі спрабуюць патрапіць на лецішча, але аказваецца, што ў іх няма ключа ад брамы. І тады тры хлопцы і тры дзяўчыны, асабліва не пераймаючыся, пералазяць цераз нечаканую перашкоду. Гучыць рэпліка, накіраваная да спадарожніка, меркаванага гаспадара: “Ну а дача хоць твая?..”

/i/content/pi/cult/566/12424/5-4.jpgНамаганні маладога “незалежнага” беларускага кіно патрапіць у вялікі кінасвет выглядаюць прыкладна гэтак жа. З аднаго боку, дзёрзка і адважна, у адпаведнасці з нашым энергічным часам, з іншага — недарэчна і камічна. Бо пакуль “незалежная” моладзь пагражае здзівіць белы свет “безбюджэтным” кіно, у сталічных мультыплексах праходзяць прэм’еры блокбастараў з шматмільённымі бюджэтамі, чые ўзроўні нашы фільмэйкеры апрыёры дасягнуць не ў стане. Але многія беларускія аўтары, якіх і маладымі ўжо назваць можна з нацяжкай, хутчэй, пачаткоўцамі, мабыць, пакуль не зусім разумеюць, што за свет ляжыць за жаданай “брамай”, якую яны імкнуцца пераадолець.

Творчасць заўсёды была спосабам самарэфлексіі чалавека, сродкам яго мастацкага самавыяўлення. Але ў кіно ёсць асаблівасць: яно не можа існаваць у адрыве ад індустрыі. Бядой сучаснага беларускага кіно якраз і з’яўляецца адставанне мясцовай індустрыі ад сусветнага стандарту. На стварэнне не самых складаных тэлесерыялаў наша база яшчэ здольная, але на нешта больш маштабнае ўласных рэсурсаў ужо не стае. Прычым, справа не толькі ў фінансах. Адметная асаблівасць сучаснай кінаіндустрыі — яе “чалавекаёмістасць”. Тэхніка становіцца ўсё больш даступнай, а добрых, усебакова адукаваных прафесіяналаў кіно не дадаецца. Хутчэй, наадварот.

Беларускія “незалежныя”, некаторыя з якіх так прашумелі на апошнім "Лістападзе", пакуль што балансуюць на мяжы прафесіяналізму. Кінамастацтва якраз такая сфера, у якой аднаго таленту відавочна недастаткова. Уласна, што і паказваюць фільмы, некаторыя з якіх збіраюць поўныя залы публікі, узбуджанай з’явай пад маркай “нацыянальнага”. Калі з візуальным шэрагам у “незалежных” не так і блага — відавочны плён ад даступнасці высокаякасных лічбавых камер, дык з драматургіяй, акцёрскай гульнёй усё няпроста. Чакаць іншага ад самавукаў або выпускнікоў самадзейных кінашкол і не даводзіцца. Сумна, калі ў стылістыцы аматарскага кіно пачынаюць працаваць дасведчаныя аўтары, якія раней супрацоўнічалі з буйнымі студыямі.

Што да дэбютантаў, галоўнае, каб яны самі ўсведамлялі неабходнасць пераходу на якасна іншы ўзровень і не супакойваліся пад апладысменты напоўненых сваякамі ды сябрамі членаў здымачных груп залаў. Магчыма, не ўсім з іх варта імкнуцца абавязкова здымаць аўтарскае кіно. Урэшце, свет клінам не сышоўся на кіно haute couture, можна з поспехам працаваць і ў жанравым кірунку. Але ісці ў прагрэсіўныя навучальныя установы або непасрэдна на здымачныя пляцоўкі да вопытных майстроў нашым “незалежным” і “безбюджэтным” трэба абавязкова. Зразумела, большасць з іх марыць аб чырвоных дарожках найпрэстыжных фестываляў. Аднак, вопыт паказвае, што поспех выбірае не проста годных, але і тых, хто ўмее змяняцца да лепшага.

І вяртаючыся да пачатковага эпізоду брамы ад лецішча — адна з актрыс браму пераадолець так і не здолела. Рэжысёру давялося зрабіць у гэтым месцы мантажны стык. Кіно — мастацтва магчымага.

Фота Аліны САЎЧАНКА