Імправізаваныя інтэрмедыі

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Колькі вясёлых і часцяком павучальных баек можна пачуць у акцёрскіх грымёрках! Бывае, што нешта незвычайнае заўважае з залы і глядач, але, не ведаючы дакладна тэксту п’есы і задумы рэжысёра, думае, што, так і павінна быць. I гэткае — на сцэнах усіх краін, бо гарэзліваму акцёрскаму люду надакучае паўтараць штовечар адно і тое ж — вось і забаўляюцца. У час, калі адзначаем Міжнародны дзень тэатра, чаму б і не ўзгадаць вясёлыя выпадкі на сцэнах і манежах, некаторыя “выбрыкі” нашых акцёраў?

 /i/content/pi/cult/155/1242/Impravizavanyja.jpg

ПАТРЭБА ТАЯМНІЧАГА ПЕРСАНАЖА
На Купалаўскай сцэне Юрый Галкін таленавіта сыграў маладога Леніна ў п’есе “Сям’я”, адразу зрабіўшыся папулярным. Ужо паважліва ставіліся да яго і дзеячы з Міністэрства культуры: як жа — увасобіў правадыра! Але па натуры быў ён майстрам вясёлых розыгрышаў. Вось адзін з іх.
Ранняй вясной стаіць артыст у роздуме над кустамі з... чырвонымі памідорамі. Ідзе поруч сусед па дачы.
— Добры дзень.
— Добры дзень. Чым засмучаны, Юра?
— Ды вось гляджу і думаю: зрываць памідоры ці хай яшчэ даспеюць?
— Як... зрываць?! Яны ж зялёныя!
— Гэта — у цябе. А ў мяне — глядзі!
I бачыць сусед пунсовую гародніну.
— Дык як параіш: зрываць ці пачакаць?
Пайшоў чалавек у захапленні і зайздрасці: не ведаў дзівак, што Юра не паленаваўся пафарбаваць свае памідоры чырвонай акварэлькай.
А вось другі. Неяк, набраўшы ў касцюмернай тэатра капелюшоў розных эпох, круціўся ён на сваім “Масквічы” (набыў з прэміі за ролю Ільіча) міма міліцыянера па Круглай плошчы і надзяваў пры кожным праездзе новы капялюш, ажно пакуль ахоўнік руху не стаў сачыць ужо толькі за ім і ледзь не з’ехаў з глузду.
А за кулісамі ў купалаўцаў часцей узгадваюць яго вытанчаны сцэнічны выбрык, сапраўды незабыўны.
Ішла нейкая невыразная, але “патрэбная” савецкая п’еса — твор “сацрэалізму”. На сцэне — пасяджэнне, вытворчыя размовы, працэнты, паказчыкі — нудоцце, словам. Раптам выходзіць і падсаджваецца да “заседацеляў” Юрый — а ў гэтым спектаклі ён не быў заняты. Сеў, разгарнуў газетку, чытае. Сядзіць ціхенька хвіліну, другую, трэцюю; артысты “таўкуць ваду ў ступе” — усё па тэксце.
Раптам Юрый неяк пакутліва зморшчыўся, схапіўся за жывот і сігануў за кулісы. Пасяджэнне працягвалася... Неўзабаве нетаропка, з усмешкай шчасця, з’яўляецца ён, садзіцца ўсё гэтак жа моўчкі на вольнае месца, разгортвае газету, а ў ёй... не хапае кавалка!
Вось так артыст моўчкі, не парушаючы тэксту, адначасова й аздобіў і ацаніў драматургію п’есы. Такое не забудзецца!

“КОНЬ У ПАЛІТО”
Ці часта можна пачуць ад оперных спевакоў, што менавіта сёння голас у яго гучыць, як ніколі? Не, у іх заўсёды то “ад туману ў горле пяршыць”, то “атмасферны ціск перашкаджае ўзяць высокую ноту”, то яшчэ нейкі адмоўны фактар. Барытон Васіль Ганчарэнка не быў выключэннем: кожны дзень цікава было чуць новую прычыну, чаму і сёння ў яго “не гучыць”.
На гастролях па Сібіры штодня ў канцэрце ён спяваў раманс на тэкст Сыракомлі “Когда я на почте служил ямщиком”. I кожны раз пры словах “...споткнулся вдруг, замер, застыл добрый конь — и под ноги смотрит пугливо” ён вельмі павольна й выразна апускаў галаву і рабіў доўгую паўзу, быццам разглядваючы нешта пад нагамі на падлозе. Музыканты аркестра заўсёды пасмейваліся ў гэтым месцы над “вобразным рашэннем” артыста. Не вытрымалі неяк і аднойчы кажуць яму:
— Вася, ты ж спяваеш ад імя ямшчыка, а пад ногі глядзіць спалохана — конь. Чаго ты талопішся ў падлогу? Ты ж не конь!
Спявак не спрачаўся. Але так даражыў сваёй творчай знаходкай, лічыў яе такой удалай, што й надалей у гэтым месцы раманса заміраў і павольна й выразна апускаў панурую галаву — іграў “за каня”.

ЖЭСТ У БОК
Так, цяжка артысту адмаўляцца ад таго, што, як гаворыцца, “зарэпеціравана”.
Прыехаў у наш цырк у часы СССР атракцыён “Сланы і танцоўшчыцы”. У якасці галоўнага рэжысёра рыхтуюся ставіць парад-пралог. А тут кіраўнік атракцыёна Анатоль Карнілаў кажа: “А ў нас гатовы ёсць — нам у Ялце паставілі. Паглядзіце”. Гляджу: урачыста, яскрава ўсё, па-цыркавому; ухваляю, але раблю адну маленечкую заўвагу:
— У вас выязджае ў манеж чырвоны вершнік. А вядучы са словамі “И родина наша становится краше...” робіць жэст рукой якраз у азадак каня. Выпускайце вершніка трыма секундамі пазней, пасля гэтых слоў. А так — усё добра, вечарам іграем.
I “праганялі” праграму далей. Але ўвечары перад самай прэм’ерай у кабінет да мяне прыйшоў усхваляваны Карнілаў і сказаў:
— Вершнік не можа выязджаць пазней.
— Чаму? Што за складанасць?! Каб на патэтычных узнёслых словах не ўказваць каню на хвост, яму адно трэба пазней...
— Нельга, — уздыхнуў артыст. — Нам так у Ялце паставілі, і там мы так ігралі.
Канешне, аргумент — неадхільны.
Парад-пралог быў уражлівы, а гледачы хутчэй за ўсё ў прадчуванні свята на манежы проста не заўважалі таго жэсту.

ПАЧНЁМ... З АНТРАКТУ
Аднойчы ж гледачы не маглі не заўважыць таго, што адбылося на манежы, ды прынялі ўбачанае за ўступную клаунаду — цырк жа!
Трэба пачынаць прадстаўленне, а тут нечакана высветлілася: вядучы — шпрэхшталмайстар — п’яны “ў дупель”, а без яго выхаду няма пачатку, парушаецца пабудова праграмы ў аркестры, бо ў дырыжора ўсе ўступленні і пераходы — па рэпліках вядучага!
I пад халодны душ падстаўлялі артыста, і лекар нашатыр яму пад нос падсоўваў — безвынікова. Урэшце раскатурхалі, нацягнулі на яго фрак, прытушылі ў зале святло, далі сігнал аркестру, адгучала ўверцюра, дырыжор у чаканні вядучага узняў палачку, доўгая паўза...
Уніфармісты, падтрымліваючы вядучага з двух бакоў, вывелі яго на сярэдзіну манежа, асцярожна адпусцілі, далі ў руку мікрафон.
Артыст, здавалася, апрытомнеў урэшце: велічным позіркам агледзеў паўнюткую залу, паднёс да вуснаў мікрафон... Ізноў напружаная паўза...
I добра пастаўленым голасам гучна аб’явіў:
— Ан-тракт! — І мерцвяком паваліўся на манеж у апілкі.
Акорд аркестра.

ДЗЕЯ — ДАКЛАДНА ПА ТЭКСЦЕ ШЭКСПІРА
Ён ставіў спектаклі па ўсім СССР; між іншым, і ў лепшых тэатрах Ленінграда, і на Малой Броннай, і ў Мінску, у Рускім тэатры. Але пачынаў вучыцца рэжысуры Арсеній Сагальчык у нашым Тэатральна-мастацкім інстытуце.
Урачысты дзень: два рэжысёрскія курсы бяруцца за распрацоўку пастановачнага праекта “Гамлета”! Запрошаны і ўсе жадаючыя з акцёрскага факультэта. У вокны свеціць асляпляльнае сонца. Андрэй Андрэевіч Яфрэмаў, майстар рэжысуры, з’яўляецца ў святочным настроі, вітаецца з ўсмешкай, сядае; запанавала цішыня — усе адчуваюць урачыстасць падзеі. Ён нетаропка разгортвае тоўсты том, аглядвае прыціхлую аўдыторыю і абвяшчае:
— Уільям Шэкспір. “Гамлет”. — І добра пастаўленым голасам пачынае чытаць бессмяротны тэкст.
Слухаем уважліва, адчуваючы значнасць і адказнасць будучай працы — магчыма, нашага агульнага дыпломнага спектакля.
Майстар чытае першую карціну, другую, трэцюю. I вось сцэна, калі з’яўляецца цень забітага бацькі, прывід:
“Горацио: Принц, смотрите: вот он!
Входит призрак... “
I якраз на гэтай рэпліцы за спіной майстра ціхенька прачыняюцца дзверы і паказваецца... Сагальчык! Як зазвычай, спазніўся на заняткі.
“Гамлет: Блаженный ты или проклятый дух?
Злых или добрых умыслов исполнен?..”
Арсеній крадзецца ўздоўж сцяны, каб небыць заўважаным выкладчыкам.
“... зачем гробница тебя извергла?
И ты, бездушный труп, вступаешь вновь?”
Рухі Сагальчыка, які імкнецца ступаць, не робячы шуму, настолькі дакладна кладуцца на шэкспіраўскі тэкст, што атрымліваецца камічны эфект!
“... Так жутко потрясаешь наше естество —
Скажи: зачем? К чему? И что нам делать?..”
Аўдыторыя кісне ад смеху, ледзь стрымліваецца.
А майстар надае голасу драматызм:
“Марцелл: Смотрите, как учтиво Призрак
Вас зовёт пооддаль отойти;
Но вы с ним не идите, принц!..”
Сагальчык не чуе чытання — адна ў яго мэта: незаўважна дабрацца да студэнтаў і “згубіцца” там.
Майстар чытае за ўсіх персанажаў натхнёна і выразна:
“Гамлет: Меня он снова манит; я иду!
Марцелл: Идём за принцем — ведь нельзя оставить так.
Горацио: Идём...”
Майстар урэшце нешта адчуў і на рэпліцы Гарацыё “Чем может кончиться всё это?” азірнуўся.
Арсеній, як у гульні “Замры”, застыў: стаіць з паднятай для наступнага кроку нагой.
Аўдыторыя не вытрымала: выбухнула рогатам.
Майстар моцна пляснуў вокладкамі тома і выйшаў з аўдыторыі...
Прабачце, Андрэй Андрэевіч.

ДЗЕ НА ЛІНКОРЫ ХАВАЕЦЦА ВІСЕЛЬНІК?
Пра спектакль “Аптымістычная трагедыя” ў Рускім тэатры “К” ужо пісала ў сувязі з розыгрышам: цяжкія дзверцы ад гарматнай вежы лінкора, што не была выкарыстана ў спектаклі, бутафоры ноччу прыцягнулі ў дом мастака і прывалілі да ўвахода ў яго кватэру так, што той не даў рады самастойна выбрацца на генеральную рэпетыцыю, выклікаў па тэлефоне тых жа бутафораў, якія “вызвалілі” майстра — за пачастунак, вядома ж.
Звязана з тым высокапатрыятычным спектаклем яшчэ адна “інтэрмедыя”.
Па ходзе дзеі матросік шукае некага з герояў па ўсім караблі, заглядвае ў дзверцы, люкі, трумы з прыгаворкай: “I тут яго няма... I тут няма...” Доўгі час спектакль ішоў роўна, як раптам... Прачыніўшы адзін з люкаў, матросік убачыў... вісельніка: з пятлёй на шыі, з вываленым языком, з сінюшным тварам. Працягваць іграць далей ён ад нечаканага жаху і смеху не здолеў — збег са сцэны! Партнёры праводзілі яго недаўменна і дайгралі спектакль.
На наступным спектаклі сінетвары вісельнік з высунутым языком паўстаў перад матросікам за дзверцамі гарматнай вежы, трэці раз — у каюце, — і зноў артыст спалохана ўцякаў за кулісы.
Дырэктар тэатра пачаў было разборку: што за артыст “іграе” вісельніка?! Але хто ж прызнаецца ці выдасць!
А выканаўца ролі матросіка яшчэ доўгі час заглядваў у люкі і каюты насцярожана: спачатку крыху прачыніць, зазірне асцярожна, а ўжо потым задаволена канстатуе: “I тут няма... І тут няма...”
Глядач успрымаў гэта як натуральнае: як жа, патрэбна рэвалюцыйная пільнасць — а што, калі ў нейкім люку раптам хаваецца якая “контра”?!

ТВОРЧАСЦЬ ЯК ВЫБЫТАК, або БЯСПЛАТНЫ КАНЦЭРТ
А вось выпадак, пра які ўзгадвалі некалькі аўтарытэтных відавочцаў. Лета, Сочы, санаторый “Беларусь”. Вясёлыя сябрукі, зоркі нашай оперы Зіновій Бабій (тэнар) і Віктар Чарнабаеў (бас), недзе частаваліся ўсю ноч, а на світанку прыпляліся ўрэшце да санаторнага корпуса. I так іх літаральна распірала падзяліцца сваім узнёслым настроем, што яны сталі перад фасадам і запелі на два галасы вядомы раманс Вельбоа для тэнара і баса “Нелюдимо наше море...”. Усе вокны санаторнага корпуса былі, вядома ж, расчынены, і простыя і “вяльможныя” адпачыванцы прачнуліся і бясплатна праслухалі рэпертуар славутых нашых артыстаў, за што ў Мінску, на канцэрце, прыйшлося б траціцца на квіток.

ПЫТАННЕ РУБАМ
Гэта адбылося не ў Мінску, але распавёў пра выпадак вядомы беларускі рэжысёр, які быў сведкам.
У нейкім тэатры Паўночнага Каўказа ідзе спектакль пра Леніна. Крупская звяртаецца да яго: “Валодзечка, тут да цябе людзі прыйшлі”.
“Потым, Надзечка. Я зараз заняты”, — адказвае правадыр, і дзея рушыць далей. Праз некаторы час сітуацыя і рэплікі п’есы паўтараюцца. Калі ж правадыр — па сюжэце — адказаў так і трэці раз, не вытрымаў нейкі глядач: ускочыў і з каўказскім тэмпераментам крыкнуў:
— Слухай, э! Да цябе людзі ў госці прыйшлі, а ты ўсё: “Заняты, заняты!”
Тут не вытрымаў выканаўца галоўнае ролі: выйшаў на авансцэну і таксама тэмпераментна кінуў гледачу:
— Скажы, э: хто тут Ленін — ты ці я?!
I працягваў далей па тэксце. 

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр