Камернасць паводле барока

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Імпрэза “Barocco v.2.0”, якая не так даўно прайшла ў мінскай канцэртнай зале “Верхні горад”, была не столькі смелай і гучнай, колькі… проста нечаканай. Замест “лікбеза” альбо, наадварот, “радыкальнага пераасэнсавання”, публіка атрымала душэўную гутарку, якая арганічна спалучыла арыі Гендэля, флейтавыя і фартэпіянныя фантазіі Тэлемана і Персэла, вытанчаную паэзію ды проста словы… Аўтарка праекта, оперная спявачка і выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вольга ПЕТРУСЕНКА, пераканана ў тым, што добра падзабыты матэрыял ні ў якім разе не страціў сваёй актуальнасці ў наш, здавалася б, зусім не барочны век.

/i/content/pi/cult/566/12413/9-2.jpg

Юлія Шавель, Глеб Якушаў і Вольга Петрусенка.

— Ці можна апісаць ідэю імпрэзы літаральна ў двух словах?

— Гэта памкненне адлюстраваць у літаратуры і музыцы сапраўднага чалавека — ідэальную асобу, якая прайшла праз усе нягоды і ўдары лёсу, але засталася вернай сваім перакананням. Мне пашчасціла знайсці аднадумцаў — гэта гісторык, краязнаўца і цудоўны апавядальнік Іван Сацукевіч, выкшталцоная піяністка Юлія Шавель і флейтыст Глеб Якушаў.

— Барока ўспрымаецца намі як музейны экспанат. Няўжо гэта музыка можа быць актуальнай для цяперашняга чалавека?

— Праблема не ў самой музыцы барока, але, перадусім, у перадузятым да яе стаўленні — як да культуры звышкуртуазнай ды насычанай забаронамі і ўмоўнасцямі. І такі стэрэатып моцна даецца ў знакі. Якія асацыяцыі выклікае ў нас еўрапейская культура XVIII стагоддзя? Ну, скажам, нейкія шыкоўныя інтэр’еры, якія і сёння прывабліваюць тых, хто хоча адчуць сябе багатым. Вядома, архітэктура  — у тым ліку і некалькі мінскіх храмаў…

— А як жа Бах?

— Гэта кампазітар складаны і бадай “матэматычны”, які атрымаў сапраўднае прызнанне праз шмат гадоў пасля сваёй смерці. А ў ягоны час “на вяршыні” былі зусім іншыя постаці — Гендэль, Персэл, Тэлеман, якія працавалі пераважна ў свецкіх жанрах, выяўляючы тую пранізлівую пачуццёвасць, што ўвайшла ў моду яшчэ ў эпоху Рэнесансу. Увогуле, музыка барока куды больш шчырая, чым літаратура альбо жывапіс той эпохі. Мяркую, у гэтым яна не саступае, скажам, японскаму танцу бута або іншым праявам сучаснага мастацтва — хаця пры гэтым куды далікатнейшая ў дачыненні да слухача.

— А чаму “v.2.0”?

— Музыка барока аддалена ад нас і па часе, і па эстэтычнай атрыбутыцы. Я імкнулася падаць яе без наслаенняў з гістарычных рэканструкцый альбо асабістых інтэрпрэтацый. І першага і другога ўжо было дастаткова. Рэканструкцыя — для дэманстрацыі эстэцтва, інтэрпрэтацыя — для сублімавання ўласнага эга. А мой падыход — як у японскім мастацтве: сабі-вабі-сібуй-юбен. То бок максімальна блізка да тэкста, музычнага альбо літаратурнага, нічога лішняга альбо знарочыстага. Тым больш, барочная музыка здатная гаварыць сама за сябе. Яна развіваецца планамерна, структуравана, быццам фрактал… Таму ў працэсе рэпетыцый у нас склаўся адзінадушны падыход: мы не хацелі лекцый, не тлумачылі і не разжоўвалі… Тэкставыя ўстаўкі, якія зачытвае Іван — збольшага такія самыя помнікі гісторыі і культуры, як і сама музыка. Сапраўднае мастацтва цудоўна ўспрымаецца і інтуітыўна — проста, людзі ўжо сталі забываць, як гэта наогул бывае…

— Вакальная частка канцэрта прадстаўлена арыямі галоўнага героя гендэлеўскай оперы “Радаміст”. Чым абумоўлены гэты выбар?

— Тут некалькі прычын. Па-першае, менавіта з “Радаміста” пачалося маё знаёмства з геніяльнай опернай творчасцю Гендэля, які выклікае пашану і захапленне сваім разуменнем глыбіняў чалавечай душы ды ўменнем дакладна і далікатна перадаць яе таямніцы. Другі аспект — мая цікавасць да пытанняў псіхалогіі полаў: партыя Радаміста — мужчынская, а голас — жаночы, бо, як тады часта практыкавалася, арыі напісаны спецыяльна для кастрата. Адпаведна, узнікла пытанне: як з гэтым справіцца, не выклікаўшы ў публікі кагнітыўнага дысанансу?

— Здаецца, гэта вам удалося, але… раскрываць таямніцу не будзем. Тым больш, здзіўлення гледачоў усё адно не ўдалося пазбегнуць. Досыць частыя водгукі — “нечакана і незвычайна”.

— Думаю, гэта камплімент. Мяне засмучае пэўная буржуазнасць чалавечай рэфлексіі, схільнасць да дыскрэтнага светаўспрымання, адчужэнне мысленчага працэсу ад эмоцый. Мы альбо адчуваем, альбо ведаем. Глядач шукае выразнасці і вызначанасці, але ў жыцці гэта забівае пачуццё, робіць яго мёртвым ды фальшывым. Таму я люблю рабіць пакручастыя павароты і задзейнічаць непрамыя аналогіі. Не хачу, каб мая работа класіфікавалася і адкладалася на палічку ў чалавечай памяці як “зразуметае”. Калі ў чалавека ў зале ўзнікае пытанне і ён пачынае шукаць адказ — падчас імпрэзы альбо самастойна — значыць, я дасягнула сваёй мэты.

— Нават у тым выпадку, калі мы гаворым пра культуру мінулых стагоддзяў — здавалася б, ужо пройдзены ўрок?

— Чаму і кім пройдзены? Так, мы ведаем, што такое гонар, любоў, сяброўства, але гэтае абагульненае веданне ніяк не замяняе саміх пачуццяў — іх трэба спазнаць самому. Альбо хаця б у працэсе суперажывання выдуманаму герою. У культуры існуюць вечныя “платанічныя” велічыні, і ўсе вялікія мастакі ўсіх часоў і народаў правяраюць іх на трываласць. Мы ў ХХІ стагоддзі гэтаксама як Гендэль у XVIII-м задаемся пытаннем — на што здатны чалавек з тымі або іншымі перакананнямі ў тых ці іншых абставінах?

— А ці не бянтэжыць вас, што такія глабальныя задачы мала спалучаюцца з камерным характарам вашых імпрэзаў?

— Упэўнена, попыт на матэрыял такой чысціні і пранізлівай шчырасці ў наш век папраўдзе вялізны. Можна было б і стадыёны збіраць, але, на жаль, такая пляцоўка не падыдзе нам па фармаце (Усміхаецца). А насамрэч, камернасць зносінаў з публікай мне вельмі падабаецца. Гэта магчымасць хаця б умоўна нівеляваць мяжу паміж выступоўцамі і гледачамі. Вельмі радуе, калі ты можаш бачыць са сцэны твары людзей і адчуваць, што музычная дзея вас аб’ядноўвае.

Гутарыў Міхаіл НАВАСЁЛАЎ