Асацыяцыі і кантрасты “Берага”

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Пра сваю карціну — мастак Іван Кліменка
Што ёсць мастак — зразумела кожнаму: той, хто малюе карціны, лепіць скульптуры, можа класна рэзаць гравюры і афармляць ілюстрацыямі кнігі, ткаць габелены, рысаваць плакаты, ствараць дэкарацыі і касцюмы для кіно і тэатра, упрыгожваць інтэр’еры і экстэр’еры будынкаў манументальнымі мазаікамі, вітражамі, фрэскамі і гэтак далей. Але глядач бачыць толькі вынік такой працы: на выстаўцы ці ў пастаяннай экспазіцыі музея, у прасторы горада ці ў грамадскім будынку, у тэатральнай зале або на кінаэкране.

/i/content/pi/cult/566/12411/9-1.jpgАле мала хто ведае насамрэч, як мастак прыйшоў да таго ці іншага выніку, ствараючы сваю работу. Як, якім чынам у яго нарадзілася думка, ідэя, скажам, карціны? Чаму ён выбраў менавіта такую, а не іншую кампазіцыю, пластычную структуру, “колерамузыку”, вобразную сістэму? І наогул: што ён хацеў сказаць свету сваім творам? І ці заўсёды працэс работы над палатном ішоў так, як было задумана ў галаве? Ці з’яўляліся нечаканыя перашкоды і замінкі ў рэалізацыі першапачатковай задумы? І нарэшце: з якім пачуццём аўтар пасля заканчэння “праведнай працы” ставіць на палатне свой подпіс-аўтограф?

Мне здаецца, тэма вельмі прывабная для чытачоў, гледачоў і наогул “аматараў прыгожага”. Асабіста для мяне заўсёды было цікава спазнаваць, як нараджаліся і станавіліся “дарослымі” і шэдэўры сусветнага выяўленчага мастацтва, і творы маіх сучаснікаў; як лёс клапаціўся пра гэтыя рэчы пасля таго, як яны, карціны, пакідалі сцены майстэрні і выходзілі ў вялікі свет, часам не ведаючы, што іх чакае ў агляднай і неагляднай будучыні…

І вось рэдакцыя “К” вырашыла правесці эксперымент: папрасіць шэраг мастакоў паспрабаваць коратка расказаць менавіта пра тое, як яны — ці то ў пакутах, ці то ў радасцях — стваралі свае творы. Першым на наш запыт адгукнуўся вядомы жывапісец Іван Кліменка. Для свайго расповеду ён выбраў карціну “Бераг”, напісаную ім яшчэ ў 1999 годзе (у дадзеным кантэксце праекта дата заканчэння работы над творам значэння не мае).

Барыс КРЭПАК

Іван Кліменка пра сваю карціну "Бераг":

— Цалкам усведамляючы, што працэс стварэння мастацкага твора не падлягае дакладнаму даследаванню і нават у нейкай ступені небяспечны, усё ж (абараняючыся аўтарытэтам Творцы Сусвету: “Спачатку было Слова”) дазволю сабе па меры ўласнага пазнання падзяліцца сціплай славеснасцю.

У той год жнівень выдаўся спякотным. Працавалася лёгка, нават з асалодай. Для эскіза чарговага твора (а я працаваў над чарговым цыклам) было дастаткова акварэльнага нашлёпка. Недаказанасць адной работы, здаралася, перарастала ў ідэю іншай. Так з’явілася серыя з роздумам пра мора. Кампазіцыйнае дзейства наступнага палатна пра бераг накіраваў — як аб’ектыўнасць часу — злева направа і дагары. На правай палове размяшчаю плоскасную пластыку сядзячай жаночай фігуры, прычым разброс паднятых локцяў асацыірую са стрэлкамі гадзіннікаў. Галаве і валасам надаю канфігурацыю цёмнай птушкі. І гэтыя “гадзіннікі” размяшчаюцца на залатым сячэнні выяўленчай плоскасці. Рух левага локця з паваротам галавы накіроўваю налева-угару і гэтым ствараю контррух асноўнаму. Тут я вызначыў галоўную кропку кампазіцыі — кропку барацьбы, так бы мовіць, левага з правым, узнесенай рамантыкі з пастаянствам, нязменнасцю быцця. Правы верхні вугал — спакой і празрыстасць ружавата-бэзавай плямы, левы — напружанне каляровае і фармальнае; сіні, які аддаляецца, і на ім актыў жоўтага з дынамічным чорным. Чырвонае вастрыё накіроўвае погляд гледача строга ў вугал.

Верх палатна раздзяляю лагодным ружова-чырвоным, узмацняючы розніцу левага і правага. Увесь сярэдні і левы бакі непасрэдна да фігуры, як да берага, запаўняю святлом марскога прыбою, для чаго мастыхінам накладваю бялілы па жоўта-залатым — з дапамогай скіпідара. Правая верхняя пляма — сабраная ў бутон сонечная кветка, значэнне якой і сам не ведаю. Так бывае… Потым арганізоўваю шматкаляровую пляму карабля-прывіда з трохвугольнікамі ветразяў — ружова-зялёных, чорна-чырвоных, жоўтых — нейкі сімвал нязбытнасці нашых рамантычных надзей і юнацкіх чаканняў. Так сама сабой нарадзілася назва работы — “Бераг”.

Ніз кампазіцыі — зялёны колер лета. Кантрасна да яго — на фігуры дзяўчыны падбіраю фіялетавы мінеральны. І ў гэтую асноўную масу ўводжу жоўты ўроскід колер, так павышаецца напружанасць колеравых мас. А яшчэ правую частку палатна запаўняю сугучнасцю жоўтых — расцёрты кадмій жоўты і заспакойлівы марс: усё роўна прыйдзе восень і рамантыка нашых надзей адплыве да наступнага лета. Увесь гэты кругаварот колеравых плямаў-падзей вакол восевай жаночай фігуры спыняю ў самым нізе правага вугла цёмным сінім. Скажу так: мысліць, разважаць колерам, асабіста для мяне, — гэта вялікае задавальненне!

Вы спытаеце: чаму менавіта мора, бераг, прыгожая жанчына? Дык гэта як бы мастакоўскія ўражанні ад валошынскага Крыма з яго Чорным морам, ад акварэльнага Кактэбеля, але галоўнае ўсё ж — не сюжэт як такі, а тое колеравае магнітнае поле, у якім выпраменьваецца душа аўтара. Быццам у сне, дзе спачатку сплятаюцца канкрэтныя вобразы, потым успыхваюць нечакана яркай шматколернасцю і тут жа сціхаюць, пакідаючы ў сэрцах гледачоў ціхую радасць ці светлую журбу.

У рэшце рэшт, усё пытанне ў тым, што бачыць і адлюстроўвае жывапісец, ствараючы камбінацыі прыдуманых і рэальных прадметаў. Асабіста я імкнуся шукаць у кожных суадносінах гэтых прадметаў, фігур, колеравых плям, прасторавых плоскасцей і аб’ёмаў патаемны духоўны сэнс, які павінен прасякаць усё: пабудову формы, логіку рытму, сілу тону, інтэнсіўнасць светлавых рэфлексаў.

Мастацтва для мяне — гэта своеасаблівая гульня, быццам бы лёгкая і радасная, але выбудаваная на подыху жыцця, у якім існуе сучасны чалавек. Аднак за гэтай гульнёй — цяжкая праца, перажыванні, памылкі, пакуты і вопыт. А яшчэ — інтуіцыя, падсвядомасць. Усё гэта разам і ёсць той шлях, якім я іду ад паэтычнай задумкі праз маляўніча-рытмічны лад да вобразнай экспрэсіі, што накладае свае палаючыя водбліскі на адлюстраваны свет, поўны радасці, шчасця, хараства, суму, настальгічных успамінаў…

Але іншы раз прыходжу да высновы, што сучаснаму мастаку патрэбна, вобразна кажучы, нейкая своеасаблівая міні-фабрыка, якая можа ўвасобіць яго задумкі, каб у паступальным руху нашага выяўленчага мастацтва было менш тармазоў, асабліва з боку тых, хто, мякка кажучы, не вельмі зацікаўлены ў сапраўдным духоўным развіцці нацыі. Ці не таму да мяне ўсё часцей і часцей прыходзіць журботная і горкая думка, што вялікая колькасць мастацтва ў сённяшнім грамадстве мала каму патрэбна…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"