Іскры і коды

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Традыцыя без бабульчыных убораў
Адной з яркіх падзей у музычным сезоне стала з’яўленне на свет праекта “Agata”. Дуэт гэты склалі Ірэна Катвіцкая (І.К.) — адна з лідараў сучаснай беларускай этна-музыкі, спявачка, піяністка, кампазітар, кіраўнік і ўдзельніца этна-праектаў “Akana-NHS”, “Фолк Рада”, “Kazalpin”, “Этна-фантазiя”, “New Image Orkestra” — і Аляксей Варсоба (А.В.) — таксама з авангарду альтэрнатыўнай інструментальнай музыкі, лідар трыа “Port Mone”, чый апошні альбом 2014 года “Thou” быў з захапленнем прыняты на постсавецкай прасторы і ў Еўропе крытыкамі ды меламанамі. Як жартаўліва, але дакладна кажуць пра тандэм гледачы — яго музыкантам і публіка не патрэбна. Маўляў, Ірэна наогул можа не спяваць, а абыходзіцца толькі жэстамі, напоўненымі магіяй і жыццём, пад інструментальнае чараўніцтва Аляксея. На сцэне яны маюць зносіны адзін з адным і з гледачамі не пры дапамозе слоў і музыкі, але — адрасуючы сваё мастацтва проста ў вечнасць...

/i/content/pi/cult/566/12407/12-1.jpg
Дуэт "Agata". / Фота Івана КУРАКЕВІЧА

Агата, але не Крысці

А.В.: — Чаму мы назвалі наш дуэт “Agata”? Прыгожае жаночае імя, пашыранае ў Еўропе. Ці прынцыповым для нас было, каб праект называўся іменем? Тое, што мы выконваем, звязана з людзьмі, з іх гісторыямі. А вытокі гісторыі дуэта ляжаць, калі адштурхоўвацца ад яго формы... ў лацінаамерыканскай музыцы. На мой погляд, у ёй шмат такіх праектаў: народны жаночы вакал плюс мужчына-інструменталіст.

І.К.: — А эмацыйны складнік, якi аб’ядноўвае жаночы і мужчынскі пачатак, дзве гэтыя энергіі, высякае іскру, дае імпульс да творчасці, у якім — інь і ян, цяпло і холад, зямля і вада.

А.В.: — Ірэна прыносіць песню, я пачынаю над ёй чараваць: выкарыстоўваючы ўжо нейкія свае напрацаваныя інструментоўкі, вытрыманыя ў неабходным нам ключы, прыдумляючы новае ў патрэбным рэчышчы. Але зыходную мелодыю, вядома, не мяняю. І як толькі яна нараджаецца, уступае Ірэна. Усё: “рыба” гатовая.

І.К.: — Застаецца напоўніць песню правільнымі вобразамі, пачуццямі, зразумець, што мы хочам з дапамогай канкрэтнай рэчы трансляваць слухачам. Як толькі разуменне прыходзіць, мы ўсё зводзім у форму з асновай у народных беларускіх песнях (у асноўным, вядомых толькі спецыялістам), як правіла, ад жаночай асобы, абрадавыя, дахрысціянскія, і лірычныя — ужо бліжэйшыя да нашага часу. І мэта наша — здолець зрабіць песню так, каб у голым слове слухач праз нашы эмоцыі і інтанацыйнае ядро бачыў вобраз, разгорнутую думку. Пры гэтым у тэкстах часцяком няма намёкаў на такія, скажам так, дапушчэнні. Але мы так успрымаем тэксты і ўпэўненыя ў тым, што дакладна адгадвалі сэнсы.

А.В.: — Спадзяюся, тая інструментоўка, якую я прапаную, дапамагае гэтыя коды адгадваць. Я люблю постмадэрнізм у музыцы і, аперыруючы быццам бы стандартнымі для яго ў дадзеным кантэксце сучаснымі формамі, формамі буйнога аб’ёму, мы нібы вялікай сеткай таксама вылоўліваем ў зыходным змесце закладзеныя ў ім шыфры і пасланні.

І.К.: — Пры ўсёй любові да традыцыйнай беларускай культуры, не збіраемся ў XXI стагоддзі прыбірацца, "у бабульчыны ўборы". Я не экспанат музея, жыву ў свеце постгуманiзму, слухаю Арво Пярта, як і Лёша, люблю постмадэрнізм. Так, мы абапіраемся на карані, але я адчуваю іх так, — жывучы тут і цяпер. І яшчэ гэта не наша функцыя — папулярызаваць дадзеным праектам фальклор сярод моладзі. Калі я хачу прыцягнуць да яго ўвагу, іду ў музычную школу і працую там з дзецьмі. А на фестывалі “Камянiца” мы выступаем гуртом “Фолк Рада” і далучаем да фольку іх тат і мам, брацікаў і сястрычак, бабуль і дзядуль.

“Kazalpin” у дапамогу

І.К.: — Нягледзячы на асобныя прозвішчы, нягледзячы на Алексіевіч, пра “культурную Беларусь” за межамі былога СССР мала ведаюць. І хочацца, каб становішча змянілася. Таму я спяваю гэтыя песні на беларускай мове, таму рада, што нас здымаюць замежныя фатографы, пра нас робяць дакументальнае кіно. Усё гэта, веру, павінна сыграць на карысць краіны...

А.В.: — Я сустракаю суайчыннікаў, якія на поўным сур’ёзе лічаць, што быць беларусам — некамiльфо. Цешыць, што такіх становіцца менш. Калі наша музыка камусьці дапаможа адчуць сябе не проста жыхаром на гэтай тэрыторыі, а неаддзельным ад гісторыі краіны, яе культуры, я буду шчаслівы. А пакуль мне часам здаецца, што, калі пра нас з павагай не загавораць за мяжой, пра нашу культуру ў тым ліку, самі сабой мы не асабліва ганарымся.

І.К.: — Беларуска-швейцарскi гурт “Kazalpin” нядаўна вярнуўся з двухтыднёвых гастроляў па Швейцарыі. І публіка вельмі жыва цікавілася, адкуль мы — тры дзяўчыны, якія прадстаўляюць у праекце Беларусь, — родам. Людзі распытвалі нас, шукалі звесткі пра Беларусь у Інтэрнэце, разглядалі фатаграфіі. А мужчыны-інструменталісты — швейцарская частка калектыву — пры любой магчымасці рвуцца ў нашу краіну. І ні эканамічны крызіс іх не спыняе, ні тое, што ў такіх некамерцыйных праектах канцэртаў мала, ні грымёркі ў раённых ДК не страшаць. Яны, якiя шмат дзе паездзілі па свеце, свабодна і камфортна пачуваюцца ў Беларусі. Адкрываюць нашых людзей, вёску, дзівяцца, што ў нас няма гор, дыхаюць нашым лесам. І нечым насычаюцца з беларускай культуры.

Шчаслівыя людзі

І.К.: — “Agata” і “New Image Orkestra” — гэта дзве розныя планеты. Першая — цёплая і гуманная, з акустычнай, чалавечай музыкай. Другая — халодная, найзырчэйшы прыклад расчалавечвання. Ідэя “аркестра” заключалася ў сутыкненні двух светаў, у супрацьстаянні жывога — лятаючага голаса з акардэонам ад нас з Аляксеем — і разбуральнай, разбэшчанай мёртвай электронікі ад Андрэя Жукава. Эмацыйна “New Image Orkestra” даваўся нам з Аляксеем вельмі цяжка, хоць эстэтычна ён мне падабаўся.

А.В.: — Але апынуўся нежыццяздольны.

І.К.: — Ён не ўпісаўся ў беларускае культурнае асяроддзе, аднак стаў у чымсьці папярэднікам “Agata”. На жаль, у чыстым выглядзе апынуўся лішнiм на радзіме гурт “Akana-NHS”, якi сёння існуе ў рамках праекта “Kazalpin” за мяжой, дае ў яго складзе канцэрты і праводзіць асобныя майстар-класы. У Беларусі ж мы як “Akana” — я, Руся і Надзя Чугунова — не патрэбныя. Дзякуй Богу, патрэбен гурт “Фолк Рада”, у якiм спяваюць і дзеці, з якімі я пачынала займацца, калі ім было сем гадоў (а цяпер ужо чатырнаццаць). Ён дае вельмі шмат канцэртаў, на якія публіка сапраўды рвецца, ён лаўрэат шматлікіх фестываляў. Мы ўвогуле любім падарожнічаць па конкурсах, і хочацца сказаць вялікі дзякуй бацькам дзетак, якія аплочваюць гэтыя паездкі. Ці ведаюць пра нас чыноўнікі ад культуры? Ведаюць. Мяне як метадыста і педагога, па чыіх метадычках вучыцца ўся краіна, якая распрацавала чатыры спецпраграмы, звязаныя з фолькам і прызначаныя для СНУ. Як музыканта, які выступае “жыўцом” і запісвае песні. Ведаюць у інстытутах, універсітэтах і міністэрствах. Але чамусьці нярэдка задумваешся, а мо культура, мастацтва ў нашай краіне патрэбныя толькі асобна ўзятым людзям, — яе непасрэдным праваднікам? І тады ідзеш ствараць сольны праект “Этна-фантазiя” — мой дом пустэльніка, “пабудаваны” ў хвіліны адчаю, у дні, калі ўсё валілася з рук, калі музыка “Akana” стала незапатрабаванай. І я села за раяль, на якім доўга не грала, і сачыніла свой стыль: этна з раялем.

А.В.: — Прытым, што ў маiм гурте “Port Mone” не так шмат якіхсьці вызначаных “этнічных нот”, фолькавых цытат, але этна-музыка ў сусветным кантэксце мяне заўсёды цікавіла. І беларуская, вядома ж. І “Port Mone” знаходзіўся і знаходзіцца пад уплывам усяго гэтага замесу.

І.К.: — А замежнікі чамусьці чуюць у беларускай этніцы, якую я выконваю... блюз! Так і кажуць: “У цябе такі блюзавы шааааарм!..” Лідар жа гурта “Палац” Алег Хаменка называе музыку “Agata”... антыблюзавай! А амаль адначасова з нараджэннем “Этна-фантазii”, пасля таго, як я сышла ў творчае пустэльніцтва, у 2012 годзе Руся і Надзя стварылі свой этна-электронны праект “Shuma”. Мы ўсе ўтрох абмяркоўвалі ўжо іх “сыход”... Плакалі... Гэта ж мае вучаніцы... Думалі над тым, ці зможам у далейшым супрацоўнічаць... І ў выніку нікуды адзін ад аднаго не падзеліся! У нас ёсць агульныя справы і ёсць пабочныя — таксама галоўныя: усе яны мірна суіснуюць. І мы дапамагаем адзін аднаму. Хоць эстэтыка “Shuma”, дыджытал-архаікі, мне не блізкая.

А.В.: — “Port Mone” таксама рухаецца. Гатовы матэрыял для наступнага альбома, шукаем, дзе яго запісаць. Працую з украінскім праектам “Новы раздiловы”, удзельнічаю ў міжнародным перфомансе “паМ’ЯТАтi”, супрацоўнічаю з Ягорам Джэйгалам, які выконвае класічную індыйскую музыку на флейце бансуры.

І.К.: — Ягор, дарэчы, падыгрывае ў некаторых рэчах і “Agata”. А наогул, асабіста я рада, што ў мяне ёсць і тое, і іншае, і трэцяе. Вось была б у мяне адна “Akana-NHS”, была б у яе вялікая аўдыторыя, атрымлівалі б мы добрыя грошы — так, выдатна. Але інерцыя вялікіх праектаў зацягвае, як чорная дзірка. А я не хачу ісці па накатанай дарозе, я хачу ствараць увесь час нешта новае, што адказвае маім намерам. У кагосьці мазгі ўладкаваныя так, што думаюць у адным кірунку, а ў мяне — магістральна ў адным, але ад гэтага асноўнага шляху шмат-шмат адгалінаванняў, у яго шмат чаго ўпадае. Не вярнулася б да раяля, так і не пазнала б, што магу складаць такія прыгожыя кампазіцыі. Не будзь мы з Лёшам настойлівымі, упёртымі, не нарадзілася б “Agata”. Я... шчаслівая ад усяго гэтага працэсу...

А.В.: — І я…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"