Падарожжа ў край кветак

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі працуе выстаўка жывапісу маладой мастачкі Наталлі Самсонавай. Ужо ў 90-ыя гады, пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута, яна заявіла аб сабе як прафесійная асоба, удзельніца розных выставачных праектаў, у тым ліку персанальных.

 /i/content/pi/cult/155/1240/Padarozzha.jpg

Н.Самсонава. “Дзве феі”.

Паэтычная назва новай экспазіцыі — “Квітненне” — гэта падарожжа ў рамантычны свет кветак і абуджанай прыроды, у свет адчувальнай, пачуццёвай гармоніі прыгажосці. Як у калейдаскопе, мяняюцца нацюрморты, пейзажы, партрэты, запаўняючы прастору палатна асаблівым уяўленнем свету. Кветкі напоўнены пранізлівай свежасцю і здаюцца адухоўленымі, са сваім таямнічым жыццём.
Улюбёны матыў аўтара ў нацюрморце — палявыя кветкі. Яны падкупляюць сваёй трапяткой, усхваляванай кволасцю, мноствам адценняў, прастатой і элегантнасцю формы. Яны цудоўныя, як і сам навакольны свет. Аўтар імкнецца падкрэсліць гармонію прыроды і чалавека, іх арганічнае адзінства.
У аснове жывапіснай манеры мастачкі ляжыць дбайнае і руплівае вывучэнне светлавога асяроддзя, каларыт пабудаваны на тонкіх колеравых пераходах.
Гледачоў не пакідае адчуванне асаблівай камернасці, якая зыходзіць ад штодзённых рэчаў і з’яў. Падкрэслены каштоўная крохкасць і гуллівая зграбнасць найдрабнейшых дэталей свету, які навокал нас.

 
Наталля ГУЛІДАВА

Вiцебск