Ведаць і не баяцца

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Дзесяць гадоў таму рашэннем Гродзенскага аблвыканкама была створана група спецыялістаў з розных галін дзейнасці па назапашванні досведу атрымання еўрасаюзаўскіх грантаў. Вучоба праходзіла ў польскіх Сувалках. З гэтай простай прычыны Гродзеншчына цяпер лідзіруе па колькасці падобных праектаў, якія або рэалізуюцца, або знаходзяцца ў стадыі падрыхтоўкі. Факт гэты сам па сабе заслугоўвае пільнай увагі з боку кіраўніцтва іншых абласцей.

Але наша гаворка цяпер — пра праекты культурнага зместу. Тым больш, што ў памянёную групу спецыялістаў увайшла і Лідзія Мальцава, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Яўхіма Карскага. Менавіта яе стараннямі ў 2005 годзе здзейсніўся першы сумесны з Публічнай бібліятэкай імя Марыі Канапніцкай у Сувалках праект "Пошук агульных каранёў Беларусі і Польшчы", а днямі быў рэалізаваны праект "Мультымедыйныя цэнтры навукі і тэхналогій у Сувалках і Гродне", што з’яўляецца часткай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Беларусі, Польшчы і Украіны. У выніку "дзіцячы" філіял абласной установы займеў першы ў Беларусі інтэрактыўны Мультымедыйны цэнтр. Назвалі яго "Совушка". Маўляў, самая мудрая птушка. А адкрыццё адбылося 17 снежня.

Мы пісалі пра начынне новага бібліятэчнага цэнтра. Але паўтарыцца не грэх, бо ён — сапраўды ўнікальны. Восем творчых лабараторый. Адукацыйнае праграмнае забеспячэнне на 200 тысяч еўра. У лабараторыі мастацтва, да прыкладу, ёсць больш за дваццаць планшэтаў, фотакамеры, 3D-прынтар: можна рабіць фільмы і займацца дызайнам хатніх памяшканняў…

Ёсць устойлівае меркаванне, што для атрымання гранта трэба ведаць, як правільна скласці неабходную дакументацыю. І толькі. Лідзія Мальцава абвяргае тое меркаванне. "Так, дакладнасць патрэбных папер — справа вельмі важная, — кажа яна. — Аднак у ходзе папярэдніх захадаў узнікаюць пэўныя нестыкоўкі, выправіць якія немагчыма без шчыльнага ўзаемадзеяння з уладамі і замежнымі партнёрамі". Ключавое слова тут — "узаемадзеянне". Для кіраўніка абласной біліятэкі гэта — аксіёма, а пастаянны пошук партнёраў — абавязковая ўмова паспяховай праектнай дзейнасці. А напачатку вось яно як было з усталяваннем мультымедыйнага аб’екта…

Спачатку Еўрасаюз запярэчыў: паколькі філіял, дзе будзе размешчаны цэнтр, не з’яўляецца маёмасцю абласной бібліятэкі, дык ці варта ўвогуле справу распачынаць. Улады адрэагавалі імгненна: арэнда будынка была працягнута на дзесяць гадоў, што цалкам задаволіла партнёраў. Другі нюанс, што пачаў замінаць справе: цэнтр будзе працаваць на другім паверсе, а ліфта ў будынку няма. Як тут быць дзецям з абмежаванымі магчымасцямі? Беларускі бок не без падтрымкі польскага прыйшоў да высновы, што прыдатны ў дадзеным выпадку толькі такі від транспарту як гусенічны пад’ёмнік, для якога язда па прыступках — звычайная справа. Усё астатняе было простым роўна настолькі, наколькі простым для прафесіянала з’яўляецца рэалізацыя намечанага. Словам, няма вяршынь, якія не скараюцца, ёсць людзі, якія не ведаюць, як гэта робіцца.

Потым была вучоба бібліятэчных спецыялістаў па авалоданні праграмным забеспячэннем. Арганізавалі яе прадстаўнікі польскай і ізраільскай фірм, якія і забяспечылі бібліятэку софтам. Цяпер цэнтр "Совушка" — самадастатковы.

Падчас яго ўрачыстага адкрыцця прайшла міжнародная канферэнцыя "Інтэрактыўныя цэнтры навукі і тэхналогій — новыя магчымасці развіцця грамадства". У дачыненні да названай падзеі лепш, напэўна, і не скажаш.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"