Як фестываль падоўжыць?

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Марына СУХАДОЛАВА, дырэктар Іваноўскага сельскага дома культуры Хоцімскага раёна, мастацкі кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Вербіца”
Іваноўка лічыцца вёскай, а дэ-факта яна знаходзіцца за паўкіламетра ад горада і, можна сказаць, амаль увайшла ў склад Хоцімска. Да мяжы з Расіяй недалёка, і гэта таксама надае спецыфікі.

/i/content/pi/cult/565/12392/5-3.jpgУ Іваноўскім СДК дзейнічае фальклорны гурт “Вербіца”. У ім — бабулі з усяго Хоцімскага раёна. Удзельнічае і сямейная пара, што прыехала з Украіны ў маладосці. Рэпертуар таксама зборны, але трымаемся аўтэнтычнай культуры Хоцімшчыны: адна бабуля ўзгадала песню з роднай вёскі, другая, а вучым усе разам. Узгадваюць песні ад сваіх бабуль, ад мам, ад іншых жанчын, якія чулі ў дзяцінстве, ад мужчын на сенакосе…

“Вербіцу” сабралі яшчэ да таго, як я прыйшла працаваць, у 2011 годзе. А ў 2013-м ужо атрымалі званне “народны”. Праўда, бабулі спявалі ў самадзейным гурце яшчэ ў 1990-х, потым быў вялікі перапынак, і “Вербіца” паўстала ўжо па слядах таго гурта. Папярэдняя кіраўніца пабачыла фота выступу 1990-х гадоў, пахадзіла па хатах і прапанавала ўзнавіць рэпетыцыі.

У складзе гурта — акампаніятар Валянціна Сухадолава. На канцэртах акрамя аўтэнтычных песень выконваем фальклор пад баян, асабліва калі гэта выступленне не толькі “Вербіцы”, а, напрыклад, зборны выязны канцэрт клуба. Тады спяваем некалькі песень акапэльна і некалькі — пад інструмент. Людзям падабаецца слухаць выкананне з акампанементам, прыпеўкі. Гэта своеасаблівая аддушына, якая дапамагае ствараць адпаведную атмасферу. Аўтэнтычныя песні ўспрымаюцца не горш, але праграма, пабудаваная толькі на аўтэнтыцы, можа быць складанай для непадрыхтаванага слухача, таму акампанементам уносім некаторую разнастайнасць.

Бабуль заўсёды добра прымаюць на канцэртах: і ў раёне, і ў суседняй Расіі. Да мяжы сем кіламетраў, выступаем у бліжэйшых вёсках, часцей за ўсё ў Суражскім раёне Бранскай вобласці. Наведваем абласныя мерапрыемствы, сёлета былі ў Слаўгарадзе, у Радамлі Чавускага раёна. Выступілі на міжнародным форуме “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, калі ўдзельнікаў знаёмілі з гуртамі Магілёўскай вобласці ў Круглым.

У нас рэканструяваны вясельны і калядны абрады па матэрыялах з родных вёсак спявачак “Вербіцы” і па старых сцэнарыях, што захоўваюцца ў клубе. Некаторыя песні бралі ў іншых гуртоў раёна.

Гурткі ў клубе наведваюць дзеці, мы іх запрашаем да ўдзелу ў абрадах, напрыклад, хадзілі калядаваць. Такім чынам адбываецца кантакт са старэйшым пакаленнем. Да народных спеваў асаблівай цікаўнасці дзеці не маюць, ім падабаецца больш сучасная музыка. Фальклорныя песні — гэта ўсё ж на аматара. Я сама не магу спяваць разам з бабулямі, хаця выступаю на сцэне, выконваю і эстрадныя песні, і народныя, але менавіта разам з носьбітамі фальклору не атрымліваецца. Адчуваю, што не цягну, не магу пад іх падладзіцца. Мне то нізка, то высока — гэта трэба мець спецыфічны голас, каб разам з бабулямі добра спець. Калі моладзь стварае свой гурт, вучыцца спяваць набліжана да аўтэнтычнага варыянту, то ім лягчэй адно да аднаго падладзіцца. Але з бабулямі стаць у адным гурце досыць складана.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"