Як фестываль падоўжыць?

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Аляксей САЛАДУХІН, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа
У нашым каледжы летась быў устаноўлены электронны арган “Magnus Silesio Moderno Royal”. Было б неразумна не выкарыстаць такую падставу для фестывалю. Мы адразу ўхапіліся за гэту ідэю, і першае такое свята прайшло год таму. Але для любога фестывалю вельмі важна трывалая, замацаваная перыядычнасць. Таму чарговы такі форум адбыўся сёлета — ІІ Міжнароднае свята арганнай музыкі “Арганы Еўропы гучаць у Гродна”.

/i/content/pi/cult/565/12390/5-1.jpgДаволі часта фестывалі і святы ладзяцца вельмі кампактна, калі цягам некалькіх дзён адбываюцца ўсе падзеі, прычым часта па некалькі канцэртаў на дзень. Але гэта бывае зручна найперш гасцям форуму, а не той публіцы, якая прагне спаткання з класічнымі каштоўнасцямі. Таму мы вырашылі “расцягнуць” гэта свята амаль на месяц. Праграма прадугледжвала пяць канцэртаў, і кожны чацвер слухачы запаўнялі залу Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, часам нават з аншлагам, каб сустрэцца з новым выканаўцам.

Выбар удзельнікаў — яшчэ адзін вельмі важны складнік фестывальнага руху. Гэтым разам гасцямі гродзенскіх аматараў аргана, а іх становіцца ўсё больш, сталі музыканты выключна з замежных краін. Бо мы імкнемся, каб імёны на фестывальных афішах не паўтараліся, а нашы беларускія арганісты (Ігар Алоўнікаў, Ксенія Пагарэлая) удзельнічалі ў мінулым свяце. Але той жа Расціслаў Выграненка з Польшчы ў поўнай меры можа лічыцца і беларускім, бо ён не толькі родам з нашай краіны, але і выхаванец нашай нацыянальнай музычнай школы — колішні выпускнік Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які пазней працягнуў адукацыю ў замежжы.

Геаграфія і стылёвы разгорт свята былі шырокімі. У кожным канцэрце, акрамя традыцыйна арганных Букстэхудэ, Баха ці Франка былі свае “разыначкі”. Так, Аляксандр Ісакаў з Літвы запомніўся выкананнем цікавых уласных твораў і арыгінальнай транскрыпцыяй фіналу 6-й Сімфоніі Чайкоўскага. Юзэф Катовіч з Польшчы паказаў сябе не толькі цудоўным знаўцай творчасці Баха, але і сучаснай музыкі, сыграўшы “Прысвячэнне” шведскага кампазітара Ліндблада, дзе чатыры часткі створаны ў стылях Штраўса, Пракоф’ева, Дэбюсі і Бернстайна, якія, як вядома, ніколі не пісалі для аргана. Іаганэс Геферт з Германіі ўразіў слухачоў бліскучым валоданнем інструментам, майстэрствам рэгістроўкі і педальнай тэхнікай, прадэманстраванай у спецыяльна для яго напісаных Варыяцыях для педалі сола Фрэдэрыша. Эўджэніа Марыя Фаджыяні з Італіі заваяваў сімпатыі як музыкант, які аднолькава прафесійна грае і Баха, і Франка, і Малера (пералажэнне Адажыетта з 5-й сімфоніі), і нават выдатна імправізуе. На вачах публікі нарадзілася і была з поспехам выканана Прэлюдыя і фуга на тэму “Купалінкі”! І, нарэшце, змястоўны і надзвычай грунтоўны Расціслаў Выграненка, які вызначыўся яшчэ і тым, што выкарыстаў у сваім выступленні ажно шэсць (!) з васьмі магчымых арганаў.

Хтосьці запытаецца: як жа восем, калі ў каледжы арган усяго адзін? Так і ёсць. Але справа ў тым, што ў яго надзвычай разумныя “электронныя мазгі” пры дапамозе сучасных камп’ютарных і гукаінжынерных тэхналогій запісана рэальнае гучанне рэальных арганаў, якія былі ў розныя часы пабудаваныя ў саборах у розных кутках Еўропы (Польшча, Германія, Італія, Чэхія, Нідэрланды, Францыя, Англія). Прычым гучанне максімальна набліжана да арыгіналаў, і многія выканаўцы, якім даводзілася бываць і ў Брэшыа, і ў Цволе, і ў Кане, і ў Ротэрдаме, здзіўляюцца і жартуюць, што майстры запісалі нават недахопы!

Пасля апошняга канцэрта ў наш каледж, які з’явіўся галоўным арганізатарам імпрэзы, яшчэ некалькі дзён паступалі тэлефонныя званкі з пытаннем: “А хто будзе граць у наступны чацвер”? І даведаўшыся, што свята завяршылася, аматары музыкі выказвалі непадробнае расчараванне… Але яно хутка змянялася на аптымістычнае чаканне наступнага года, бо “арганы Еўропы” зноў загучаць у Гродне — будучай восенню.