Дзень беларускага кіно: што новага?

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

З нагоды Дня беларускага кіно, 17 снежня, адбыўся шэраг падзей.

/i/content/pi/cult/565/12386/1-1.jpgСярод іх — імпрэза да Дня беларускага кіно ў сталічным Доме кіно, пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (пра яго вынікі — у наступных нумарах “К”), паказы стужак-пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Лістапад-2015” у мінскім кінатэатры “Перамога”. У Полацку прайшоў Адкрыты конкурс аматарскага фільма імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно”, а таксама “круглыя сталы” і майстар-класы.

Таксама адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды Дня беларускага кіно. Першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга паведаміла, што праект указа аб развіцці кінематаграфіі дапрацаваны з улікам заўваг, выказаных членамі рабочай групы, прадстаўнікамі кінакампаній, кінасупольнасці, грамадскасці. Праект падрыхтаваны і разасланы ў зацікаўленыя дзяржаўныя органы. Ірына Дрыга дадала, што, калі дакумент будзе падпісаны, як мяркуецца, у пачатку будучага года, уступленне яго ў дзеянне адбудзецца не раней за 2017 год, каб кінасупольнасць паспела адаптавацца да новых умоў. Праект прадугледжвае атрыманне пасведчанняў у Міністэрстве культуры на здымкі фільма. Згодна з пажаданнямі, што паступілі ў час абмеркавання праекта, пасведчанне будзе выдавацца бясплатна і ў вызначаныя тэрміны. Дакладна прапісаны пералік прычын, па якіх дакумент можа быць не выдадзены.

Паводле слоў Ірыны Дрыгі, указ скіраваны на абарону інтарэсаў удзельнікаў кінапрацэсу. Вытворцы павінны будуць заключаць дагаварныя адносіны з усімі ўдзельнікамі кінапрацэсу, каб, у выпадку ўшчамлення інтарэсаў творчых работнікаў, яны былі абаронены. “Мінкультуры не будзе вырашаць, каму які фільм ствараць, а каму і які не, не стане выступаць цэнзарам. Гэта не абмежавальная мера, а рэгістрацыйная, скіраваная на абарону работнікаў кіно”, — падкрэсліла прамоўца.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Поршнеў паведаміў, што некалькі старонніх кінакампаній выказалі жаданне здымаць свае работы на студыі. У час перамоў, зазначыў Поршнеў, патэнцыйных партнёраў інфармуюць, што з завяршэннем рэканструкцыі ў снежні 2016 года магчымасцяў для працы стане больш.

Начальнік упраўлення па кінематаграфіі Міністэрства культуры Святлана Ярашэвіч зазначыла, што ў рамках работы па планавай лічбавай апрацоўцы стужак, знятых на кінастудыі ў мінулым, пераведзены ў новы фармат фільм “У вайны не жаночы твар” (зняты ў 1981 годзе рэжысёрам Віктарам Дашуком), аўтарам сцэнарыя якога з’яўляецца нобелеўскі лаўрэат-2015 Святлана Алексіевіч. Па запытах кінатэатраў і тэлеканалаў карціна можа быць прадастаўлена для паказу. Гендырэктар студыі Ігар Поршнеў дадаў, што, акрамя гэтай карціны, пераведзены ў лічбавы фармат і фільм “Боль” па сцэнарыі Святланы Алексіевіч. Дарэчы, усяго перавод у “лічбу” патрабуецца для каля 1500 дакументальных стужак, а таксама анімацыі.

 

Дзень беларускага кіно, які адначаецца штогод 17 снежня, мяркуем, становіцца для Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" не толькі святам, але і часам падвядзення творчых вынікаў. Кадры з невялікай часткі шматлікіх фільмаў, знятых у 2015 годзе, — на гэтай паласе. Дакументалістыку прадстаўляе момант з карціны "Нестар Сакалоўскі", дзе вобраз аўтара музыкі Дзяржаўнага Гімна нашай краіны ўвасобіў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Душачкін (на фота зверху). Мастацкі "цэх" — новая серыя "Участка лейтэнанта Качуры" з Паўлам Харланчуком-Южаковым у галоўнай ролі. Нарэшце, ад аніматараў — кадр з "Казак старога піяніна. Штраус".