Пра помнік Караткевічу, “Дажынкі” і гарадскі статус
Горад з больш чым стотысячным насельніцтвам сёння мяняе не толькі вонкавае аблічча, але, у пэўнай ступені, — і сацыяльны статус. Быць чарговай, дванаццатай, сталіцай Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі” і пашанотна, і адказна. Неаспрэчна, што апошняе заўжды пераважае над першым.
Орша, як колісь Бабруйск, Рэчыца ды іншыя нашы малыя і сярэднія гарады, жыве цяпер у напружаным рытме абнаўлення. Гаворка не толькі пра ўсебаковае і ўжо звыклае добраўпарадкаванне вуліц, пляцаў і рэканструкцыю будынкаў: справа ў карэнным пераглядзе сацыяльнага прызначэння мясцовых устаноў культуры і мастацтва.
Ірына Мігаль, начальнік аддзела культуры Аршанскага гарвыканкама, упэўнена, што ў прамысловым горадзе, які не мае сваіх ВНУ, але знакаміты старадаўняй гісторыяй, слыннымі творцамі кшталту Уладзіміра Караткевіча, “духагорадаўтваральнымі” павінны стаць менавіта аршанскія бібліятэкі, музеі, клубы і карцінная галерэя. Спрачацца не выпадае, бо гэтая ідэя закладзена ў культурніцкую частку і штогадовай падрыхтоўкі да “Дажынак”, і комплекснай дзяржпраграмы развіцця гарадоў Беларусі. Таму будынак аршанскага езуіцкага калегіума ператворыцца да восені ў Культурна-адміністрацыйны цэнтр, колішняя бурса — у Дом рамёстваў з салонам па продажы твораў народнага мастацтва, Паркавы пляц — у галоўную канцэртную пляцоўку “Дажынак-2008”, а сам горад стане больш прывабным і ўтульным і для жыхароў, і для турыстаў.