Яшчэ адна нявыЗНАЧаНАЯ?

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Мастацтвазнаўца — універсальны спецыяліст?
Мяжу паміж уласна мастацтвазнаўствам, куратарствам і арт-журналістыкай у сучасным культурным працэсе вызначыць няпроста. Спецыфіку сітуацыі на старонках “К” абмяркоўваюць мастацтвазнаўцы — арт-менеджар, галоўны захавальнік фондаў гомельскай Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі, аўтар праекта “ArtKurator.com” Алег КУРАШОЎ, гісторык мастацтваў з Гродна Марына ЗАГІДУЛІНА і намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава Святлана СТРОГІНА.

/i/content/pi/cult/564/12370/12-1.jpgПра сумежныя спецыяльнасці і канкурэнцыю

Марына Загідуліна: — Сур’ёзных арт-журналістаў, якія працуюць у салідных выданнях і ўспрымаюцца грунтоўнымі крытыкамі, у нашай рэспубліцы не так шмат. А тыя журналісты, што робяць павярхоўныя агляды арт-падзей, звычайна з’яўляюцца папросту крыху больш заглыбленымі спажыўцамі крытычных артыкулаў, анатацыйных тэкстаў, напісаных прафесіяналамі. Такіх аўтараў нельга ўспрымаць усур’ёз. Хаця шырокая публіка “глытае” іх лёгкія тэксты, дзе, дарэчы, стае і памылак.

Алег Курашоў: — На жаль, куратарскай дзейнасцю іншым разам займаюцца мастакі, прадстаўнікі музеяў альбо людзі сумежных спецыяльнасцей. Я лічу, што вопытных куратараў у нас яшчэ мала. Сябе я пазіцыяную як менеджар, а не куратар. На маю думку, у цяперашняй сітуацыі асноўная праблема — недаацэненасць каманднай працы ў гэтым працэсе. Што да арт-журналістыкі, то яна, вядома ж, мае права на мноства пунктаў гледжання: галоўнае, каб яны былі аргументаванымі, а крытыка — канструктыўнай.

Пра ўзровень і досвед

Марына Загідуліна: — Лічу, што, як і ў любой іншай прафесіі, слабыя бакі арт-журналіста могуць утрымлівацца ў яго недастатковай дасведчанасці ў актуальных сучасных працэсах (у дадзеным выпадку творчых), недахопе глыбокіх сістэмных ведаў (скажам, у галіне гісторыі і тэорыі мастацтва), а магчыма і ў жаданні не столькі даць грунтоўны аналіз, колькі паказаць сябе, сваю павярхоўна-эфектную эрудыцыю. А магчыма, слабым бокам прафесіі можа лічыцца і недахоп прафесіяналаў у галіне. Напрыклад, у абласных цэнтрах вялікая запатрабаванасць мастацтвазнаўцаў часта прыводзіць да немагчымасці глыбокага і сур’ёзнага падыходу да кожнай падзеі ці з’явы.

Алег Курашоў: — Мастацтвазнаўца павінны вызначаць вектар беларускага мастацтва, знаходзіць новыя напрамкі, кропкі перасячэння паміж традыцыямі класічнай школы і тэндэнцыямі актуальнага сусветнага мастацтва. Каб тое адбылося, спецыялістам трэба даць магчымасць стажыравацца за мяжой ці ў калег. Галоўная задача прафесіі цяпер — пераняць перадавыя методыкі, знайсці спосабы глабальнай інтэграцыі ў сусветнае мастацтва. Пакуль жа сітуацыя ў беларускай прасторы нагадвае знакамітую байку Івана Крылова “Лебедзь, рак і шчупак”.

А ў рэгіёнах?

Марына Загідуліна: — У сучасным грамадстве магчымасці для самарэалізацыі арт-крытыка ці гісторыка мастацтва абсалютна не залежаць ад месца жыхарства. Мне, скажам, вельмі камфортна жыць і працаваць у Гродне з яго ўтульным духоўным асяроддзем: тут не бывае вольнага ад працы дня, і гэта акрамя асноўнай працы па экспертызе культурных каштоўнасцей, што перамяшчаюцца праз мяжу. Магчымасцяў для чалавека маёй прафесіі столькі, што толькі паспявай рэалізоўвацца: навуковыя канферэнцыі, удзел у сучасных праектах у галерэях, музеях, культурных акцыях, саветах, камісіях. А наяўнасць за дзясятак кіламетраў мяжы з Літвой і Польшчай дае магчымасць стала ажыццяўляць мастацкія праекты не толькі з блізкімі Беластокам ці Друскінінкаем, а, напрыклад, з далёкімі Сопатам ці Клайпедай.

Алег Курашоў: — Нягледзячы на тое, што куратары і мастакі з Мінска пачалі рэалізаваць свае праекты ў іншых гарадах, усё роўна такіх праяў — небагата. Многія аддаюць перавагу пракату выстаў, ужо рэалізаваных на іншых пляцоўках. Гэта звязана з недахопам фінансаў і з адсутнасцю падтрымкі творчай ініцыятывы. Яшчэ адной праблемай рэгіёнаў з’яўляецца недахоп пляцовак, ды і творчыя выставы публіка наведвае менш за камерцыйныя.

У Гомелі магчымасцяў для творчай самарэалізацыі не так шмат, як хацелася б, таму я часткова перайшоў у інтэрнэт-прастору. У рамках праекта “ArtKurator.com” займаюся падтрымкай некаторых беларускіх выставачных праектаў, стараюся ўкараняць вопыт нямецкіх калег. Ведаеце, многае трымаецца на энтузіязме. У нашым рэгіёне зарабіць на выставачнай дзейнасці практычна немагчыма, калі толькі не займацца пракатам матылёў ці васковых фігур… Фондаў і інстытутаў у Беларусі, якія б падтрымлівалі культурныя праекты, зусім няшмат… Але ўсё роўна хочацца займацца тым, што падабаецца, а не тым, што прыносіць грошы.

Святлана Строгіна: — Сёлета споўнілася 20 гадоў, як я працую ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава, дзе заўсёды прадстаўлена 6 экспазіцый, а штогод праходзіць звыш 35 выстаў. Займаюся даследчай дзейнасцю: вывучаю выяўленчае мастацтва, новыя імёны ці постаці незаслужана забытых мастакоў, таму працы заўжды хапае — балазе многія з маіх даследаванняў доўжацца не адзін год. Апошнім часам шмат вандрую: ездзіла ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Белград, Пекін, Парыж, Берлін… І там заўсёды наведваю музеі — знаёмлюся з калекцыямі. Але заўсёды хочацца вярнуцца ў Магілёў.

Мастацтва ці шоу?

Святлана Строгіна: — На жаль, апошнім часам многія зарабляюць на камерцыйных праектах. Арганізатары не шкадуюць грошай на рэкламу, выпускаюць шыкоўныя афішы, каталогі, буклеты. А нам цяжка знайсці грошы на такія рэчы, а наконт каталогаў — і казаць не варта… Можна адзначыць яшчэ адзін недахоп: тэлебачанне здымае толькі адкрыццё выставы, таму атрымліваюцца інфармацыйныя матэрыялы. А трэба, каб культура больш глыбока асвятлялася.

Алег Курашоў: — На глабальным узроўні я незадаволены гонкай выставачных праектаў. Напрыклад, у еўрапейскай выставачнай зале ўзроўню галерэі, у якой я працую, робяць у год каля 5 — 6 праектаў. Кожны ствараецца з год і дэманструецца некалькі месяцаў. Беларускі музей ці галерэя ў год робіць некалькі дзясяткаў выстаў, у тым ліку і з выездам, таму і выдаткі вялікія. А чаму не рабіць менш выстаў, але акцэнты ставіць на саміх мерапрыемствах, напрыклад, на сустрэчах з мастакамі, воркшопах, паказах фільмаў пра мастацтва, дыскусіях?.. І планаваць такія суправаджальныя падзеі ды і ўвогуле выставы трэба не менш, чым за дзевяць месяцаў.

Яшчэ адной глабальнай праблемай, на мой погляд, з’яўляецца залішні бляск праекта. Зараз усё большую папулярнасць заваёўваюць акцыі, якія ўражваюць гледача. Таму гэта можа пераўтварыцца ў сапраўднае шоу, і мастацтва можа адысці на другі план. Мне вельмі падабаецца фраза, якую прачытаў у адным інтэрв’ю: мастацтва ператвараецца ў абслугоўванне насельніцтва…

Думаю, трэба вылучыць і “замкнёнасць” творчых колаў. Увогуле, мастакі з рэгіёнаў не заўсёды ў курсе выставачнай дзейнасці рэспубліканскага ўзроўню. А некаторыя з праектаў, напрыклад, “Анатомію” Дзіны Даніловіч землякі адхіляюць для сябе з-за таго, што лічаць іх залішне “вострымі”.

Яшчэ трэба ўлічваць і тое, што кожнаму гораду ўласцівыя свае асаблівасці. Напрыклад, які від рэкламы больш дзейнічае на ўспрыманне гледачоў менавіта ў гэтай мясцовасці, як танней арганізаваць транспарціроўку работ, дзе лепш размясціць гасцей… Напрыклад, у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі быў праведзены праект Руслана Вашкевіча “Ідзі і глядзі”. З пунктагледжання арганізацыі гэта — эталон.

Калектыўнае куратарства магчымае, але вопыт сведчыць, што ў нас яно працуе дрэнна. У тых праектах, дзе было заяўлена некалькі куратараў, рэальна 90 % працы рабіў самы актыўны. У Германіі сустракаў прыклады паспяховага куратарства — тры раўнапраўныя члены каманды маюць роўнае ж права голасу (рашэнне прымаецца большасцю). Вось і еўрапейская формула "мастак — куратар — галерэя" ў нас працуе дрэнна, але мне больш імпануе формула "куратар+менеджар-мастак)+кансультанты", дзе два чалавекі займаюцца адной справай, але куратар у гэтай дзейнасці галоўны. Кансультантаў не заўсёды запрашаюць, але, на мой погляд, такая фігура 
патрэбная.

Увогуле, у нашай краіне ствараецца вялікая колькасць праектаў, некаторыя з іх на высокім узроўні. Радуе і тое, што ёсць таленавітыя мастакі, якім удаецца трапляць у нашыя сэрцы і розум.

Вольга РОПАТ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ