І ў каго тыя “Дзеці…” удаліся?

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Ну каму яны сёння патрэбны, тыя “Дзеці Ванюшына”? Вось “Дзеці дзяцей” — іншая справа: моладзь на гэты праект так і валіць. А на тых старамодных “Дзяцей…”, вядомых яшчэ па фільме 1970-х, хто ж пойдзе? З такімі думкамі я ішла на здачу спектакля ў Купалаўскі, у глыбіні душы радуючыся, што не я ўзначальваю ў “К” аддзел тэатра і, такім чынам, пісаць мне пра тую пастаноўку, хутчэй за ўсё, не давядзецца. Ажно пасля спектакля зразумела: не магу маўчаць!

 /i/content/pi/cult/155/1237/Dzeci.jpg

Сапраўды п'еса Сяргея Найдзёнава, хаця і належыць да ліку “класічных”, мае шматлікія пралікі: і лінія ўзаемаадносін аканомкі Аўдоцці з малодшым сынам Ванюшыных Аляксеем у ёй “кінута”, і пакаёўка Акуліна — абсалютна непатрэбны персанаж, і рэзкае “перавыхаванне” мужоў абедзвюх дачок нічым не абумоўлена, дый многія іншыя “псіхалагізмы” выглядаюць дастаткова плакатна. Разгарнуўшы праграмку, гмыкнула з яшчэ адной прадчувальнай “нестыковачкі”: да п’есы, што адлюстроўвае рускі мяшчанскі побыт пачатку ХХ стагоддзя, прыстасавана музыка М.Рыхтэра, Н.Ховарда. Але, гледзячы спектакль, на ўсё гэта імгненна забылася — так захапіла мяне ўбачанае і пачутае.
На “пачутым” я зрабіла б дадатковы акцэнт, бо ў гэтым спектаклі, ледзь не ўпершыню за апошнія гады, з любоўю і жывым маўленнем (не скорагаворкай “сабе пад нос” ды не пафасна-”тэатральнай” інтанацыяй) да гледача быў данесены змест кожнай фразы. І дзякуючы менавіта гэтай акалічнасці спектакль адбыўся — пры ўсім наўмысна абмежаваным адборы сродкаў выразнасці і “трыманні курсу” выключна на традыцыяналізм, на быццам бы “замшэлы” рэалізм, на адмову ад якіх бы ні было рэжысёрскіх эксперыментаў, сімвалічных падтэкстаў, глабальнай канцэптуальнасці і іншых мудрагелістасцей, без чаго сучасны тэатр, здавалася б, асуджаны на пагібель.
Хаця не: рэжысёрскі эксперымент быў. Бо як іначай назваць тое, што побач з папулярнымі і таленавітымі артыстамі, здольнымі самастойна, без рэжысёрскіх “перашкод”, ператварыць які заўгодна бляклы драматургічны матэрыял у падзею вялікай каштоўнасці, у спектаклі былі задзейнічаны некаторыя звычайна “драўляныя”, проста зусім не “раскручаныя” артысты, пазбаўленыя рэжысёрскай увагі. І пры гэтай рознасці “вагавых катэгорый” — склаўся выдатны акцёрскі ансамбль. Спектакль стаўся адкрыццём багатага творчага патэнцыялу раней другасных акцёрскіх імёнаў. Для прызнаных жа майстроў накшталт народнага артыста СССР Генадзя Аўсяннікава (Ванюшын) ён — новая творчая прыступка. У ім кожны ўдзельнік — зорка, якой рэжысёр Аляксандр Гарцуеў (а гэта, безумоўна, яго лепшая на сённяшні дзень пастаноўка) знайшоў максімальна выйгрышнае месца на сцэне. Вылучэнню на першае месца саміх акцёраў (чытай — герояў спектакля) садзейнічае гэткая ж простая, максімальна рэалістычная сцэнаграфія Ігара Анісенкі, літаральна “спісаная” з самой п’есы. Стварэнне адпаведнай псіхалагічнай атмасферы (зноў жа паводле традыцый, толькі ўжо 1970-х) ускладзена на музыку, дзе замест кідка тэатральных, запамінальных мелодый на першы план выходзіць тэмбравая аура, што як нельга лепей перадае адчуванне стану нацягнутай струны. Спектакль быццам у чарговы раз даказвае, што ў мастацтве важна не толькі “што”, але і “як”: для многіх дзіўна, але зварот да традыцыяналізму таксама можа быць плённым, калі ён зроблены на добрым узроўні.
Нельга сказаць, што тры гадзіны, якія доўжыцца гэты надта працяглы, па цяперашніх мерках, спектакль, пралятаюць у адно імгненне. Бо ён патрабуе і ад гледача такой жа душэўнай працы, засяроджанага асэнсавання трагедыі разбурэння сям’і, а праз яе — і грамадства. Сёння, на адлегласці большай як стагоддзе (п’еса напісана ў 1901 г.) лёсы шасцярых нашчадкаў уладара невялічкай крамы міжволі прачытваюцца скрозь прызму будучых рэвалюцыйных гадоў і першых савецкіх дзесяцігоддзяў.
І трагедыя ўзрастае да памераў Сусвету.
А “прымерванне” складаных сямейных узаемаадносін герояў на цяперашнія рэаліі вымушае прызнацца: спектакль — пра кожнага з нас, незалежна ад сямейнага становішча і “надвор’я ў доме”.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: сцэна са спектакля
“Дзеці Ванюшына”.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА