Пераемнасць і інтэграцыя

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Віктар ВАЛАТКОВІЧ, загадчык кафедры духавой музыкі БДУКіМ, кіраўнік аркестра духавых і ўдарных інструментаў “Светач”, беларускага народнага аркестра
Фестываль студэнцкіх тэатраў, што ладзіцца ў Мінску колькі гадоў запар, вымушае правесці паралелі з навучальнымі музычнымі калектывамі — і канстатаваць, што падобнага форуму студэнцкіх аркестраў у нас, на жаль, няма.

/i/content/pi/cult/564/12369/5-4.jpgНагадаю, калісьці існаваў агляд-конкурс, які праводзіўся паміж аркестрамі музычных вучылішчаў і каледжаў краіны. Сёння кожная навучальная ўстанова сама дбае пра тое, дзе і як паказваць свае калектывы. А гэта неабходна!

Праз студэнцкія аркестры мы рыхтуем будучых артыстаў, вучым іх любіць сваю прафесію. Вырашаюць калектывы і выхаваўчыя задачы, садзейнічаюць адпаведнай эстэтычнай скіраванасці навучэнцаў, выпрацоўваюць добры густ. Канцэртныя ж выступленні — гэта не толькі мэта, але і выніковы сэнс існавання вучэбных аркестраў, некаторыя з якіх маглі б “паспрачацца” і з прафесійнымі калектывамі.

Любое студэнцкае згуртаванне штогод змяняе свой склад. Я не прытрымліваюся меркавання, што студэнты, маўляў, пайшлі “не тыя”. Не бывае дрэнных дзяцей і часоў! Проста да кожнага пакалення (і да кожнай асобы ўвогуле) трэба шукаць свае падыходы. Нават у тым, што склад такіх калектываў надзвычай рухавы і з кожным сезонам змяняецца, можна ўбачыць не толькі відавочныя мінусы, але і схаваныя плюсы. Бо такія аркестры не “старэюць”, назаўжды застаюцца маладымі, не дазваляючы старэць і сваім кіраўнікам. У іх лепш адчуваецца, з аднаго боку, пераемнасць традыцый, з іншага — інтэграцыя, з’яднанне прадстаўнікоў розных курсаў і розных музычных спецыялізацый у адзінае цэлае.

Апошняе тычыцца любых аркестраў: ад сімфанічных і камерных да духавых і народных. Я далёкі ад снабізму і ад таго, каб сцвярджаць, як некаторыя, што апошнія з вышэйпералічаных абмежаваныя ў жанрах, стылях, выразных сродках. Наадварот! Ужо ў самім іх складзе ёсць тая “разыначка”, што адразу надае ім адметнасць, якую і трэба развіваць. Не бывае дрэнных складаў — як не бывае музыкі лёгкай і сур’ёзнай: ёсць толькі добрая і… “ніякая”.

А колькі новых, не скарыстаных раней інструментальных фарбаў можна знайсці ў спалучэннях розных аркестравых складаў, у іх дыялогу, калі розныя калектывы выступаюць у адной праграме! Такі парад аркестраў — студэнцкіх і прафесійных — можна было пабачыць і пачуць на нядаўнім канцэрце ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе я адзначыў свой юбілей (іншымі словамі, скарыстаў “круглую лічбу” для паказу калектываў).

І так заўсёды: шукаю магчымасці, каб была нагода выступіць маім студэнтам. Той жа аркестр “Светач” пабываў у Германіі, у розных гарадах Расіі. Паўсюль — фурор, прызы, у тым ліку Гран-пры. Вядома, вялікія склады складаней кудысьці вывезці, патрабуецца больш грошай, чым на той жа камерны ансамбль. Але імкнуся знайсці замежныя фестывалі, дзе аплочваюць пражыванне і харчаванне, а часам і дарогу, хаця б часткова. Здараецца, дапамагаюць спонсары. Ёсць, праўда, і конкурсы, якія праводзяцца па дасланых відэазапісах. Але такая форма менш цікавая і можа выкарыстоўвацца, на маю думку, на першым туры, на падрыхтоўчым этапе. Бо для музыкантаў важна атмасфера творчага спаборніцтва, стасункі, што завязваюцца на такіх мерапрыемствах. І магчымасць павучыцца на чужых прыкладах, як трэба ці як не трэба. Такія выступленні стымулююць і ўласна навучальны працэс, бо ў паездкі, зразумела, мы бярэм лепшых. А знаёмства з калектывамі іншых краін дапамагае лепш адчуваць свае нацыянальныя рысы, захоўваць традыцыі і не толькі на словах ўлівацца ў еўрапейскую культуру.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"