“На кантролі ўлады…"

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

У “К” № 46 ад 14 лістапада бягучага года быў апублікаваны артыкул Яўгена Рагіна і Кастуся Анатановіча “Пакуль гарыць Свяча?..”, прысвечаны развіццю культуры на Віцебшчыне, у тым ліку — у Бешанковіцкім раёне. Артыкул быў накіраваны на рэагаванне старшыні Бешанковіцкага райвыканкама Леаніду Пянькоўскаму.

/i/content/pi/cult/564/12367/5-2.jpgРэдакцыя атрымала адказ ад намесніка старшыні Бешанковіцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Мікалая Заблоцкага. Вось што ён піша:

“У адказ на Ваш ліст Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт паведамляе, што ў раёне праводзіцца планамерная работа па ўмацаванні матэрыяльнай базы, рамонце памяшканняў устаноў культуры рэгіёна.

Так, завершаны рамонт даху Бешанковіцкага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, рамантуецца фасад будынка і добраўпарадкоўваецца тэрыторыя. Аб завяршэнні рамонту Вам будзе паведамлена дадаткова.

На 2015 — 2017 гады запланаваны капітальны рамонт Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў, якая размяшчаецца ў былым палацы Храптовічаў, пабудаваным напрыканцы XVIII стагоддзя. Ужо гатова праектна-каштарысная дакументацыя, праводзяцца работы па рамонце падвальных памяшканняў. Аб завяршэнні рамонту Вам будзе паведамлена дадаткова.

За кошт уласных сродкаў устаноў культуры Бешанковіччыны ў 2015 годзе набыў сучасны выгляд Ульскі сельскі дом культуры, дзе адрамантаваны глядзельная зала, санвузел і іншыя памяшканні.

Пытанне рамонту Раённага дома рамёстваў ці выдзялення ўстанове культуры іншага памяшкання знаходзіцца на кантролі ўлады. Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі накіраваў хадайніцтва ў раённы Савет дэпутатаў аб выдзяленні падчас планавання раённага бюджэту на 2016 год грашовых сродкаў на рамонт будынка Дома рамёстваў.

У адказ на Ваш артыкул “Пакуль гарыць Свяча?..” паведамляем: загадчык Свячанскага сельскага клуба-бібліятэкі З.А. Матора 29 кастрычніка з 17.40 адсутнічала на рабочым месцы ў сувязі з тым, што выдавала насельніцтву кнігі па месцы жыхарства. Загадчык клуба-бібліятэкі папярэджана начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама аб неабходнасці пакідаць тлумачальныя запіскі пра сваё месцазнаходжанне ў працоўны час.

Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт дзякуе за змястоўныя артыкулы пра культуру раёна і спадзяецца на далейшае плённае супрацоўніцтва з Вашай газетай”.