“Недабуды” ў чаканні

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Гомельшчына: вынікі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады
Набыццё музычных інструментаў для дзіцячых школ мастацтваў, закупка новых камплектаў сцэнічных касцюмаў для калектываў са званнямі “народны” і “ўзорны”, устаноўка камп’ютараў літаральна ва ўсіх бібліятэчных установах — гэта асноўнае, чым могуць сёння пахваліцца кіраўнікі сферы культуры таго ці іншага раёна Гомельшчыны ў якасці выніка дзеяння Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады… Што ж, знаёмая карціна. Бо менавіта пра гэта казалі мне літаральна ўсе кіраўнікі сферы і ў іншых рэгіёнах Беларусі. І гэтыя факты, натуральна, не маглі не радаваць. Але ж калі размова заходзіла пра рамонтныя работы ва ўстановах культуры ці пра забеспячэнне кінатэатраў Гомельскай вобласці найноўшым тэхнічным абсталяваннем, — як гэта, дарэчы, і прадугледжана рэспубліканскай праграмай, — дык тут, на жаль, рэдка знаходзілася што-небудзь аптымістычнае…

Мерапрыемства дзеля мерапрыемства

Вось і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Петрыкаўскага райвыканкама Вольга Усціновіч-Насека зазначыла, што найбольшыя фінансавыя ўкладанні раён атрымаў не ад Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, а ад іншай — Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2011 — 2015 гады.

— Наш раён, як і некаторыя іншыя раёны Гомельшчыны і Брэстчыны, увайшоў у гэтую праграму, і таму мы змаглі даволі істотна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу нашых устаноў культуры, — зазначыла Вольга Уладзіміраўна. — Хаця, натуральна, пэўныя сродкі нам выдаткоўваліся і паводле праграмы “Культура Беларусі”. Так, мы змаглі набыць найноўшыя камп’ютары і ноўтбукі ў бібліятэкі раёна, а таксама закупіць розныя музычныя інструменты для нашай ДШМ.

Па словах Вольгі Усціновіч-Насека, даведзеныя паказчыкі па павелічэнні клубных фарміраванняў, як і па наведвальнасці бібліятэк ды канцэртных мерапрыемстваў, удалося выканаць.

— Іншая справа, што зрабіць гэта было даволі цяжка, — кажа кіраўнік сферы. — Таму, натуральна, яшчэ больш канцэртаў за наступныя пяць гадоў зладзіць наўрад ці здолеем. Бо не сакрэт, што да кожнай культурнай дзеі трэба рыхтавацца, пісаць сцэнарый, прыдумваць нестандартныя хады і гэтак далей. Рабіць мерапрыемства дзеля мерапрыемства, пагадзіцеся, не варта…

Вольга Усціновіч-Насека дадала, што пэўныя сродкі — каля 250 мільёнаў рублёў — паводле Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” выдаткоўваліся і на рэстаўрацыю Пакроўскай царквы ў Петрыкаве. Але пакуль будаўнічыя работы на гэтым аб’екце працягваюцца…

3D — сваімі сіламі

Яшчэ адна праблема палягае ў тым, што некаторыя кінатэатры Гомельскай вобласці, пра якія згадваецца ў Дзяржпраграме “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, не толькі не зазналі капітальнага рамонту, а нават і не атрымалі сродкаў пад закупку і ўсталёўку лічбавых кінапраектараў ці найноўшага кінапраекцыйнага і гукавога абсталявання.

Напрыклад, такую карціну я асабіста назіраў у Чачэрску. Як патлумачыў дырэктар камунальнага кінавідовішчнага ўнітарнага прадпрыемства “Чачэрсккінавідэасетка” Сяргей Мельнікаў, рамонт мясцовага кінатэатра “Кастрычнік” быў прадугледжаны менавіта Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады.

— На жаль, сродкі пад рамонт мы так і не атрымалі, — канстатуе Сяргей Мельнікаў. — Як і не змаглі ўсталяваць у кінатэатры найноўшае кінавідэаабсталяванне, што таксама прадугледжана Дзяржпраграмай. Пакуль што знайшлі выйсце ў абсталяванні невялікага памяшкання, дзе дэманструем фільмы ў 3D-фармаце для 6 — 10 чалавек на платнай аснове.

Гэтак жа, дарэчы, зрабілі і ў Лельчыцах. Па словах начальніка аддзела ІРКСМ мясцовага райвыканкама Наталлі Гаўрылавец, літаральна нядаўна — 4 снежня бягучага года — у мясцовым кінатэатры “Беларусь” быў адкрыты невялікі зал на 20 месцаў, дзе цяпер дэманструецца кіно ў папулярным 3D-фармаце. Грошы пад гэтыя мэты, сцвярджае суразмоўца, пайшлі не надта вялікія — каля 150 мільёнаў рублёў.

— У цэлым Дзяржпраграма “Культура Беларусі” нам вельмі дапамагла, дала нейкія арыентыры для працы, — кажа візаві. — Мы выканалі ўсе даведзеныя паказчыкі, хоць, прызнаюся, зрабіць гэта было складана. Адно што не ўстялявалі электронны каталог у раённы краязнаўчы музей. Але сродкі пад гэтыя мэты прадугледжаны ў мясцовым бюджэце, і да канца года гэтае тэхнічнае абсталяванне будзе набыта…

Пакуль толькі праекты

Як я ўжо зазначаў, у першую чаргу цяжкасці ў некаторых раёнах Гомельскай вобласці ўзніклі з запланаванымі адпаведна Дзяржаўнай праграме рамонтамі ва ўстановах культуры. Напрыклад, у начальніка аддзела ІРКСМ Брагінскага райвыканкама Ігара Самбука падобных “недабудаў” хапае.

— Напрыклад, згодна з Дзяржпраграмай мы павінны былі за гэтыя пяць гадоў правесці рэканструкцыю і капітальны рамонт будынка былой аптэкі пад Брагінскую дзіцячую школу мастацтваў, — заўважае Ігар Васільевіч. — Пакуль што зрабілі толькі праектна-каштарысную дакументацыю, якая пацягнула больш чым на 300 мільёнаў рублёў. Самі будаўнічыя работы запатрабуюць каля 7 мільярдаў. Сума, як бачыце, немалая, і, на жаль, так і не была нам выдаткавана. Таму навучэнцам ДШМ даводзіцца сёння, як і раней, “кватараваць” у Раённым доме культуры.

Ёсць у Брагіне і іншыя праблемныя аб’екты.

— Паводле Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” ў райцэнтры таксама планавалася рэканструкцыя будынка былой крамы пад выставачную залу, — працягвае Ігар Самбук. — Яшчэ ў 2012 годзе намі была зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на 200 мільёнаў рублёў. У 2013 — 2014 гадах мы правялі на гэтым аб’екце некаторыя работы: замянілі дах і вокны ў будынку, на што пайшоў прыкладна мільярд рублёў. На жаль, пакуль што працягнуць работы нам не ўдалося з-за адсутнасці фінансавання.

Чакае будаўнікоў і Брагінскі РДК.

— Праектна-каштарысная дакументацыя па названым аб’екце была зроблена ў пачатку 2014 года, але далей справы не пайшлі, — кажа візаві. — Справа ў тым, што рамонтныя работы таксама запатрабуюць даволі шмат грошай: прыкладна 9 мільярдаў рублёў. Пакуль што фінансавання пад рамонт мы, на жаль, так і не атрымалі. Вельмі спадзяемся, што ўсе неабходныя работы і ў РДК, і ў іншых аб’ектах сферы культуры райцэнтра будуць выкананы ў наступных гадах. Магчыма, ужо і па іншай Дзяржпраграме…

Відавочна, што, хоць Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады паспрыяла ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы шматлікіх устаноў культуры рэгіёна, пэўныя цяжкасці як з выкананнем даведзеных паказчыкаў, так і ў правядзенні запланаваных рамонтаў у многіх арганізацыях сферы таго ці іншага раёна захоўваюцца.

— Справа ў тым, што толькі за гэты год мы аптымізавалі 32 установы культуры рэгіёна, — адзначыла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка. — Скарачэнне сеткі ўстаноў адбывалася і ў мінулыя гады, таму выканаць некаторыя пункты, даведзеныя Дзяржаўнай праграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, было вельмі цяжка. Напрыклад, мы выйшлі на запланаваныя паказчыкі па павелічэнні колькасці клубных фарміраванняў, наведвальнасці музеяў, а вось іншыя — у першую чаргу, па павелічэнні наведвальнасці бібліятэк ды абнаўленні бібліятэчных фондаў — намі, на жаль, не выкананы.

У гэтым ёсць, натуральна, і аб’ектыўныя прычыны, скажам, тая ж аптымізацыя. Да таго ж не варта забывацца, што, скараціўшы бібліятэчныя і клубныя ўстановы, мы працягваем культурнае абслугоўванне жыхароў многіх населеных пунктаў пры дапамозе аўтаклубаў і аўтабібліятэк. Акрамя таго, зазначу: сёння яскрава заўважаецца тэндэнцыя да адмены многіх камерцыйных канцэртаў як у Гомелі, так і па ўсёй вобласці. Гэты факт таксама трэба ўлічваць. Таму я спадзяюся, што ў наступнай Дзяржпраграме “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады падобных паказчыкаў ужо не будзе. Да слова, мы падрыхтавалі свае прапановы Міністэрству культуры Беларусі і, цалкам магчыма, яны будуць пачутыя...

Што да паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, дык, натуральна, зрабіць усё, што планавалася, мы не змаглі. Хоць і тут ёсць станоўчыя прыклады. Так, напрыканцы мінулага года мы адкрылі музей-сядзібу ў Чырвоным Беразе на Жлобіншчыне. Сёння ў музейнай установе ўстялявана старадаўняя мэбля, прадастаўленая нам на дэпазіт прыватным калекцыянерам. Таксама варта сказаць, што цягам апошніх гадоў працягваліся работы па стварэнні музея пад адкрытым небам на месцы стаянкі перыяду верхняга неаліту ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна. У наступныя гады чакаецца працяг будаўнічых работ. Акрамя таго, ёсць пэўныя зрухі і ў паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы кінавідэасеткі Гомельшчыны. Так, на сёння ў васьмі раёнах Гомельскай вобласці маюцца кіназалы, абсталяваныя найноўшым тэхнічным абсталяваннем. Натуральна, мадэрнізацыя працягнецца і ў наступныя гады…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"