Брэст, Лідчына, Астравеччына, Наваполацк...

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г


/i/content/pi/cult/564/12364/11-1.jpgБрэст / Пагартаць сямейны альбом

Урачысты вечар “Сямейны альбом”, прысвечаны 75-годдзю Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна, адбыўся ў Абласным цэнтры маладзёжнай творчасці.

Нашы гледачы ўбачылі на сцэне восеньскі бульвар, лавачкі, ліхтары… Вядучая гартае стары альбом. З дапамогай яго з’яўляюцца выявы блізкіх і сяброў, якіх з’яднала “Пушкінка”. За ўзростам бібліятэкі — не толькі лёсы яе супрацоўнікаў, але і гісторыя краіны. Цягам 75 гадоў не раз змяняўся статус установы, ведамасная падпарадкаванасць, прыярытэты, месца прапіскі.

Пра гэта ўдзельнікі вечара даведаліся са слайд-прэзентацыі. Кожны прысутны ветэран бібліятэчнай працы атрымаў кветкі і альбом пра “Пушкінку” пад назвай “Гісторыя з працягам”.

Захавальнікаў кніжнай культуры віншавалі пісьменніца Зінаіда Дудзюк, журналіст Рыгор Тамашэвіч, калегі, выхаванкі харэаграфічнай школы, вучні сярэдняй школы № 15, кіраўнік народнага ансамбля джазавай музыкі “Буг-Бэнд” Павел Харэвіч, выканаўцы Марына Жыцянёва, Ангеліна Піпер і іншыя госці.

Святлана ГАРАДЗЕЦКАЯ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

Лідчына / Чарговы іспыт — чарговы поспех

Узорны харэаграфічны ансамбль “Крышталікі” Бярозаўскага ГДК прэзентаваў у Сербіі і свой родны горад Бярозаўку, і ўсю Беларусь. Юнакі і дзяўчаты сталі ўдзельнікамі Міжнароднага фестывалю “Радасць Еўропы”, які праходзіў у Бялградзе ў сорак шосты раз.

Гэта была не выпадковая ўдача, а вынік упартай працы і танцораў, і іх нязменнага кіраўніка ды пастаноўшчыка ўсіх танцаў Жанны Лебядзевіч. І хоць калектыву больш за дваццаць гадоў, у яго скарбонцы нямала ўзнагарод, здабытых ва Украіне, Расіі, Польшчы, Літве, ЗША. Але да кожнага новага конкурсу “Крышталікі” рыхтуюцца з вялікім хваляваннем і самааддачай.

Старанні не прайшлі дарэмна. Нашым танцорам апладзіравала пяцітысячная зала, у тым ліку прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч. А Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Сербія Уладзімір Чушаў уручыў “Крышталікам” ганаровую грамату за вернасць традыцыям беларускага народа, адзначыў каларыт і маляўнічасць не толькі танцаў, але і нацыянальных касцюмаў. Кіраўнік Сербіі звярнуў на калектыў асаблівую ўвагу, і з 18 краін-удзельнікаў фэсту толькі беларусы былі запрошаны выступіць у прэзідэнцкай рэзідэнцыі.

Нашы танцоры не абмежаваліся конкурснай праграмай і з задавальненнем выступілі ў Доме дружбы перад суайчыннікамі, якія жывуць у Сербіі.

Ларыса КАРОЦЬКА, дырэктар Бярозаўскага ГДК

 

Астравеччына / Варнянскія сустрэчы

Варнянская сельская бібліятэка Астравецкага раёна заснавана ў 1939 годзе. Ёю штогод карыстаюцца 750 чытачоў, з іх 300 — дзеці. Фонд установы — 16 тысяч асобнікаў. З 1992 года тут сумленна працуе Алена Багдановіч, бібліятэкар першай катэгорыі з вышэйшай адукацыяй.

Сёлета наш раён адзначаў 75-годдзе. З гісторыяй краю і вёскі Варняны чытача знаёміць выстава “Астравеччына — край дарагі”. Копіі здымкаў і літаграфій Варнян першай паловы XIX — пачатку XX стагоддзя і сучасныя фота прадстаўлены ў раздзеле “Варняны старадаўнія і сучасныя”.

Бібліятэка актыўна рыхтавалася да 70-годдзя Вялікай Перамогі. На працягу года дзейнічала кніжная выстава, прысвечаная гэтай тэматыцы. На ўроку памяці “Трагедыя вайны ў памяці народнай” адбылася электронная прэзентацыя базы дадзеных “Помні іх імёны — яны прайшлі дарогамі вайны”.

Сёлета ў бібліятэцы адзначаліся юбілеі знакамітых творчых асоб, звязаных творчасцю і лёсам з нашым краем. Пісьменнік Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч) нарадзіўся ў вёсцы Клюшчаны ў 1890 годзе. Падчас гадзіны гісторыі “Беларускі святар і паэт” вучні Варнянскай СШ пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам знакамітага земляка, адказалі на пытанні віктарыны.

Да 150-годдзя з дня нараджэння Старога Уласа (Уладзіслава Сівога-Савіцкага), збіральніка фальклору, паэта-самавука і публіцыста ХІХ стагоддзя з Валожына, які некаторы час пражываў у Варнянах, падрыхтавана электронная прэзентацыя пра жыццядзейнасць Старога Уласа. Дзеці чыталі вершы і ўрыўкі з галоўнага твора пісьменніка — паэмы “Год беларуса”.

З 2007 года пры бібліятэцы працуе гасцёўня “Варнянскія сустрэчы”, якая мае дзесяць пастаянных удзельнікаў ва ўзросте ад 25 да 65 гадоў. Сустрэчы адбыліся з пісьменнікам Вячаславам Рагойшам, з прафесарам Адамам Мальдзісам, краязнаўцам Алесем Юркойцам, з мясцовымі аматарамі паэзіі.

Святлана ЯЛОЎСКАЯ, метадыст аддзела маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі

 

Наваполацк / Дзеці пра творчасць

Дзіцячая мастацкая школа імя Івана Хруцкага з Наваполацка стала прызёрам XVII Адкрытага міжнароднага форуму дзіцячай творчасці “Экалогія душы”, што праходзіў у Калінінградзе. Арганізатар — мясцовая мастацкая школа.

Форум ладзіцца штогод. Гэтым разам конкурс быў прысвечаны тэме “Мастак і літаратура”. У ім прынялі ўдзел больш за паўтара мільёна работ юных мастакоў з Украіны, Казахстана, Кіргізстана, Літвы, Расіі, Польшчы, Германіі, Швецыі, Латвіі, Беларусі, Эстоніі, Румыніі, Балгарыі і Арменіі.

Па выніках конкурсу работы навучэнцаў Наваполацкай мастацкай школы імя Івана Хруцкага адзначаны дыпломамі другой ступені (Уладзімір Башун, Злата Горупіч) і дыпломамі ўдзельніка выніковай выставы (Лізавета Сцяпук, Анастасія Магранава, Анастасія Путро, Аляксандра Шохціна).

Аксана ТАРАСІКАВА, дырэктар Наваполацкай ДМШ імя Івана Хруцкага