Ягадка для раённага торта

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

“Сунічныя” акцэнты Лёзна
Наш чарговы артыкул “з колаў” — пра культуру Лёзненскага раёна. Шчыра скажам, мы пабывалі тут у такім фармаце ўпершыню. Таму нечаканасцяў сустрэлі шмат. Балазе, нечаканасці гэтыя былі адно толькі станоўчыя ды пазітыўныя. Інакш кажучы, падстаў для працягу гаворкі пра культурныя брэнды раёнаў з’явілася больш чым дастаткова.

/i/content/pi/cult/564/12363/10-1.jpgА памяць жыве…

На Лёзненшчыне адразу пачалі здзіўляцца. У вёсцы Стасева пабачылі бадай адзіныя на Беларусі афіцэрскія могілкі. Тут пахавана 168 малодшых і старшых афіцэраў чырвонай арміі. Аказваецца, у гэтым мястэчку дзевяць месяцаў, з восені 1943 па чэрвень 1944-га, стаяў фронт. Прарваны ён быў цаной неймаверных высілкаў, у выніку — кожная пядзя стасеўскай зямлі паліта крывёй. Прайшоў час. Вёска стала аграгарадком, шмат што змянілася. Але памяць жыве…

Стасеўскай сельскай бібліятэкай кіруе Валянціна Тарасевіч. Цікавым падалося не столькі шчыльнае супрацоўніцтва ўстановы з мясцовай царквой, колькі тое, што на адным з бібліятэчных стэлажоў захоўваецца вельмі неблагая калекцыя старадаўніх рэлігійных кніг. Для сельскай установы — сапраўдны эксклюзіў. Юны чытач не-не ды зацікавіцца такой кнігай, што рабілася для душы ды веры… А як не — зразумець тое яму дапаможа бібліятэкар разам са святаром.

З Валянцінай Віктараўнай цікава размаўляць. Яна ведае свае фонды і сваіх чытачоў, а таксама гісторыю вёскі, якая стала падчас Вялікай Айчыннай месцам народнага подзвігу. І сама бібліятэка — дыхтоўная ды ўтульная. Адразу відаць, што Стасева — аграгарадок са сваёй адметнай культурай.

Гэткі ж зграбны і СДК. Было тут надзвычай людна — мясцовыя дзяўчаты на сцэне праводзілі рэпетыцыю. Дырэктар Святлана Казакова патлумачыла, што ўстанова рыхтуецца да справаздачнага канцэрта. Парадавала прыстойная апаратура: за выніковую працу аддзел узнагародзіў СДК мультымедыйнай устаноўкай.

Была на рабочым месцы і майстар-метадыст Лёзненскага дома рамёстваў Галіна Гаўрыленка — кіравала сваім гуртком. Справа ў тым, што РДР мае два сельскія філіялы: у Дабрамыслі і ў Стасеве...

...Менавіта ад Галіны Львоўны мы даведаліся, што брэнд раёна — сунічка, бо мясціны тут лясістыя і багатыя на гэтую сімпатычную духмяную ягаду. У якіх толькі матэрыялах не вырабляюцца сувеніры з яе выявай! Неверагодна, але факт: у раёне было знойдзена некалькі старадаўніх ручнікоў, на якіх вышыта выява сунічкі. Традыцыя!

Міжволі мы параўноўвалі тое, што бачылі на Бешанковіччыне, з тым, што давялося сустрэць у Лёзненскім раёне. Апошні выглядаў больш выйгрышна. Чаму? Фінансавыя магчымасці ж быццам аднолькавыя. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лёзненскага райвыканкама Таццяна Шульган тлумачыць гэта тым, што ў стасунках з кіраўніцтвам мясцовыя работнікі культуры дамагліся поўнага ўзаемаразумення. Няпростая, відаць, гэта справа.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Як дасягаецца паразуменне з кіраўніцтвам? Пры дапамозе канкрэтнай справы. Мала прыдумаць праект. Неабходна давесці яго важнасць для раёна. Зрабіць раскладку выдаткаў. Паказаць перспектыву і карысць ад доўгатэрміновай рэалізацыі. Праявіць галоўнае майстэрства работніка культуры: прапанаваць спажыўцу не тое, што ён хоча, а тое, што яму трэба… Цяпер ёсць з чым ісці да кіраўніцтва і аргументавана даводзіць, што ажыццёўлены праект якасна палепшыць культурны імідж раёна. Не я прыдумаў гэтую “тэхналогію”. Не першы год яе выкарыстоўваюць тыя начальнікі аддзелаў ІРКСМ, якія даўно сталі экспертамі “К” і адчулі нямалую выгоду праектнай дзейнасці. І немалаважная дэталь: старшыня райвыканкама павінен выглядаць не толькі як кіраўнік, які дае "адмашку" на фінансаванне культурнага праекта, але і як яго непасрэдны куратар ці, калі пажадаеце, сааўтар. Вось такія “хітрасці” супольнага ўзаемадзеяння.

Яшчэ раз аб праектах

Галоўнае пажаданне начальніка аддзела — каб ніхто не перашкаджаў працаваць. Бо ідэй хапае. І той жа “Сунічны фэст” — толькі адзін з напрамкаў праектнай дзейнасці сферы культуры Лёзненшчыны, галоўная мэта якой зрабіць раён пазнавальным не толькі ў вобласці. Не выпадкова наладжаны вельмі шчыльныя стасункі з установамі культуры суседняй Расіі — найперш, са Смаленскам, Ельняй, Рудняй і Веліжам. Гэта і прэзентацыйныя канцэрты, і выязныя спектаклі, і абмен досведам. Вось толькі, па словах Таццяны Шульган, сітуацыя ў суседзяў больш складаная, бо ў выніку аптымізацыі рэгіянальная культура ў Расіі моцна пацярпела.

Але вернемся да праектаў, найперш, фестывальных, якія нараджаюцца ў раёне ці не кожны год. Апошнія — “Танцуем разам”, мэта якога аднаўляць старадаўнія і ўдасканальваць сучасныя танцы, ды “Спяваючае пакаленне”, удзельнікамі якога сталі як калектывы і выканаўцы сталага ўзросту, так і маладыя спевакі. Самымі ж папулярнымі аказаліся сацыяльныя праекты “Сям’я года”, “Я — мама”, канцэпцыя якіх належыць начальніку аддзела.

Пагадзіцеся, крыўдна, калі фестываль ці свята замест таго, каб стаць традыцыйным, праходзіць толькі аднойчы, так і не атрымаўшы розгаласу і папулярнасці. Разумеюць гэта і ў Лёзне. Згадаем выдатны прыклад. Фестываль самадзейных паэтаў і кампазітараў “Песні сунічных бароў”, што па сваіх маштабах даўно перарос раённы ўзровень, а таму налета арганізатары прапануюць зрабіць яго міжнародным.

У чым сакрэт актыўнасці? Можа, у прымусе? Некалькі гадоў таму перад кожным клубам была пастаўлена задача прыдумаць свой гімнічны спеў і сімволіку, знайсці адметныя для мясцовасці абрады і традыцыі. У выніку сёння збіраюцца ўключыць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці Кавалёўскую Кадрылю, актыўна даследуюць асаблівасці пахавальнага абраду і калядак. Але, думаецца, для творчых работнікаў культуры Лёзненшчыны галоўны стымул не ў прымусе, а ў магчымасці самарэалізавацца, паказаць сябе творцамі.

Вось і атрымліваецца, што культура ў гэтым краі, як мы змаглі пераканацца, — нібы тая ягадка на торце раённага іміджу. І яркая, і прывабная, і карысная.

Пярэбары — у плане

Чарговы праект — перасяленне Лёзненскага РДР у больш прасторны будынак культурна-аздараўленчага цэнтра, які плануецца здаць 3 ліпеня наступнага года. Не, і стары будынак Дома рамёстваў, што месціцца сёння амаль насупраць краязнаўчага музея, выглядае больш-менш прыстойна. У гэтым памяшканні ўстанова месціцца з 1995 года, пасля таго як тагачасны аддзел культуры выкупіў будынак былой ашчаднай касы. З цягам часу тут былі праведзены водаправод, газавае ацяпленне. Сёння ва ўстанове працуе 7 чалавек, якія займаюцца вышыўкай і керамікай, лоза- і саломкапляценнем, ласкутным шыццём і маляваннем па шкле. А вось тым жа ткацтвам ці ганчарствам не дазваляе займацца адсутнасць вольных плошчаў. Менавіта ў гэтым і выяўляецца адзіная, але характэрная для падобных устаноў краіны бяда — цесната.

Яшчэ адзін аргумент для запланаваных летніх пярэбараў — павелічэнне колькасці гурткоўцаў. Чым больш носьбітаў традыцыі, тым больш важкі імідж у раёна, дзе дбаюць не толькі пра надоі, прывагі і ўраджайнасць…

Сёння ў памяшканнях РДР літаральна кожны квадратны сантыметр заняты, каб найбольш выйгрышна прэзентаваць тое, што вырабляюць майстры і іх выхаванцы. Гэтая “сунічная паляна” з часам значна павялічыцца. І не толькі яна — ідэй у мясцовых работнікаў культуры багата.

Агучым толькі некаторыя. Прыкладам, плануецца ўвесці новыя платныя паслугі: афармленне вясельных картэжаў, святочных урачыстасцяў. Пасля пераезду плануецца прапанаваць маладажонам і сам абрад беларускага вяселля, адмысловыя вырабы ганчарнай майстэрні. Чым не выдатны прыклад для іншых раёнаў! Але ў Лёзненскім РДР думаюць не толькі пра грошы. Маюць тут жаданне аднавіць традыцыю стварэння бабінавіцкіх свістулек. Сёння, на жаль, майстроў ужо няма, але іх працы зберагаюцца і выстаўляюцца ў мясцовым краязнаўчым музеі, у музеях Оршы, Мінска, Магілёва і нават Масквы. Плануецца арганізаваць абласное свята, прысвечанае ляльцы-абярэгу. У гэтай справе мяркуецца наладзіць супрацоўніцтва са стваральнікамі падобных лялек з Рагачоўскага і Любанскага раёнаў. Пакуль жа з адметнасцямі гэтай народнай з’явы можна пазнаёміцца на выставе ў РДР, прысвечанай абрадавым лялькам, іх значэнню ў мясцовай культуры і побыце. Вось толькі суправаджаюць тыя лялькі надпісы па-руску, што не спрыяе адлюстроўванню беларускага каларыту. На нашу заўвагу кіраўнік Дома рамёстваў зазначыла, маўляў, у дзейнасці ўстановы пераплецены розныя культуры. Ды ўсё ж… Не надта важкі аргумент…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Кожнае падарожжа па Беларусі — гэта магчымасць апроч усяго іншага знайсці адметны сувенір. Лёзненскі дом рамёстваў у гэтым плане атрымаўся на дзіва спакуслівым. Даўно не мелі такога вострага жадання спусташыць свае кашалькі. Вось толькі заставалася шкадаваць, што Лёзненскі раён нам выпала наведаць у апошні дзень нашай аўтавандроўкі… З іншага боку, калі ёсць жаданне завітаць ва ўстанову культуры, значыць, у яе эфектыўнасці можна не сумнявацца.

Бібліятэчная “Флора”

Яшчэ адной прычынай уводу ў эксплуатацыю культурна-аздараўленчага цэнтра, як аказалася, стала сітуацыя з ЦБС. Бібліятэчныя ўстановы сёння размяшчаюцца ў чатырох месцах горада, што не зручна ні чытачам, ні супрацоўнікам.

Тым не менш такая сітуацыя не замінае бібліятэкарам не толькі выконваць сваю асноўную задачу — забяспечваць попыт грамадскасці на кнігі, — але і займацца праектнай дзейнасцю. Адна з акцый — “Літаратурная карта Лёзненшчыны”, даведацца пра якую можна на сайце ЦБС. Актыўна супрацоўнічаюць бібліятэкі раёна (на сёння іх засталося 16) і з мясцовай царквой, сведчаннем чаму — актыўны ўдзел у конкурсе па духоўным выхаванні.

І ўсё ж самы вядомы бібліятэчны праект — народны клуб “Флора”. Гэтаму аб’яднанню ўжо 28 гадоў. Здавалася б, чым нарыхтоўка лекавых зёлак, абмен насеннем, раслінамі звязаны з чытаннем? Ды хаця б тым, што на рэгулярныя дэгустацыі і презентацыі новых чайных збораў збіраецца з паўсотні чалавек, большасць з якіх не сыходзіць дадому без кнігі. Па словах кіраўніка “Флоры” Наталлі Івановай, сябры аб’ядання распрацавалі безалкагольны напой пад назвай “Смузі” на аснове, вядома ж, суніц, а таксама плануюць выйсці на рынак з унікальным складам зёлак для запарвання ў лазні. Але гэтая тэма — для асобнага артыкула.

Ад Марка Шагала да Якава Сталіна

Кваліфікаваныя музейшчыкі вельмі падобныя да бібліятэкараў сваёй апантанасцю. Яны гадзінамі могуць апавядаць пра свой край і ягоных герояў. Для Лёзна такім героем на вякі застанецца Марк Шагал. Пра тое, што гэтая зямля стала для яго роднай, сведчыць шыльда на Доме культуры. У гэтым жа пераконвае і адмысловы помнік, стэла якога літаральна рвецца палунаць ва ўтульным небе Віцебшчыны. Але галоўны аповед вас чакае ў музеі, дзе кіраўнік установы Вольга Самошчанка намалюе выразны партрэт Шагала на лёзненскім фоне.

Гэткі ж выразны на сёння і дызайн усёй музейнай экспазіцыі. Прапрацавана і адасоблена колерам, святлом кожная дэталь. Таму і прыцягвае ўвагу. Абнаўленне музейнага змесціва — чарговы праект аддзела ІРКСМ, рэалізаваны з падачы мясцовых улад. А прыняў гасцей музей упершыню ў 2003 годзе, пасля дзесяцігоддзя карпатлівага камплектавання фондаў. Можа таму там так шмат цікавостак. Да прыкладу, са здзіўленнем даведаліся мы, што менавіта на Лёзненшчыне трапіў у фашысцкі палон Якаў Джугашвілі — сын Сталіна…

Лёзненскі музей адрозніваецца ад іншых раённых яшчэ і тым, што ў адным будынку з ім месціцца бібліятэка са сваёй выставай — атрыбутыкай савецкай школы. Вось такая яна — нестандартная культура Лёзненшчыны.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Брэндавасць раёна на сёння — не пусты гук. Лепельшчыну ахоўвае цмок, Лёзненшчыну асвятляе сунічка… Так, брэнд — не больш чым сімвал: яркая плямінка ў шэрагу будняў. Аднак сімвал гэты — яшчэ і красамоўны доказ імкнення рэгіянальнай культуры да адметнасці ды непадобнасці, доказ таго, што пошук свайго адзінага шляху і вылучае сапраўднага творцу.

У наступных нумарах “К” мы працягнем гаворку пра культурныя брэндавыя праекты работнікаў культуры, якія знайшлі свой шлях да душ і сэрцаў.

Фота аўтараў

Мінск — Лепельскі — Бешанковіцкі — Лёзненскі раёны Віцебшчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"