Колеры-тэмбры “Шэрага козліка”

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Філармонія для дзяцей і юнацтва, якая з’яўляецца часткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі, падрыхтавала да вясновых канікулаў чарговы сюрпрыз — музычную казку “Прыгоды шэранькага козліка ў Каралеўстве музычных інструментаў”. Але, у адрозненне ад ранейшых казак, падобных да оперы ці хаця б мюзікла, цяперашняя створана выключна на інструментальнай аснове — ансамблем салістаў “Класік-Авангард”.

Перадгісторыя тых “прыгод” пачыналася шмат гадоў таму ў ранняй творчасці беларускага кампазітара Ігара Паліводы: яшчэ ў студэнцтве ён вынаходліва выкарыстаў для капусніка вядомую тэму песенькі пра козліка. Год таму гэты твор заўчасна памерлага кампазітара ўжо спрабавалі аднавіць у адным з канцэртаў дзіцячай філармоніі.
Ансамбль “Класік-Авангард” выконваў і іншага “Козліка…” — варыяцыі Алега Залётнева на гэтую тэму (між іншым, не народную, а… Моцарта).
Перадгісторыя “каралеўства” пачыналася таксама некалькі гадоў таму, прычым абсалютна незалежна. Выкладчыца тэорыі музыкі Мая Чырвоная напісала вершаваную казку пра паходжанне і асаблівасці інструментаў сімфанічнага аркестра, выдала яе спачатку як звычайную кніжку, а пазней — як агучаную на кампакт-дыску разам з музычным суправаджэннем (“К” № 34 за 2005 г. і № 11 за 2007 г.).
Нарэшце, “козлік” і “каралеўства” спалучыліся ў адну казку, дзе спачатку інструменты распавядаюць кожны пра сябе, а потым, згуртаваўшыся ў аркестр, разам “распавядаюць” пра козліка. Прычым тыя аповеды вяліся і вершаванай мовай (у выкананні Валянціны і Валерыя Ласоўскіх), і на “малюнкавай” (унутры праграмак было штосьці накшталт маляванкі гэткага птушына-звярынага аркестра з падпісанымі інструментамі), і на ўласна музычнай. У якасці сола шчодра цытаваліся “хіты”: ад “Лебядзінага возера” і “Аіды” да “Ружовай пантэры”. А ўжо казка пра козліка ўпрыгожвалася, да ўсяго, яркай дзіцячай музыкай Мікалая Чэмберджы і Атара Тактакішвілі. Дзеці проста заслухаліся тымі аркестравымі нумарамі, не заўважыўшы нават, што былая мараль пра дзіцячую непаслухмянасць ператварылася ў “дарослую казачку” пра халатнае стаўленне да бацькоўскіх абавязкаў: паводле новай версіі, бабуля сама адпусціла козліка ў лес, дзе яго і з’елі (пад даволі вясёлую музыку) галодныя ваўкі.
Усе тры паказы запар, што ладзіліся ў “цяжкі панядзелак”, прайшлі “на ўра”. Але што далей? Вазіць “Прыгоды…” па школах, як гэта адбываецца з другімі пастаноўкамі дзіцячай філармоніі, нерэальна, бо патрабуецца хаця б транспарт для перавозкі інструментаў.
Ці знойдзецца ў нас такое прадпрыемства, што здолее зрабіць сваёй дзятве падарунак?..

Надзея БУНЦЭВІЧ