Арт-маршруты Віцебска

№ 50 (1228) 12.12.2015 - 18.12.2015 г

Не таямніца, што адносна турызму ў Беларусі больш-менш упэўнена можна казаць пра прыродны і агратурызм, а вось гарадскі турызм і экскурсійныя паслугі пакуль не на самым высокім узроўні і амаль па-за грамадскай увагай. Між тым патрэба ў іх — вялікая. Таму ініцыятывы, якія цікавяцца гэтым кірункам і маюць што прапанаваць, адразу выклікаюць інтарэс.

/i/content/pi/cult/564/12358/6-2.jpg

У час перфомансу ў доме па адрасе вуліца Праўды, 5а.

Адна з ініцыятыў, “Зялёная карта Віцебска”, нарадзілася ў межах праекта “Зялёны горад”, які праводзіцца ў Віцебску і Магілёве. Такія карты гарадоў, друкаваныя і інтэрактыўныя, на карысць жыхароў і турыстаў створаны ў многіх краінах. Яны падтрымліваюць брэнд горада, павышаюць яго турыстычную і інвестыцыйную прывабнасць. Для сучаснай гарадской прасторы гэта не проста трэнд, а сацыяльная неабходнасць. Так, у Магілёве зялёная карта дзейнічае некалькі гадоў.

Тры тэматычныя кірункі — “экалогія горада”, “экалагічны лад жыцця” і “грамадства, культура, экалогія” — ахопліваюць актуальныя праблемныя прасторы. Самі зацікаўленыя грамадзяне могуць далучыцца да працы і запоўніць партал інфармацыяй. Цікава, што, па словах кіраўніка “Зялёнага горада” Марыі Фалалеевай, падчас працы над картай прыйшло асэнсаванне: у горадзе з найбагатай гісторыяй мастацтваў няма ніводнага арт-маршруту. Ідэю падхапілі Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва, віцебскія Універсітэт імя Пятра Машэрава і Тэхналагічны ўніверсітэт.

На першым этапе былі выбраны маршруты, прысвечаныя Віцебскай мастацкай школе, постацям Марка Шагала, Казіміра Малевіча і сучасных мастакоў горада. Як заўважаюць куратары праекта дацэнт ВДТУ Наталля Тарабука і старшы навуковы супрацоўнік ВЦСМ Марына Кішэня, іх мэта — даць магчымасць адчуць творчую атмасферу, культурную значнасць Віцебска. Кіруючыся гэтымі мэтамі, студэнтка кафедры геаграфіі ВДУ Вольга Рабцава склала змест маршрутаў, а студэнтка кафедры дызайна ВДТУ Руслана Хадзько аформіла праект. Праграмы арт-маршрутаў прадугледжваюць як наведванне тэматычных месцаў, напрыклад, музея Шагала, яго дома, так і сувенірных крам, кавярняў…

Тэматыка маршрутаў пашырыцца: ёсць ідэя праводзіць экскурсіі, складзеныя па індывідуальных замовах. Ладзіць іх пагадзіліся мастацтвазнаўцы ВЦСМ і студэнты профільных спецыяльнасцей ВНУ. Яны ўпэўнены, што матэрыялу для ўвасаблення крэатыўных ідэй засталося шмат. Гэта і гісторыя сядзібы Ільі Рэпіна ў “Здраўнёве”, і творчасць мастака, і дзейнасць аб’яднання “Квадрат”, і народныя рамёствы Віцебшчыны, і вулічныя графіці…

Ініцыятыва дазваляе паказаць горад не толькі ў межах Беларусі, але і на міжнародным узроўні. Напрыклад, цягам 2015 года ў Віцебску прайшоў міжнародны арт-праект “Казімір Малевіч, яго спадчына і ўплыў на мастакоў Захаду”. Мастакі Шон Ханрахан і Дамінік Фі (Ірландыя) ды Джош Данін (ЗША) прывезлі выставу і перформанс з мэтай паказаць, як мастацтва Малевіча ўспрынята і пераасэнсавана на Захадзе. Перформанс адбыўся на вуліцы Праўды, 5а. Гэта будынак былога Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Ён, дарэчы, займае цэнтральнае месца ў арт-маршруце “Малевіч”, бо тут знаходзілася авангарднае аб’яднанне УНОВИС (“Утвердители нового искусства”), натхняльнікам і лідарам якога быў Казімір Малевіч. Зараз будынак на рэстаўрацыі: там плануецца зрабіць музей.

Вольга ЛАШКЕВІЧ

Віцебск