Кінатэатры і паказчыкі

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Віцебшчына: вынікі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады
“К” працягвае падводзіць вынікі рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Гэтым разам у фокусе ўвагі — Віцебская вобласць. Тут, як і ў іншых рэгіёнах краіны, кіраўнікі аддзелаў узрадаваныя тым, што Дзяржпраграма дазволіла ажыццявіць поўную камп’ютарызацыю сельскіх бібліятэчных устаноў, а таксама набыць неабходныя інструменты для мясцовых дзіцячых школ мастацтваў. На жаль, на гэтым згадкі пра станоўчае зазвычай перапыняюцца і настае чарга праблемных пытанняў. І праблемы гэтыя — розныя.

Кіно ў РЦК

Скажам, у Верхнядзвінскім раёне дзеяннем і вынікамі Дзяржпраграмы вельмі задаволены. Дзіва што: згодна з Рэспубліканскай праграмай цягам амаль пяці гадоў у адным з гарадскіх будынкаў канца XIX стагоддзя, дзе меркавалася размясціць мясцовы раённы гісторыка-краязнаўчы музей, праводзіліся рамонтныя работы. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Верхнядзвінскага райвыканкама Надзеі Масквічовай, за гэты час на рамонт было выдаткавана з абласнога і мясцовага бюджэту прыблізна 3 мільярды рублёў. А сёлета, 1 верасня, установа культуры адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў.

— Праўда, спачатку мы адчынілі музей 9 мая — для нашых ветэранаў вайны, якія змаглі на Дзень Перамогі пабываць у новай установе культуры, — адзначыла суразмоўца. — Пасля гэтага музейная ўстанова працавала ў тэставым рэжыме, а першы дзень восені стаўся афіцыйным днём яе адкрыцця. Дарэчы, акрамя сродкаў бюджэту, частка грошай на рамонтныя работы была зароблена дзякуючы правядзенню раённых суботнікаў.

На жаль, яшчэ адзін пункт Дзяржпраграмы, дзе гаворыцца пра капітальны рамонт кінатэатраў, у Верхнядзвінску так і не быў выкананы.

— Справа ў тым, што наш кінатэатр “Кастрычнік” зараз не выкарыстоўваецца: ягоны будынак падлягае зносу, — кажа Надзея Масквічова. — Плануем зрабіць кіназалу ў раённым Цэнтры культуры, які цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі.

Справа рамонту галоўнай установы культуры, па словах кіраўніка сферы, расцягнулася ў часе: яшчэ некалькі гадоў таму ў РЦК была праведзена замена вокнаў, а таксама даведзена да ладу спартыўная зала і памяшканні для спартсменаў. На гэтым рамонтныя работы пакуль што прыпыніліся. Цяпер праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі Цэнтра культуры праходзіць карэкціроўку, і, як спадзяецца Надзея Масквічова, у хуткім часе на гэтым аб’екце зноў пачнуць завіхацца будаўнікі.

— Справа ў тым, што асноўныя фінансавыя плыні часова былі скіраваны на музей, таму справы з рамонтам у РЦК і замарудзіліся, — кажа візаві. — Але кіраўніцтва ўпраўлення Віцебскага аблвыканкама ведае пра нашу сітуацыю, і, спадзяюся, паспрыяе ў давядзенні да лагічнага завяршэння рэканструкцыі галоўнай установы культуры раёна.

Ад інструментаў да рамонтаў

Але не ўсюды так дрэнна з кінатэатрамі. Напрыклад, у кінатэатры “Світанак” у Лёзна, як распавяла мне начальнік аддзела ІРКСМ мясцовага райвыканкама Таццяна Шульган, яшчэ ў 2011 годзе быў зроблены невялікі рамонт. Там давялі да ладу фасад будынка, замянілі вокны і дзверы. Праўда, гэта былі сродкі з райбюджэту: капітальнага рамонту ўстанова так і не дачакалася, хаця па плане, прапісаным у Дзяржпраграме “Культура Беларусі”, ён павінен быў пачацца ў 2013 годзе. Дзякуй і за тое, што ў канцы 2012-га ў “Світанку” была ўсталявана 3D-сістэма ў невялікай зале на 25 месцаў…

Як адзначыла Таццяна Шульган, нягледзячы на недахопы, Дзяржпраграма вельмі дапамагла. Так, у 2011 годзе на рэканструкцыю Раённага дома культуры было накіравана прыкладна 3 мільярды рублёў. Да таго ж, на сёння ў райцэнтры працягваюцца рамонтныя работы на яшчэ адным аб’екце — Культурна-аздараўленчым цэнтры, дзе да 2013 года месцілася, апроч спартыўных устаноў, і Цэнтральная раённая бібліятэка.

— Пакуль ідзе рамонт, нашы бібліятэкары, на жаль, вымушаны арэндаваць сабе памяшканні ў чатырох розных месцах горада, — кажа Таццяна Шульган. — Таму завяршэння рэканструкцыі Культурна-аздараўленчага цэнтра мы чакаем з вялікай нецярплівасцю.

З 2013 года на гэтым аб’екце было асвоена больш за дзесяць мільярдаў рублёў. Завяршэнне будаўнічай эпапеі плануецца налета.

— Акрамя раённай бібліятэкі, у гэтым цэнтры мы мяркуем размясціць і выставачную залу Дома рамёстваў, — адзначыла Таццяна Шульган. — Справа ў тым, што Лёзненскі РДР хоць і мае свой будынак, але ён, на жаль, вельмі малы. Каб развівацца, нам неабходныя большыя плошчы.

Без кінатэатраў

Між тым я нездарма задаваў кіраўнікам аддзелаў пытанне пра кінатэатры. Так, згодна з Дзяржпраграмай, капітальныя рамонты ў гэтых установах цягам пяці гадоў планавалася правесці ў Новалукомлі, Гарадку, Полацку, Паставах, Шаркаўшчыне і ў іншых гарадах Віцебскай вобласці ды ўсталяваць у абноўленых будынках адпаведнае сучаснасці абстяляванне для дэманстрацыі кіно. Меліся таксама задумкі па пабудове новых кінатэатраў у Віцебску, Оршы, Лепелі, Глыбокім, Сянно, Шуміліне, Бешанковічах, Суражы, Дуброўне, Расонах, Ушачах і Чашніках (пункт 56.1 Дзяржпраграмы). Але ж ці здзейсніліся гэтыя амбіцыйныя планы?

Скажам, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лепельскага райвыканкама Тамара Бароха пра намер пабудаваць у райцэнтры кінатэатр ведала.

— Але, як вы разумееце, гэта будаўніцтва, што называецца, “з нуля”, і яно патрабуе значных матэрыяльных выдаткаў, — растлумачыла Тамара Максімаўна. — Таму грошай пад гэты праект мы так і не дачакаліся.

Нягледзячы на гэта, пазітыў ад дзеяння і вынікаў Дзяржпраграмы ў раёне не прыхоўваюць.

— Мы змаглі цалкам забяспечыць камп’ютарамі сельскія бібліятэкі, — кажа Тамара Бароха. — Праўда, паказчыкі па наведвальнасці ды па павелічэнні клубных фарміраванняў выканаць не ўдалося. Што ж зробіш, аптымізацыя: мы скараіцілі 13 устаноў культуры ў раёне… Ды і павелічэнне колькасці мерапрыемстваў, на мой погляд, пры памяншэнні колькасці культработнікаў прывядзе толькі да аднаго: зніжэння якасці культурнага абслугоўвання насельніцтва. Падобнага мы, натуральна, дапусціць не можам.

Сёння, згодна з Дзяржпраграмай, у Лепелі працягваюцца работы ў будынку пачатку XX стагоддзя, дзе пазней плануецца размясціць мясцовы краязнаўчы музей.

— Мы пачалі рамонтныя работы ў гэтым будынку яшчэ ў 2013 годзе, — кажа Тамара Бароха. — За тры гады асвоілі ў згаданых мэтах больш за тры мільярды рублёў, зрабілі дах, перакрыцці паміж паверхамі, адрамантавалі дрэнажную сістэму. Спадзяюся, работы на гэтым аб’екце гісторыка-культурнай спадчыны абавязкова працягнуцца і ў наступныя гады.

І апошняе. Не дачакаліся грошай на будаўніцтва кінатэатра і ў Сянно. Як кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Сяргей Мяцеліца, з іншымі ўстановамі культуры справы таксама не надта станоўчыя.

— Матэрыяльна-тэхнічная база нашых устаноў культуры вельмі слабая, — кажа кіраўнік сферы. — Спадзяваліся на Дзяржпраграму на 2011 — 2015 гады, але, на жаль, значных фінансавых сродкаў па ёй так і не атрымалі. Таму, мабыць, і не змаглі выканаць паказчыкаў па павелічэнні наведвальнасці бібліятэк і колькасці клубных фарміраванняў. Вельмі спадзяёмся на абласную ярмарку-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі”, якую плануецца зладзіць у Сянно налета. У сувязі з будучым святам, натуральна, мяркуецца ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу нашых устаноў.

У якасці заключэння

Як кажа намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская, Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады была важная тым, што згрупіравала ў адно цэлае тыя накірункі ў сферы, па якіх патрабавалася працаваць. Іншая справа, што эканамічная сітуацыя часам дыктавала свае ўмовы.

— Найперш гэта тычыцца ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры таго ці іншага раёна Віцебшчыны, — кажа суразмоўца. — Цяпер, у сувязі з сённяшнімі эканамічнымі рэаліямі, раёны сыходзяць з сваіх фінансаў ды магчымасцей рэгіянальнага бюджэту. Таму не заўсёды і не ўсюды ў нас атрымалася зрабіць тое, што задумвалася пяць гадоў таму.

Закранула прадстаўнік аблвыканкама і пытанне выканання паказчыкаў.

— На жаль, мы не змаглі выканаць даведзеныя лічбы, бо, як вы ведаеце, за пяць гадоў змяніліся ўмовы існавання ўстаноў культуры, маю на ўвазе скарачэнне вясковага насельніцтва і аптымізацыю сферы, — адзначыла Ларыса Аленская. — І ў гэтым — праблема тых дакументаў, якія прымаюцца адразу на пяць гадоў. Як на маю думку, падобныя рэспубліканскія праграмы павінны праходзіць пастаянную карэкціроўку з улікам тых або іншых эканамічных, дэмаграфічных, сацыяльных рэалій. Інакш мы і ў наступных праграмах будзем мець праблемы па выкананні даведзеных паказчыкаў, хоць, як пэўны арыенцір, яны нам і патрэбныя...

Што да праблем з пабудовай новых кінатэатраў, дык і па гэтым пытанні маюцца свае адказы.

— Справа ў тым, што Дзяржпраграма ўлічвала праграму па развіцці кінавідэапракатных арганізацый Віцебскай вобласці, — адзначыла Ларыса Аленская. — Але гэтыя планы меліся ў 2010 годзе, а цягам 2011 — 2015 гадоў яны так і не былі здзейснены, бо не займелі пад сабой належнага матэрыяльнага грунту. Таму нам даводзілася выходзіць з гэтай сітуацыі наяўнымі сіламі. Напрыклад, у рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла “Дажынкі”, які ладзіўся ў 2014 годзе ў Гарадку, мы правялі, сярод іншых работ у мясцовых установах культуры, мадэрнізацыю кінатэатра “Радзіма”, набылі найноўшае абсталяванне. Тое самае зрабілі сёлета і ў Талачыне, дзе адрамантавалі мясцовы кінатэатр “Колас”. Мабыць, так будзем рабіць і далей пры правядзенні абласных святаў працаўнікоў сяла ў іншых райцэнтрах рэгіёна…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"