Як прывабіць турыста?

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Тое, што асноўнымі наведвальнікамі айчынных музеяў з’яўляюцца школьнікі, — факт даволі вядомы. А вось замежныя турысты там бываюць, на жаль, не так часта, як хацелася б. Асабліва — у раённых ды абласных музейных установах, у адрозненне, ад, скажам, сталічных музеяў, якія ўвагай расіян, палякаў, літоўцаў і іншых нашых блізкіх і далёкіх суседзяў не абдзелены.

Праўда, гэта не азначае, што мінскія музейшчыкі не зацікаўлены ў павелічэнні колькасці турыстаў у сваіх ўстановах. Яшчэ як зацікаўлены! Таму і працуюць у гэтым кірунку. Так, 27 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адбыўся семінар-прэзентацыя паслуг для турыстычных кампаній, якія працуюць у сферы ўнутранага турызму.

Прыкладна два дзясяткі прадстаўнікоў турфірмаў блукалі па музейных залах і адначасова прымалі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Не шукаючы, не знойдзеш”. Той з іх, хто адшукваў сярод экспанатаў, прыкладам, унікальны скарб залатых манет канца XIX стагоддзя ці партрэт аднаго з прадстаўнікоў роду Радзівілаў, а таксама выконваў заданні экскурсавода, атрымлівалі спецыяльныя медалі, а напрыканцы — падарункі.

Менавіта ў гульнёвай форме музейшчыкі дэманстравалі, як яны могуць працаваць з рознай узроставай аўдыторыяй, чым цікавы музей для наведвальнікаў, якія паслугі ў ім на сёння існуюць… Таксама была паказана ўнікальная музейная прастора для заняткаў з дзецьмі, культурна-адукацыйны праект “Музей дзецям”, гістарычны часопіс для дзяцей “Музейныя вандроўкі” і яшчэ шмат чаго цікавага. Прэзентацыю сваёй працы з наведвальнікамі правялі і пяць філіялаў музея.

Па словах кіраўніка НГМ Алега Рыжкова, галоўная мэта семінара-прэзентацыі — наладзіць сталыя зносіны паміж музейшчыкамі і турыстычнымі кампаніямі, прадставіць патэнцыял установы, а таксама прадэманстраваць увачавідкі, як музейшчыкі ўмеюць паказваць гісторыю і культуру Беларусі ў ненадакучлівай і цікавай форме. А яшчэ, адзначыў Алег Рыжкоў, дзякуючы гэтаму семінару турфірмы змаглі пазнаёміцца з тымі праектамі, над якімі сёння “шчыруюць” у музеі. Да слова, усе наступныя музейныя праекты абавязкова будуць прэзентаваны турыстычным кампаніям.

Што ж, як на мой погляд, цалкам еўрапейскі (па словах таго ж Алега Рыжкова) падыход да развіцця музейнай справы. Але, як было сказана падчас семінара-прэзентацыі, падобную сустрэчу з прадстаўнікамі турыстычных кампаній Нацыянальны гістарычны музей зладзіў упершыню. А што ж у абласных ды раённых цэнтрах? Ці маюць яны сувязі з турфірмамі? Ці прэзентуюць для іх свае паслугі, ці ладзяць падобныя сустрэчы? Мяркую, што калі на падобнае ў Нацыянальным гістарычным музеі адважыліся ўпершыню, дык у рэгіёнах да гэтага, мабыць, рукі, што называецца, яшчэ не дайшлі…

Цалкам магчыма, што я памыляюся… Нават буду гэтаму рады. Але падчас выездаў у раёны ды абласныя цэнтры Беларусі гутарыць з кіраўнікамі музейных устаноў пра ўзаемакарыснае супрацоўніцтва з турыстычнымі кампаніямі мне, на жаль, не даводзілася. Ведаю, што музейшчыкі ў рэгіёнах прызвычаіліся працаваць у асноўным са школамі, вучылішчамі ды гімназіямі, а ў абласных цэнтрах — яшчэ і з універсітэтамі… Між тым турыстычная ніша відавочна пустуе. Прычым гаворка ідзе пра ўнутраны турызм, развіццём якога заклапочаны ўжо не першы год на самым высокім дзяржаўным узроўні. Дык ці не пара пераймаць крэатыўны досвед сталічных калег? У сваю чаргу абяцаем, што “К” абавязкова паведаміць пра такі “крэатыў” на сваіх старонках.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"