Дэманстрацыя самаўпэўненасці, або Фанфары жыўцом

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ужо чацвёртага па ліку Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу “Тэлевяршыня-2008” была спакойнай, у меру разняволенай і бадай рэспектабельнай. Калі падчас першай такой імпрэзы ў паветры лунала ўласцівае “альпіністам” жаданне даказаць, што ты чагосьці варты, дык 24 сакавіка ў зале Палаца Рэспублікі гэтыя памкненні зусім не адчуваліся. Беларускае тэлебачанне вырасла з дзіцячых штонікаў, пераадолела “пераходны перыяд” і набыло самаўпэўненасць, уласцівую мужчыне ў росквіце сіл, якому даказваць што-кольвечы ўжо залішне.

 /i/content/pi/cult/155/1234/Televyarshynya1.jpg

Міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч на цырымоніі ўзнагароджання.

Гэтая акалічнасць праявілася нават у сцэнаграфіі “Тэлевяршыні”. Раней яна была дарагой, пампезнай, яркай, з мноствам тэхнічных “наваротаў”. Тады важна было ўсяляк умацаваць прэстыж конкурсу, бо ўсе разумелі, што ён прама прапарцыянальны прэстыжу самога тэлебачання. Цяпер такая задача не стаяла: конкурс сябе ўжо і без таго сцвердзіў. І сцэна выглядала сціпла ды густоўна, у чорна-белай гаме.
Толькі ўпэўненыя ў сабе людзі могуць дазволіць злёгку з сябе пакпіць. І той факт, што адмыслова дзеля гэтай мэты на цырымонію быў запрошаны рэзідэнт “Comedy Club” з творчым псеўданімам Максім ТТ-34, чыя з’едлівасць трохі большая за пачуццё гумару, таксама можна лічыць красамоўным.
Яшчэ адна прыкмета росту — відавочнае абнаўленне спісу намінантаў, у якім сёлета было няшмат тых мэтраў, што дзялілі між сабой прызы на першых конкурсах. Ягор Хрусталёў і Сяргей Кухто выходзілі на сцэну адно ў якасці вядучых імпрэзы, якія гэтым разам імітавалі агентаў 007 — на жаль, не заўсёды ўдала. Як выявілася, прэтэндаваць на статуэткі могуць і іншыя тэлевізійшчыкі, пераважна маладзейшага пакалення. Кола вартых значна пашырылася.
Важная і своечасовая інавацыя — з’яўленне прыза глядацкіх сімпатый. Твары і абліччы нашых тэлеперсон сталі ўжо сапраўды пазнавальнымі для шырокай аўдыторыі, пра некаторых з іх нават ходзяць чуткі. Напрыклад, пра “віджэйку” Першага музычнага Люсю Лушчык, якая і ўзначаліла рэйтынг, складзены чытачамі газеты “Антэна”. Тут густы гледачоў і журы падзяліліся: апошняе ў намінацыі “Лепшы вядучы забаўляльнай праграмы” аддало перавагу Вадзіму Галыгіну з “Дзвюх зорак”.
“Распілаваны” быў прыз і ў намінацыі “Лепшая культурна-асветніцкая праграма”. Адну статуэтку атрымала праграма асветніцкая (экалагічная “Раўнавага” з Першага

 /i/content/pi/cult/155/1234/Televyarshynya2.jpg

Уладальнікі Гран-пры — каманда “Паўлінкі-NEW” (АНТ).

нацыянальнага), а другую — уласна культурная. Таму Аляксандру Яфрэмаву давялося выходзіць на сцэну двойчы — як старшыні журы і ў іпастасі вядучага перадачы “Культурнае жыццё” на СТБ.
У тым, што ў сваёй намінацыі навіны АНТ ізноў будуць спаборнічаць з “Панарамай”, сумнявацца не выпадала. Але ж часам тройца намінантаў усё ж вымушала задумацца. Ці можа тэлеверсія аднаго асобна ўзятага канцэрта(фінал “ЕўраФэсту”) намінавацца разам з перадачай, разлічанай на доўгі час існавання і забяспечанай уласнай канцэпцыяй? Або графічнае аблічча цэлага канала — з цыклам навагодніх ролікаў? Мусіць, гэта нават не розныя вагавыя катэгорыі, а розныя “віды спорту”. А вось намінацыі “Лепшы тэлеканцэрт” або “Лепшы навагодні праект” зусім не выглядалі б лішнімі ў агульным спісе. Балазе, у іх ёсць каму спаборнічаць.
Яшчэ адна адметная рыса — наяўнасць сярод прэтэндэнтаў на прыз тэлекампаній з рэгіёнаў. Ім ужо стала зацесна ў спецыяльна адведзеных для іх трох намінацыях — цяпер яны замахваюцца і на іншыя. Праўда, пакуль беспаспяхова: спаборнічаць са сталічнымі калегамі за тытул лепшай спартыўнай альбо навінавай перадачы ўсё ж цяжкавата.
Увогуле, у ліку намінантаў часцей за ўсё згадваліся праекты і супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі — там-сям ім даводзілася нават канкурыраваць між сабой. Як і мінулым разам, яна сабрала найбольшы ўраджай прызоў. Ды ўсё ж НДТРК саступіла галоўны.

 /i/content/pi/cult/155/1234/Televyarshynya3.jpg

Аляксандр Яфрэмаў і “Культурнае жыццё” (СТБ) — перамаглі ў намінацыі “Лепшая культурна-асветніцкая праграма”.

Інтрыга гэтага конкурсу была прадказальная ад пачатку: ці атрымае “Паўлінка-NEW” Гран-пры, ці не? Станоўчае рашэнне журы варта прызнаць справядлівым і заканамерным — не зважаючы на ўсе папрокі на адрас тэлемюзікла з боку гледачоў. Без сумневу, праект гэты быў у мінулым годзе самым яркім і знакавым (хай таксама і самым спрэчным) для айчыннага тэлебачання.
Намацаўшы новы перспектыўны накірунак яго развіцця і засведчыўшы, што арыгінальны прадукт, у якім спалучаны нацыянальны змест, высокі бюджэт і прафесіяналізм стваральнікаў, можа дасягнуць куды большага поспеху за прышчэпленыя на нашу глебу саджанцы крэатыву па ліцэнзіі. Таму і фанфары на адрас здымачнай групы мюзікла гучалі заслужана.
Дарэчы, пра фанфары. Цікавай знаходкай гэтай цырымоніі было тое, што гучалі яны не ў запісу, а жыўцом, у выкананні ансамбля, у якім кожны аматар добрай музыкі мог без цяжкасці пазнаць знакаміты джазавы квінтэт “Apple Tea”. Ён лёгка ды нязмушана давёў, што любую, нават утылітарную, справу рабіць можна творча. Застаўкі адрозніваліся паміж сабою — прыкладам, калі калектыў АНТ выйшаў на сцэну атрымліваць прыз за лепшы дакументальны фільм (“Савецкі Саюз. Старонкі гісторыі”), сустракаў пераможцаў гімн гэтай дзяржавы.
Джаз — таксама характэрны штрышок у антуражы цырымоніі. Бо гэтая музыка заўсёды лічылася сімвалам дэмакратычнай рэспектабельнасці.

 Ілля СВІРЫН Фота Юрыя ІВАНОВА