Genus loci: ад аркуша да аркуша

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Выстаўка “Дзівосны свет акварэлі” з’яўляецца прыкладам супастаўлення творчасці мастакоў рознага часу, непадобнага жыццёвага досведу і адрознага творчага шляху. Больш за тое, мастакі Артур Фанвізін (1883 — 1973 гады) і Дзмітрый Сурыновіч (нарадзіўся ў 1953-м) адметныя віртуозным валоданнем гэтай тэхнікай і сталай адданасцю ёй.

/i/content/pi/cult/563/12338/13-2.jpgГэты чыннік можа патлумачыць і пэўную выпадковасць спалучэння іх творчага даробку, паколькі такіх выключных акварэлістаў не так шмат. Аб’яднаць іх можна паводле падобнага, дастаткова фармальнага, прынцыпу. Але, безумоўна, можна знайсці і больш паралелей у супастаўленні такіх розных, на першы погляд, мастакоў. Наватарства, жаданне ўнесці подых новага ў акварэльнае мастацтва, дынамічная, экспрэсіўная манера почырку ўласцівыя ім абодвум. Акварэльная традыцыя з больш чым 50-гадовым інтэрвалам усё ж выяўляе своеасаблівы працяг, пераемнасць.

Ролю і месца акварэлі ў агульнай структуры выяўленчага мастацтва вызначыць няпроста. Яна акрэсліваецца на скрыжаванні жывапісу і графікі. Ад жывапісу ёй уласцівыя многія прынцыпы пабудовы формы, выкарыстання колеру, адценняў. Графіка вызначаецца істотным значэннем матэрыялу — паперы, яе фактуры, якая стварае своеасаблівы, актыўны фон. Лёгкасць, уласцівая акварэлі, прыводзіць да перавагі выяўленчасці над зместам, экспрэсіі над формай. Настрой моманту, тонкасць адценняў колеру — нішто так не перадае іх, як акварэль.

Работы нашага суайчынніка Дзмітрыя Сурыновіча выяўляюць нястомныя пошукі экспрэсіўнасці. Аркушы рэпрэзентуюць варыяцыі, аб’яднаныя ў серыі, у рамках кожнай з якіх адзін і той жа выяўленчы ход выпрабоўваецца ад аркуша да аркуша. Праца ў анімацыйным кіно, дзе аўтар атрымаў прызнанне ў тым ліку і за мяжой, падказвае і абумоўлівае, напэўна, высокую плённасць ва ўласцівай яму серыйнасці. Зусім неабавязкова серыйнасць выбудоўвае пэўную сюжэтную лінію, нягледзячы на тое, што выявы персанажаў могуць і паўтарацца. Такі прынцып адлюстроўвае шырокае поле метаду творчага эксперыменту як такога.

Асабліва хацелася б засяродзіцца на творчасці беларускага ўдзельніка выстаўкі, паколькі акварэль у яго мастацкім выказванні абвяргае шмат якія ўстойлівыя стэрэатыпы, што прымяняюцца, перадусім, да вызначэння яе зместавых асаблівасцей. Звяртае на сябе ўвагу сюжэтная лінія з выявай мініяцюрных дамкоў. Гэты сюжэт мае каляндарную прывязку да пораў году, мяняе ракурс пастаноўкі галоўнага аб’екта (невялікага жылога дома), але галоўны акцэнт не змяняецца. (Вобраз мае і асабістую прывязку да месца жыхарства мастака, ў якім аб’яднаныя жытло і майстэрня.) Зварот да аднаго і таго ж вобразу цягам доўгага часу з’яўляецца сімптаматычным, невыпадковым для творцы. Часта такі сюжэт можа выяўляць яго экзістэнцыйную тоеснасць. Невялікі дом, дзе жыве мастак, як і шматлікія двухпавярховыя дамкі пасляваеннай пабудовы, знаходзіцца амаль у цэнтры гораду. Гарадскі пейзаж зусім не прачытваецца ў гэтай серыі. Пабудову можна палічыць і за звычайную сельскую натуру, але шчымлівасць выявы робіць гэты дом тым сімвалам, які з’яўляецца экзістэнцыйным апірышчам для чалавека, прыкметай яго повязі з гісторыяй, сваім часам, акрэсленай згаданай прасторай.

Асабістая пранізлівасць гэтых акварэлей ускладае на такі, здавалася б, вельмі прыватны сюжэт пэўную культуралагічную і нават гістарычную місію. Яна становіцца асабліва выразнай у рэчышчы сучаснай трансфармацыі гарадской прасторы, калі прага да камерцыялізацыі гарадскіх плошчаў часта грэбуе гістарычнай спадчынай ці людской памяццю, неабачліва нішчыць славуты genus loci. Інтуітыўна аўтар ухапіў адзначаную супярэчлівасць. Падаецца, Дзмітрый Сурыновіч у сваіх работах гэтай серыі якраз і зафіксаваў укаранёнасць чалавечай асобы, прыналежнасць да вызначанай часавай і сімвалічнай прасторы. Гэты аспект пераадольвае тую зместавую лёгкасць, якая ўласцівая акварэлі, і стварае адметны для свайго часу ды пэўнай прасторы сімвал у мастацтве. Гэты сімвал, зафіксаваны мастаком, арганічна ўвабраў у сябе і пазнавальны вобраз забудовы Мінска, і дом у яго універсальным значэнні як важны атрыбут экзыстэнцыйнай прасторы чалавека.

Ягор СУРСКІ, культуролаг