Цэнтравы падыход

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Культура на памежжы: цікавая шырокай грамадзе ці вузкаму колу?
Вынікі працы Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве — навідавоку, асабліва для тых беларусаў, якія пражываюць у суседняй краіне. А вось самі жыхары Беларусі ведаюць пра Цэнтр не так ужо і шмат. Пра тое, чым сёння займаецца названая ўстанова, наколькі добра пачуваюць сябе нашы суайчыннікі ў Польшчы ды як праз культуру можна спрыяць эканоміцы, “К” пагутарыла з яе дырэктарам, саветнікам Пасольства нашай краіны ў Польшчы Эдуардам ШВАЙКО.

/i/content/pi/cult/563/12337/13-1.jpg— Асноўнымі мэтамі дзейнасці нашага Цэнтра з’яўляецца папулярызацыя культурнай спадчыны і сучасных набыткаў у галіне культуры ды мастацтва Беларусі, а таксама садзейнічанне развіццю беларуска-польскага супрацоўніцтва яшчэ і ў гуманітарнай, адукацыйнай, турыстычнай і інфармацыйнай сферах, — распачаў нашу гутарку Эдуард Швайко. — Безумоўна, клапоцімся і пра тое, каб у беларусаў, што пражываюць у Польшчы, было дастаткова неабходнай інфармацыі аб грамадска-палітычным і эканамічным жыцці нашай дзяржавы.

— Чым канкрэтна дапамагае нашым суайчыннікам Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве?

— Мы пастаянна ладзім у рэгіёнах Польшчы, а таксама ў Варшаве ды Беластоку шэраг разнастайных акцый: ад выстаў і выступленняў айчынных артыстаў да майстар-класаў народных майстроў і дэманстрацыі кінафільмаў з Беларусі. Да таго ж аплочваем стварэнне касцюмаў для беларускіх калектываў, набываем неабходную вучэбную і метадычную літаратуру для беларускіх школ ды гімназій Падляшскага ваяводства. Акрамя таго, ладзім у Цэнтры канферэнцыі, семінары, кансультуем па праблемах культурнага, навуковага, гуманітарнага і дзелавога супрацоўніцтва. Пры нашым Цэнтры сёння створана бібліятэка, куды можа запісацца любы ахвотны. Фонд бібліятэкі — даволі багаты, і складаецца з разнастайнай літаратуры, большасць з якой — на беларускай мове. А з 2014 года пры Культурным цэнтры Беларусі ў Варшаве ладзяцца курсы беларускай мовы.

— Сёлета, у ліпені, я пабываў на двух фестывалях, што ладзіліся пры падтрымцы Цэнтра, — на “Сяброўскай бяседзе” ў Гродку і “Культуры без межаў” у Сямятычах, — і бачыў там тысячы людзей. Як, на ваш погляд, цікавасць да падобных акцый на Падляшшы зніжаецца ці павялічваецца?

— Скажам так: тут заўсёды існуе пэўнае кола зацікаўленых людзей, і яны абавязкова будуць спрыяць таму, каб падобныя фэсты працягваліся і надалей. Бо фестывалі беларускай культуры ладзяцца не толькі ў Гродку ці Сямятычах, а і ў Гайнаўцы, і ў Міхалова, і ў Бельску, і шмат дзе яшчэ. Увогуле, трэба сказаць, што культурнае жыццё на беларуска-польскім памежжы заўсёды вельмі насычанае, асабліва ўлетку. З іншага боку, я не магу не адзначыць і такой тэндэнцыі: сталае пакаленне паступова сыходзіць, забываецца беларуская мова, а тутэйшая моладзь, у пераважнай большасці, ужо не так цэніць сваю адметнасць, як тое было раней. Хаця ёсць і адваротныя прыклады.

— Як мне вядома, колькасць беларусаў Польшчы, паводле апошніх перапісаў, няўхільна зніжаецца…

— На жаль, гэта сапраўды так. Напрыклад, у 1992 годзе ў Польшчы адзначалася звыш 200 тысяч беларусаў, у 2002 годзе іх было зафіксавана ўжо каля 50 тысяч, а зараз, паводле апошняга перапісу 2011 года, маем прыкладна 47 тысяч чалавек. Тут ёсць некалькі прычын: і змяшаныя шлюбы, і асіміляцыя, і міграцыя жыхароў Падляшша, асабліва маладых, у іншыя, больш багатыя ды заможныя рэгіёны Польшчы, а таксама ў краіны Еўрасаюза. І гэта, канечне, праблема, бо, калі не прымаць нейкіх захадаў, паступова беларускасць будзе ўспрымацца ў Падляшскім ваяводстве Польшчы як нешта чужое.

— У чым гэтыя захады могуць праяўляцца?

— Адным з накірункаў такіх захадаў і з’яўляецца дзейнасць Культурнага цэнтра. У супрацоўніцтве з арганізацыямі беларускай меншасці, мясцовымі ўладамі мы імкнёмся ладзіць больш беларускіх культурных — ды, зрэшты, і не толькі культурных — мерапрыемстваў, папулярызаваць беларускую мову, культуру, гісторыю праз мясцовыя, падляшскія дзіцячыя садкі, школы ды гімназіі, дапамагаць стварэнню грамадскіх таварыстваў, што будуць апекавацца беларускімі справамі ў Падляшскім ваяводстве Польшчы, спрыяць людзям, якія прапагандуюць тут, за межамі нашай краіны, беларускае. Напрыклад, з тым жа Юркам Астапчуком, які стварыў беларускамоўны гурт “Прымакі” ды кіруе Домам культуры ў Гродку, у нас склалася вельмі добрае супрацоўніцтва...

— Я, напрыклад, таксама ведаю і Дарафея Фіёніка, дырэктара “Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах”, які ладзіць некалькі фальклорных фестываляў на год ды запрашае на іх аўтэнтычныя калектывы з Беларусі…

— Так, можна назваць таксама і Дарафея Фіёніка і многіх іншых вядомых у Падляшскім ваяводстве Польшчы асоб. Вялікую працу праводзіць старэйшая і найбольш уплывовая на Падляшшы арганізацыя этнічных беларусаў — Беларускае грамадска-культурнае таварыства на чале са спадаром Янам Сычэўскім. БГКТ штогод арганізуе звыш 50 разнастайных культурных мерапрыемстваў, у тым ліку Агульнапольскі фестываль “Беларуская песня”. Дарэчы, у лютым 2016 года БГКТ спаўняецца 60 гадоў…

— Такім чынам, можна сказаць, што людзей, зацікаўленых у беларускай культуры на Падляшшы — прынамсі, пакуль што, — не меншае?

— Менавіта так. І самае галоўнае, што гэтыя апантаныя людзі не толькі спадзяюцца на дапамогу нашага Цэнтра, а і самі імкнуцца атрымаць грантавую падтрымку з боку Міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі Польшчы, якое займаецца апекай нацыянальных меншасцей. Дзякуючы менавіта гэтаму, як я сам лічыў, за апошнія пяць гадоў колькасць беларускіх мерапрыемстваў у Падляшскім ваяводстве Польшчы значна павялічылася. І гэта не можа не радаваць.

 — На тым жа фэсце ў Сямятычах сярод шматлікай прадукцыі польскіх прадпрыемстваў меўся і беларускі квас. Гэта адзінкавы прыклад. А ці ёсць яшчэ айчынная прадукцыя, якая карыстаецца попытам у мясцовых жыхароў? І ці можна з дапамогай культурных імпрэз, так бы мовіць, “прасоўваць” на Падляшша і беларускіх вытворцаў?

— Не толькі можна, але і патрэбна. І мы гэта таксама мэтанакіравана пачынаем рабіць. У мінулыя гады ў тых жа Сямятычах былі прадстаўлены не толькі айчынны квас, але і нават прадукцыя беларускага машынабудавання — трактары ад МТЗ. Таму ў наступным годзе мы плануем пашырыць дзелавую частку пагранічнага кірмашу “Культура без межаў” і мяркуем арганізаваць удзел у ім беларускіх прадпрыемстваў з Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Спадзяемся, што імі будзе прадстаўлена беларуская сучасная сельскагаспадарчая тэхніка і іншая прадукцыя, якая можа зацікавіць мясцовых жыхароў і прадпрымальнікаў, а сам фэст стане пляцоўкай для абмеркавання самых розных пытанняў супрацоўніцтва паміж беларускімі і польскімі прадпрыемствамі ды прыватным бізнесам.

— Таксама хацелася б закрануць у нашай гутарцы і ўязны турызм, які, як вядома, без культуры папросту немагчымы. Зразумела, жыхары Польшчы часцяком бываюць у Беларусі з турыстычнымі мэтамі, але ж заўсёды хочацца большага… Што дзеля гэтага робіць Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве?

— Польскія турысты ў Беларусь едуць, але, вядома, хацелася, каб яны завітвалі ў нашу краіну часцей. Таму сёння ў Пасольстве Беларусі ў Польшчы прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні беларуска-польскай турыстычнай палаты, у якую маглі б увайсці як мінімум 20 — 30 прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу, гасцініц, музеяў, іншых устаноў культуры з кожнага боку. Прэзентацыю гэтай палаты можна, напрыклад, зладзіць у Гродна, дзе адбываюцца мерапрыемствы, прысвечаныя выкарыстанню Аўгустоўскага канала, ці падчас міжнародных турыстычных форумаў, якія ладзяцца ў Мінску ці іншых гарадах Беларусі. Няма сумненняў, што падобная структура можа стаць дадатковым механізмам для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы турызму.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"