“Лекавыя травы” з фолькам

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Як спалучае рок і этна пакаленне IT і “белых каўнерыкаў”?
Гурт “Re1ikt” выдаў альбом “Лекавыя травы”, які прэзентуе 7 снежня ў Мінску. Бубнач гурта Аляксандр ДЗЕМІДЗЕНКА і бас-гітарыст Зміцер НАРКЕВІЧ распавялі “К” аб працы над рэлізам і пра сваё судакраненне з аўтэнтыкай.

/i/content/pi/cult/563/12336/12-1.jpg“Лекавыя травы”  з фолькам

— Альбом названы “Лекавыя травы” паводле аднайменнай песні?

Аляксандр: — Вобраз зёлак, лекавых напояў прыйшоў да мяне раптоўна. Проста гуляў па вуліцы, нешта нядобра пачуваўся, і ўзгадалася, як бабуля ў дзяцінстве запарвала мне чабор, святаяннік.

Зміцер: — Я таксама збіраў зёлкі з бабуляй. Рамонак, грэчка, дзьмухаўцы…

— На вокладцы — траўніца Зоня Ігнатаўна Рудзько з вёскі Рачэнь Любанскага раёна. Як з ёй сустрэліся?

Аляксандр: — На Фэсце традыцыйнай культуры “Пятровіца” ў вёсцы Шыпілавічы на Любаншчыне. Наведаць імпрэзу было ідэяй маёй жонкі. (Бачылі тых жа любанскіх спявачак у Мінску, калі іх прывозіў этнограф Сяргей Выскварка.) На “Пятровіцы” былі бабулі, што паказвалі, як рабіць выцінанкі, пекчы піражкі, а Зоня Ігнатаўна распавяла пра зёлкі, пачаставала гарбатай. Мы набылі ў яе нейкі травяны збор. Калі ж прыдумалі канцэпцыю альбома “Лекавыя травы”, дык згадалі пра Зоню Ігнатаўну. Запрасілі фатографа Андрэя Дубініна і паехалі ў Рачэнь. Мне падалося, што ў гэтай бабулі нейкая асаблівая энергетыка, і яна захавалася, калі мы здымалі. У афармленні дыска прысутнічае сімвалізм: быццам беларуская традыцыйная культура — засохлыя зёлкі, а мы спрабуем прыгатаваць іх, каб ужываць можна было сучаснаму чалавеку.

— Чаму ў кампазіцыях альбома не захавана аўтэнтыка мелодый — толькі словы?

Аляксандр: — Мы ад пачатку не ставілі за мэту зрабіць дакладна як у архіўным запісе, бо хацелі перапрацаваць. Гэта тычыцца не толькі народных спеваў. Напрыклад, у каверах, што мы выконваем, змяняем мелодыю, бо нам гэта цікава.

Зміцер: — Народныя мелодыі дастаткова складаныя, выконваліся без інструментаў, “ходзяць” угару-уніз, таму для рок-аранжыроўкі няпроста захаваць меладычныя хады.

Аляксандр: — Плюс — варыятыўнасць: у кожнай спявачкі ўласная манера. Ды і партыі даволі складаныя, няпроста іх паўтарыць.

— Шведская песня “Vanner och Frander” у шведскага ж гурта “Garmarna” выконваецца з захаваннем мелодыі, хоць і ў апрацоўцы, а ўжо немцы “In Extremo” гучанне змяняюць...

Аляксандр: — У нас бывае па-рознаму. У песні “Дождж ідзець” мы крышачку развілі мелодыю архіўнага запісу. “Чаго ты, лосю” — таксама вельмі блізкая да зафіксаванай фалькларыстамі версіі. Урэшце, бачу каментарыі ў сацсетках, дзе людзі пішуць: “Сапсавалі песню”. Няўжо яны думаюць, што музычнага досведу нам хапае толькі для таго, каб проста ўзяць песню і пакласці мелодыю на сучасныя інструменты? Ёсць такія людзі, якія ніяк не сутыкаюцца з беларускай аўтэнтычнай спеўнай культурай. А праз апрацоўку з’яўляецца шанц для параўнання.

— Як выбіраеце народныя песні для апрацоўкі?

Аляксандр: — Я папрасіў у свайго сябра, спевака Сержука Доўгушава, што-небудзь паслухаць адпаведнае, і ён прапанаваў складанку. Як толькі я пачуў “Хадзіла галота”, адразу вырашыў: будзем рабіць. Яна пачынаецца нібыта "doom": у мяне адразу ў галаве рыф гітарны. У выніку, мы пакінулі словы і біт верша, мелодыя ж на 90 % новая, і рабілі так наўмысна: мэту бачылі ў тым, каб перапрацаваць твор.

Зміцер: — А арыгінал нашай песні з вёскi Слабада Лельчыцкага раёна. “Чаго ты, лосю” і “Дождж ідзець” — з Віцебшчыны.

— Ці не было думкі змясціць на дыск разам з перапрацоўкамі і арыгіналы?

Аляксандр: — Можа, калі-небудзь так і зробім. Але больш сур’ёзная праца з фальклорам —наперадзе. Першыя песні, якія мы пачулі, проста пацягнулі за сабой.

— Ці займаліся вы народным вакалам?

Аляксандр: — Нас вучыла Юлія Бондар са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Вядома, не ставілі за мэту навучыцца спяваць як фольк-выканаўцы, але цікава было мець стасункі з чалавекам, які ведае пра традыцыйную культуру больш за нас, можа распавесці шмат пра гэтыя песні, напрыклад, як правільна іх выконваць. Юля нам казала, што мы з кожнай песні рабілі рок-апрацоўку: “Вы спяваеце, як Роберт Плант, файна, але…” Гэта быў вельмі цікавы досвед.

Зміцер: — Калі мала слухаеш аўтэнтычныя спевы, то складана бывае нават адразу ўлавіць мелодыю. Ды і каб словы разабраць, трэба практыка. Таму так важны дасведчаны ў гэтай справе чалавек, які пакажа, што і як.

— Ці чулі вы гурт “Кудмень”, пераймальніка манеры мужчынскага аўтэнтычнага спеву, якім кіруе Ірына Мазюк?

Аляксандр: — Чулі, што там спявае Дзяніс Сухі са Светлагорску, наш зямляк. Але мы як рок-гурт не арыентуемся на стопрацэнтны фольк. Мы слухалі заўсёды рок, метал, розную музыку, і толькі тады, калі пасталелі, прыйшлі да выканання народных песень.

— А ці ездзіце ў этнаграфічныя экспедыцыі?

Аляксандр: — Аднойчы быў у нас восеньскі тур, і мы паехалі выступаць у Халопенічы Крупскага раёна. Мясцовы хлопец Кірыл Пятрэнка скантактаваў нас з бабуляй з цікавым прозвішчам — Амос (ёсць жа такая спявачка Торы Амас). І вось бабуля нам заспявала адну песню, што будзе ў нашым наступным рэлізе: “Сваточкі”. Пакуль мы яе выконваем на канцэртах.

— Часта выступаеце па-за Мінскам?

Аляксандр: — Мы ўжо ўсю Беларусь аб’ехалі. Астравец, Мар’іна Горка, Бабруйск, Рэчыца, Светлагорск, Баранавічы… Раней наогул проста тэлефанавалі дырэктару школы, прапаноўвалі: “Давайце зробім канцэрт для вашых дзетак”. Аўдыторыя там — ад малечаў да бабуль. Мы, канешне, выконваем акустычную праграму, неэлектрычную, спакойны "unplugged", прыемны на слых.

Зміцер: — Каля сарака гарадоў ужо наведалі: усе абласныя і шмат раённых.

Алена ЛЯШКЕВІЧ

Паспрачаемся пра першакрыніцы?

З гуртом “Re1ikt” мяне звязваюць даўнія і далікатныя адносіны. Не такія, каб яго ўдзельнікі да мяне ў госці на гарбату нечакана завітвалі, а я наносіў ім па чарзе ў адказ візіты на крывянку з дранікамі. Але памятаю гэты калектыў амаль з пачатку нулявых, з часоў яго светлагорскага мінулага. (З часам, тасуючы склад, каманда перабралася ў Мiнск.) А памяць сваю мацаваў, пішучы рэцэнзіі на “рэліктавыя” работы.

Гэта я цяпер магу адказна заявіць, што лічу ансамбль лепшым рок-складам на цяперашняй айчыннай альтэрнатыўнай сцэне, а тады ён здаваўся мне адным са шматлікіх, якія мала чым адрозніваюцца адзін ад аднаго, бэндаў, што гралі музыку пад адчувальным уплывам “Nirvana”, іншых мэтраў і “паўмэтраў” грандж-напрамку. О, колькі апалагетаў згінула ў невядомасці з тых часоў, не здолеўшы пераадолець неспрыяльныя для творчасці варункі. “Re1ikt” жа развіваўся паступова і наступальна. Прагрэс гэты быў звязаны як з індывідуальнымі асаблівасцямі развіцця, так і, верагодна, з тым, што на творчасць гурта ўздзейнічала андэграўндная музычная атмасфера Гомельшчыны. (Сталіца рэгіёна некалі з’яўлялася "мекай" беларускага хард-н-хэві, у тым ліку, у нейкай ступені, фольк-металу.) На такіх грымучых, але роднасных сумесях (дадам аўру “Metallica” і іншых вызначальных цяжкіх сусветных фармацый) і выкрышталізоўвалася тое аблічча калектыву, з якім ён падышоў да выпуску сімптаматычнага ў сваёй біяграфіі і, не выключана, знакавага ў гісторыі нашага року альбома.

Да бясспрэчных вартасцей рэлізу “Лекавыя травы” занясу выразна вытрыманую аранжыровачную частку. Кампазіцыі ўяўляюць з сябе гітарную музыку з цяжкім саўндам, некалькі аднастайную рыфамі, як таго “патрабуе” грандж, падмуркам якой служыць строгі тандэм: ударныя плюс бас. “Страхуе” ж трэкі цягуча-пранізлівы вакал (якi часам фірмова “паскрыпвае”, то правальваючыся ў бездань, то ўзнiмаючыся да нябёсаў) Уладзіміра Казлова, чыя любоў да пасажаў, напрыклад, Джэймса Хэтфілда, не прамінула. Дэпрэсіўны настрой (ён шмат у чым характарызуе творчасць “рэліктаў” у цэлым) гэтым разам не гэтак кідаецца на слых.

А кідаецца відавочны, хай і не “крытычны”, але ўхіл у этніку: разам узятыя трэкі канцэпт чыстай вады не складаюць, але ў кожным з іх — адчувальны фольк-прысмак. За тое, уласна, альбому і гурту можа дастацца на арэхі ад адэптаў непахіснасці жанру, захавальнікаў традыцый, навуковых мужоў, калег, якія набілі рукі і сарвалi галасы на выкананні аўтэнтычных песень ва ўласнай перапрацоўцы, але — набліжанай да нейкага арыгінала. “Re1ikt” сёе-тое з наяўных на рэлізе народных песень інтэрпрэтаваў, як хтосьці можа палічыць, занадта вольна, не прытрымліваючыся “ад і да” гістарычна закладзенага ў іх акцэнту. Аўтарскія ж кампазіцыі, як сцвярджаюць музыканты, напісаны паводле палескіх спеваў. Культура-, гісторыка- і музыказнаўцы, напэўна, і ў гэтым выпадку будуць гатовыя да сумненняў: а ці мелі месца менавіта гэтыя рэгіянальныя “першакрыніцы”? Але я асабіста быў бы рады, каб вакол рэлізу завязалася сапраўды высокая, цікавая інтэлектуальная дыскусія, бо ён таго варты. А на якіх падставах у нашай музыцы, як правіла, “скрыжоўваюцца шпагі”? Якога колеру ў Саладухі кеды і куды сыходзіць Вольскі. І толькі зрэдку абмеркаванні ўзнікаюць не на пустым месцы і носяць бурныя праявы, з прыцягненнем спецыялістаў: скажам, ці меў права хто-небудзь што-небудзь пераспяваць з чужога альбо якую ж лажу запісаў той ды гэты.

...Пакаленне савецкіх дворнікаў і вартаўнікоў запісала шмат усяго, што стала класікай савецкага року. Пакаленне беларускіх IT-шнікаў (да якога належыць частка музыкантаў гурта “Re1ikt”) робіць гісторыю беларускага року. Хто б мне ў 1980-х сказаў, што і “белыя каўнерыкі” будуць “валіць” канкрэтны, разумны рок-н-рол…

Алег КЛІМАЎ

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"
Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"