"Тыдзень..." для ўсіх узростаў

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Тыдні культуры ладзяцца ва ўсіх раёнах Гродзеншчыны па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама. Гэты праект — доўгатэрміновы і носіць не камерцыйны, а асветніцкі характар. Мы ў рамках Тыдня імкнуліся паказаць самае лепшае і падкрэсліць, што работнікі культуры заўсёды гатовы да канструктыўнага дыялогу, праводзяць мерапрыемствы для самых розных катэгорый насельніцтва, папулярызуюць нашы творчыя дасягненні.

/i/content/pi/cult/562/12329/7-2.jpgУрачыстае адкрыццё Тыдня праходзіла ў літаратурна-музычнай гасцёўні раённай бібліятэкі. Сярод запрошаных гасцей на адкрыцці прысутнічалі паэты, перакладчыкі, публіцысты. Іх прыезд заўсёды выклікае вялікую цікавасць у раёне. Калі ты можаш пачуць вершы з вуснаў таго, хто ў іх укладвае сваю душу, то і ўспрымаюцца яны па-іншаму.

У выставачнай зале Раённага цэнтра рамёстваў ладзілася адкрыццё выстаўкі “Мелодыя душы” мясцовых майстроў па вышыўцы Марыі Саўко і Галіны Пракопчык. Былі праведзены мерапрыемствы і для маленькіх чытачоў: свята “Захавальнікі мудрасці” (у раённай дзіцячай бібліятэцы) і віктарынны карагод “Паравозік з Мульцяшкава” (у гарадской дзіцячай бібліятэцы).

У Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” адкрылася выстаўка гродзенскага мастака Дзмітрыя Іваноўскага. А ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым распачалася дэманстрацыя выстаўкі “Аз Букі Ведзі”, якая прысвечана развіццю адукацыі як у Мастоўскім раёне, так і на Беларусі. Тут можна было ўбачыць і параўнаць, за якімі партамі вучыліся вучні раней, чым пісалі і ў якой вопратцы хадзілі…

Багатымі на падзеі былі і іншыя дні Тыдня культуры. Для сельскіх жыхароў філіяламі, сельскімі клубамі арганізоўваліся канцэрты. У бібліятэках праводзіліся віктарыны, літаратурныя і гістарычныя гадзіны, віртуальныя падарожжы. У Мастоўскім раённым цэнтры рамёстваў народныя майстры прапаноўвалі ахвотным майстар-класы па разьбе па дрэве, па вырабе васкавых свечак і славянскіх лялек-абярэгаў. Вучні Дзіцячай школы мастацтваў далі канцэрт, а вучні мастацкага аддзялення дэманстравалі выставу “Вясёлая палітра”. У фае Цэнтра культуры дэманстравалася фотавыстаўка “Масты паміж мінулым і будучым”.

Урачыстае закрыццё Тыдня адбылося ў аграгарадку Гудзевічы, дзе выступалі калектывы з Мастоўскага і Слонімскага раёнаў.

Сяргей ДЗЕЙКАЛА,начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама

На здымках: госці Тыдня, кніжная выстаўка з нагоды імпрэзы.