Дом Вішняка і “Прарыў”

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс ЮРЧАК распавёў “К” пра галоўныя кірункі працы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў раёне.

— Сёлета на Віцебшчыне працягвалася праца па кансервацыі і рэстаўрацыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у Талачыне цалкам завяршыліся рэстаўрацыйныя работы на знакавым помніку архітэктуры — Свята-Пакроўскім саборы. Таксама варта адзначыць, што цягам бягучага года працягвалася рэстаўрацыя фрэсак Полацкай Свята-Прэабражэнскай царквы.

Яшчэ адзін аб’ект, пра які неабходна сказаць — так званы дом Вішняка ў Віцебску, у якім пасля рэвалюцыі размяшчалася створанае Маркам Шагалам Народнае мастацкае вучылішча. Сёлета на названым аб’екце спадчыны было асвоена прыкладна 12 мільярдаў рублёў. Намі зроблены значны крок да завяршэння рэканструкцыі будынка пад будучы мемарыяльны музей Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. Як вядома, аднаўленнем гэтага дома ў Віцебску заняліся некалькі гадоў таму. Гістарычны будынак плануецца ўзнавіць па плане 1923 года — з майстэрнямі і ўсімі пакоямі, якія адлюстраваны ў гэтым архіўным дакуменце.

Трэба назваць і той знакавы аб’ект, на які сёлета было выдаткавана больш за паўтара мільярда рублёў. Гэта рэстаўрацыя мемарыяльнага комплексу “Прарыў” ва Ушацкім раёне. Грошы на правядзенне рэстаўрацыйных работ былі атрыманы, дарэчы, як з абласнога бюджэту, так і ад спонсараў. А яшчэ частка грошай на аднаўленне помніка была зароблена на Рэспубліканскім суботніку. Мы ўзяліся за рэстаўрацыю гэтага аб’екта невыпадкова. Бо “Прарыў” — гэта адзін з самых вядомых мемарыялаў нашай краіны. Разам з Хатынню, Брэсцкай крэпасцю і Курганам Славы ён уваходзіць у многія энцыклапедычныя даведнікі і наведваецца турыстамі.

На сёння праведзены першы этап работ па захаванні аблічча памятнага збудавання. Дарэчы, у працы нам дапамагае адзін з аўтараў мемарыяла архітэктар Юрый Градаў. Так, зроблена рэканструкцыя сцяны, расколатай на дзве часткі, якая сімвалізуе “вароты” легендарнага прарыву блакады партызанамі. На сёння браме больш не пагражае абвальванне: там умацаваны ўнутраныя жалезабетонныя канструкцыі, а некаторыя часткі помніка адноўлены ўжо з асабліва трывалага бетону.

На наступных этапах працы будзе зроблены рамонт фігуры партызана і праведзена добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Завяршыць усе работы на “Прарыве” плануецца ў 2016-м годзе.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"