Няма музея без інтэрактыву

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Людміла ШЫМБАЛЁВА, дырэктар Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі
Музей, мастацкая галерэя — гэта, у нейкім сэнсе, тое ж прадпрыемства. Хіба, што робіць яно не матэрыяльныя рэчы, а пастаўляе грамадзе відовішчы, ад якіх людзі маюць станоўчыя эмоцыі. Відовішча ў дадзеным выпадку — тавар. Які сэнс выпускаць тавар, што не мае попыту? Можа, мне і хацелася б займацца тым, што звыкла і зручна прадпрыемству, але мушу рабіць тое, што людзям патрэбна.

/i/content/pi/cult/562/12323/5-2.jpgМожна наладзіць выстаўку высокага мастацтва, а публіка на яе не пойдзе. Прынамсі, у той колькасці, каб кампенсаваць выдаткі на яе арганізацыю. А іншая экспазіцыя, можа, і не надта амбіцыйная, збярэ немалую грамаду. Таму сёння наша ўстанова імкнецца ладзіць выставачную дзейнасць такім чынам, каб былі максімальна ўлічаны інтарэсы жыхароў і гасцей горада. Каб да нас прыходзіл людзі ўсіх узростаў. Каб у Галерэі Вашчанкі ўтульна было гледачам з розным узроўнем культурных запытаў.

Для пашырэння сваёй аўдыторыі мы шукаем новыя формы работы з грамадой. Галерэя ладзіць музычныя пікнікі, салонныя сустрэчы, бярэ ўдзел у “Ночы музеяў”. Сёння музейная, выставачная дзейнасць мусіць быць інтэрактыўнай. Прынамсі, калі мы жадаем далучыць да культуры моладзь. Я сачу за тым, як працуюць іншыя музеі краіны, асабліва ўважліва аналізую досвед сталічных калег. І з пабачанага раблю выснову, што мы на правільным шляху. Бо цяпер паспяховую музейную дзейнасць без інтэрактыву немагчыма ўявіць.

Дбаючы пра пашырэнне аўдыторыі, мы, аднак, не маем права забывацца на свой высокі статус, паколькі наша галерэя мемарыяльная. Залы, дзе экспануюцца творы народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі, знаходзяцца на другім паверсе будынка, зменныя ж выстаўкі ладзім на першым. Гэта дазваляе, так бы мовіць, тэрытарыяльна развесці тое, што з’яўляецца “залатым фондам” нашага мастацтва і сённяшнія культурныя рэфлексіі, з якіх можа ў перспектыве штосьці атрымаецца. А мо і не… У любым выпадку я лічу, што мастакі Гомельшчыны, і, найперш, творчая моладзь, мусяць мець выхад на гледачоў. Прастора нашай галерэі найлепшым чынам пасуе сумоўю мастакоў і аматараў мастацтва. Разам з тым, мы імкнёмся высока трымаць планку якасці, і не кожную выстаўку ў свае залы пускаем. Зрэшты, выстаўкі, дзе дамінуе забаўляльны чыннік, мы маем магчымасць ладзіць ў асобнай выставачнай зале на праспекце Леніна.

Не варта наракаць на тое, што сёння тэлевізар і камп’ютар ствараюць канкурэнцыю тэатру і музею, што на выстаўках публіка зусім не тая, чым калісьці. З аўдыторыяй трэба працаваць, яе трэба выхоўваць. І хай сёння чалавек прыйдзе на выстаўку, каб паглядзець на птушак і матылькоў, а заўтра яму захочацца далучыцца да высокага мастацтва. Ішла жанчына з рынку з клункамі каля галерэі, спынілася паглядзець на клумбы з кветкамі, што ў нас на двары… Я выходжу, пытаюся: “А чаму ў галерэю не зойдзеце?” Яна: “А можна?”. “Канешне”, — адказваю. Вось праз тыя кветкі яна для сябе адкрыла свет выяўленчага мастацтва.

Для дзяцей ладзім мультымедыйныя імпрэзы кшталту “Казачнае і фантастычнае ў мастацтве”, “Музеі свету, якія я не бачыў”, “Музей шакаладу”, “Музей мышэй”. Адносна творчасці Гаўрылы Вашчанкі гэта, нібыта, несур’ёзна, але — выхоўвае. І калі-небудзь той, хто прыходзіў у нашу галерэю з нагоды згаданых акцый, завітае і дзеля карцін Вашчанкі.

Дарэчы, экспазіцыя карцін Вашчанкі не можа гадамі заставацца нязменнай. Гараджане, хто хацеў, ужо яе пабачылі, і не маюць пільнай патрэбы рабіць тое зноў. Турыстаў у Гомелі не надта шмат. Значыць, каб у іншы раз нашага жыхара ў галерэю прывесці, трэба ці вар’іраваць нашу пастаянную экспазіцыю, паказваючы розныя іпастасі творчасці мастака, ці ладзіць цікавыя відовішчы і імпрэзы. Мы працуем у абодвух кірунках.

Фота з архіву "К"

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"