Што нельга выткаць?

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Ніна ПІЛЮЗІНА, мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі
Творчы капітал мастака складаецца з многіх чыннікаў, але, на маю думку, галоўныя з іх — наяўнасць адметнага стылю і тэмы, у якой творца дасведчаны і ў межах якой ён можа найлепш рэалізаваць сваю самасць. Менавіта распрацоўка ўласнага стылю і пошук сваёй тэмы — тое, чым мастак займаецца ўсё жыццё. А гэты набытак стварае яму творчае імя і глядацкую аўдыторыю.

/i/content/pi/cult/562/12322/5-1.jpgАле іншым разам хочацца выйсці з кола ўжо звыклых для цябе вобразаў і, рызыкуючы быць не зразуметым, зрабіць нешта нечаканае, нават для самога сябе. Такое памкненне было ў мяне, калі я рыхтавала сваю юбілейную выстаўку. Назвала яе “Прарыў”, бо сапраўды мне хацелася б, каб яна стала свайго роду прарывам у іншую стылістыку і вобразнасць, прынцыпова адрозную ад той, якой я пераважна трымалася дагэтуль. Было жаданне пазбегнуць фігуратыўнасці і сюжэтнасці, выявіць сваё ўяўленне пра светабудову выключна праз абстрактныя формы. Не ведаю, наколькі ў мяне атрымалася здзейсніць задуманае. Але, мяркуючы па водгуках гледачоў у Магілёве, дзе гэтыя работы экспанаваліся спачатку, і ў Мінску, пэўную цікавасць яны выклікалі.

Да пошуку іншай выразнасці мяне прывяла не толькі сама логіка творчасці, але, у значнай ступені, і вонкавыя абставіны. Я, шчыра кажучы, у роспачы, бо габелен, якім я займаюся ўсё жыццё, сёння, здаецца, нікому не патрэбен. У свой час стабільнае развіццё гэтага віду мастацтва забяспечваў шырокі грамадскі попыт і дзяржаўны заказ. Сёння ж габеленшчык на пошук заказчыка часу затрачвае значна больш, чым на саму работу.

Да таго ж, у мастацтва габелену прыйшлі людзі з іншых творчых прафесій — жывапісцы, графікі, якія маюць вельмі цьмянае ўяўленне пра спецыфіку і традыцыі ткацтва. Яны мяркуюць, што калі перавесці графічны аркуш альбо жывапісны эцюд у памер тры на чатыры метры, дык атрымаецца габелен. Фармальна гэта так, але сутнасна — не. Бо не ўсё, што намалявана, можна выткаць. Не кожная выява будзе эфектна глядзецца ў тэхніцы ткацтва. Тут патрэбна, каб стылістыка зыходна была арыентаванай на тэхналогію.

Сёння ў габеленшчыка, на шчасце, іншыя тэхнічныя магчымасці і матэрыяльная база, чым тыя, што былі ў нас сорак гадоў таму, калі мая творчая кар’ера пачыналася. Свой першы заказ я атрымала ў 1972 годзе: габелен “Свіцязь” памерам тры метры на паўтара. Сама для яго ніткі рабіла, бо іх было не дастаць, сама іх фарбавала. Каб паспець у тэрмін, па чатырнаццаць гадзін за ткацкім станком сядзела. Сёння ўсё прасцей… Але, пагадзіцеся, адна справа, калі кожная нітка праз твае рукі прайшла, і зусім іншая — калі аддаў эскіз майстрыхам і забыўся. І потым толькі прыходзіш на скончаную работу паглядзець.

Я лічу вельмі ўдалымі габелены ў Палацы Рэспублікі. Яны сумаштабныя яго інтэр’еру. Рэальны і абстрактны чыннікі ўраўнаважаны, сгарманізаваныя вобразны лад і стылістыка. Так атрымалася таму, што галоўны мастак праекта, які каардынаваў работы па аздобе Палаца, парупіўся, каб кожны выканаўца рабіў справу сваю, а не чужую. Ён дамогся, каб габелены рабіць даручылі менавіта габеленшчыкам. У шэрагу іншых знакавых аб’ектаў гэтага прынцыпу жорстка не прытрымліваліся. Ну дык і маем тое, што маем…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"