“Інструментаў — заваліся!”
Як і падчас мінулага тэлефанавання ў раёны Брэсцкай вобласці, начальнікі аддзелаў з Гродзеншчыны вельмі станоўча ацэньвалі цэнтралізаваныя закупкі музычных інструментаў для дзіцячых школ мастацтваў, а таксама поўную камп’ютарызацыю бібліятэчных устаноў свайго раёна. Напрыклад, у Слонімскім раёне, па словах начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Наталлі Юнчыц, толькі за гэты год былі набыты 2 акардэоны, 3 баяны, домра, кларнет і нават саксафон — агулам на суму прыкладна ў 80 мільёнаў рублёў.
— Праўда, трэба адзначыць, што названыя інструменты — не новыя, — патлумачыла Наталля Юнчыц. — Мы набываем іх у камісійнай краме, таму значна эканомім на закупках. Напрыклад, той жа саксафон нам абышоўся ў 14 мільёнаў рублёў. Новы, натуральна, каштаваў бы даражэй.
Такая ж карціна — на Ашмяншчыне: паводле Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады тут штогод выдаткоўвалася на набыццё музычных інструментаў прыкладна 80 мільёнаў рублёў, а ўсе бібліятэкі раёна за пяць гадоў былі камп’ютарызаваныя. Гэтыя звесткі я атрымаў ад Галіны Балінскай — да нядаўняга часу — начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама і даўняга сябра “К”. Калі я патэлефанаваў у аддзел, Галіна Іванаўна якраз падпісвала апошнія дакументы перад выхадам на заслужаны адпачынак.
— Дзякуючы Дзяржпраграме, — зазначыла візаві, — цяпер у нашых школах інструментаў — хоць заваліся! Такога абнаўлення інструментарыя не памятаю за апошнія 10 — 15 гадоў.
Акрамя таго, як адзначыла Галіна Балінская, даволі шмат увагі за апошнія пяць гадоў было нададзена кансервацыі і добраўпарадкаванню рэшткаў былога замка Сапегаў у вёсцы Гальшаны — знакамітага “чорнага замка”, як называў яго Уладзімір Караткевіч.
Плюс пяць, а мінус?
Але не ўсё выглядае настолькі добрым. Як адзначыла тая ж Галіна Балінская, супрацоўнікам сферы культуры Ашмянскага раёна было вельмі цяжка выканаць адзін з паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, які прадугледжвае павелічэнне колькасці клубных фарміраванняў на 5 працэнтаў за пяць гадоў.
— З улікам аптымізацыі, якая вялася ў Беларусі, думаю, гэта выклікала цяжкасці не толькі ў Ашмянскага, а і ў многіх іншых раёнаў краіны, — адзначыла Галіна Балінская. — А калі яшчэ ўлічыць, што насельніцтва ў сельскай мясцовасці сёння скарачаецца даволі значнымі тэмпамі, дык выкананне гэтага паказчыка выглядае яшчэ больш праблематычным.
Дарэчы, з падобнай высновай згаджаюцца многія кіраўнікі раённай сферы культуры Гродзеншчыны. Напрыклад, намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько адзначыў, што калі за гэтыя гады паказчыкі Дзяржпраграмы па павелічэнні клубных фарміраванняў, наведвальнасці бібліятэк і кінатэатраў яшчэ можна было выканаць, дык у наступныя гады такое наўрад ці атрымаецца.
— Асноўныя прычыны тут дзве: змяншэнне колькасці сельскага насельніцтва і аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры, — кажа Васіль Васільевіч. — Таму, як на маю думку, у наступнай Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады лепш ад падобных паказчыкаў пазбавіцца… Інакш атрымаецца, што культура будзе, так бы мовіць, гнаць працэнт, а вось якасць паслуг, узровень канцэртаў, абслугоўвання насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці, будуць непазбежна падаць.
Як перакананы Васіль Шыцько, адныя і тыя ж паказчыкі нельга рабіць агульнымі для буйных гарадоў і для райцэнтраў.
— Напрыклад, у Мінску, Гродне ці Лідзе забяспечыць паказчыкі наведвальнасці мерапрыемстваў, бібліятэк нашмат лягчэй, чым, скажам, у Шчучыне ці ў нашым Дзятлаве, — кажа Васіль Шыцько. — Да слова, колькасць насельніцтва ў Дзятлаўскім раёне скарачаецца на 200 — 300 чалавек штогод. Прычым людзі з’язджаюць не толькі з маленькіх вёсак, але нават і з аграгарадкоў, дзе матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры на парадак вышэй… І гэта сапраўдная праблема. Таму ў наступнай Дзяржпраграме, на маю думку, варта прадугледзець дыферэнцыяцыю названых паказчыкаў для буйных гарадоў і раёнаў ды для малых паселішчаў. Або ўвогуле ад іх адмовіцца з улікам сённяшніх эканамічных ды дэмаграфічных рэалій...
Думку калегі падтрымлівае і Алена Ястрэмская, начальнік аддзела ІРКСМ Воранаўскага райвыканкама.
— Так, за гэтыя пяць гадоў мы змаглі выканаць паказчыкі па наведвальнасці бібліятэк ды павелічэнні клубных фарміраванняў, але зрабіць гэта было вельмі цяжка, — адзначыла Алена Мар’янаўна. — Напрыклад, нам даводзілася адкрываць адно ці два клубныя фарміраванні ў Дамах культуры аграгарадкоў ці буйных сельскіх паселішчаў адразу ж пасля аптымізацыі суседніх устаноў культуры. Таму, магчыма, варта падумаць пра тое, каб адмовіцца ад дадзеных лічбаў, бо аптымізацыя, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца, як і скарачэнне колькасці сельскага насельніцтва нашага раёна.
Як і Васіль Шыцько, Алена Ястрэмская распавяла мне пра тое, што ўсе бібліятэкі раёна на сёння камп’ютарызаваны, для школ мастацтваў набыты інструменты (толькі летась на гэта было выдаткавана прыкладна 280 мільёнаў рублёў), а многія творчыя калектывы раёна прыдбалі сабе новыя касцюмы.
— Лічу, што новыя інструменты і новыя касцюмы сыгралі не апошнюю ролю ў тым, што летась наш ансамбль народных інструментаў “Гарэзлівыя струны” выкладчыкаў Воранаўскай ДШМ атрымаў званне “народны”, а вакальны ансамбль “Юнацтва” Радунскай ДШМ заваяваў званне “ўзорны”, — адзначыла кіраўнік аддзела.
***
Безумоўна, Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады паспрыяла ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры Гродзенскай вобласці. З гэтай думкай згодны і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.
— Дзяржпраграма дала магчымасць запланаваць нашы дзеянні на пяць гадоў наперад, прымусіла нас працаваць, што называецца, закасаўшы рукавы, падштурхнула да больш актыўных дзеянняў і да больш актыўнай працы ў сферы культуры рэгіёна, — адзначыў Аляксандр Людвігавіч. — І сёння я магу сказаць, што ўсе 12 паказчыкаў праграмы нам удалося выканаць. Гэта датычыць і камп’ютарызацыі бібліятэк, і павелічэння колькасці наведванняў у тых жа бібліятэчных установах і кінатэатрах, і работ па рэстаўрацыі ды кансервацыі шэрагу аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, што знаходзяцца ў Гродзенскай вобласці. Так што выкананнем Дзяржпраграмы я вельмі задаволены. Балазе, гэта была першая падобная Рэспубліканская праграма, скіраваная менавіта на сферу культуры Беларусі. Будзем чакаць наступную.
Разам з тым, адзначыў Вярсоцкі і некалькі праблемных момантаў, пра якія згадвалася вышэй:
— Натуральна, распрацоўшчыкі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады не маглі прадугледзець, як будуць змяняцца ўмовы функцыянавання ўстаноў культуры краіны цягам усіх пяці гадоў. Між тым, як вы ведаеце, насельніцтва Беларусі старэе, зачыняюцца на рамонт ці згодна з аптымізацыяй многія ўстановы культуры, скарачаецца колькасць людзей, якія жывуць у вёсцы ці аграгарадках. Таму, хоць мы і выканалі паказчык па павелічэнні колькасці наведвання бібліятэк рэгіёна за пяць гадоў на пяць працэнтаў, а таксама павялічылі колькасць клубных фарміраванняў, хацелася б, каб у наступнай Дзяржпраграме падобных колькасных паказчыкаў ужо не даводзілася. Замест гэтага можна, напрыклад, усталяваць паказчык наведвальнасці на адну бібліятэку, кінатэатр ці на адзін Дом культуры. Мяркую, гэта было б значна лепш, чым прымяняць агульныя колькасныя паказчыкі для ўсіх устаноў культуры Беларусі.