Жывапісныя прыпавесці Алега Скавародкі

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

17 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася юбілейная выстаўка жывапісу “Паэзія колеру” вядомага нашага мастака, віцябчаніна Алега Скавародкі. Апошняя персанальная, прысвечаная яго 50-годдзю, з вялікім поспехам прайшла 10 гадоў таму ў Мінскім палацы мастацтва. І вось — новая экспазіцыя: яркая, моцная па колерамузыцы, насычаная сокамі роднай Віцебшчыны, цалкам вольная ад апісальнасці. А.Скавародка не займаецца рэальнасцю, стварае феерыю агністых, ліловых, блакітных, вохрыстых, зялёных фарбаў, якія не абмежаваны натуральнымі колерамі, перспектывай альбо праекцыяй, і малюе агністыя барвы восені, звонкія азёрныя ландшафты Браслава, ціхі летні вечар на хутары альбо дзіўныя кветкі…

 /i/content/pi/cult/155/1232/Skavarodka1.jpg

А.Скавародка. “Велікодныя званы”.

Сваё мастакоўскае крэда Алег Аляксандравіч вызначыў так: “Мой жывапіс — гэта перадача майго індывідуальнага разумення навакольнага асяроддзя праз колеравыя плямы, лінію, дзе я спрабую паэтызаваць рэальнасць, дабіваючыся абагульненасці вобразаў, іх гарманічнага гучання”.
І сапраўды, арганізацыя выявы на палотнах мастака як бы інтуітыўна падпарадкавана логіцы законаў экспрэсіўнай формы, якую так любілі яго вялікія папярэднікі — ад Сезана і “фавістаў” да Фалька, Купрына і Лентулава. Колер у Скавародкі выказвае стан таго альбо іншага матыву: пейзажа з воблакамі альбо бабінага лета, ружовага надвячорка альбо няпэўнага стану вечнасці, цішыні раняшняй малітвы альбо самоты старых, звону велікодных званоў альбо міражу занядбаных вёсак…
Вобразнае ўздзеянне карцін Алега Аляксандравіча здзяйсняецца за кошт павялічанай фактурнасці і рэпрэзентатыўнасці кампазіцыйных знаходак, у палотнах аднаўляюцца нібы вызваленыя ад усяго выпадковага фрагменты жыцця чалавека і прыроды, блізкія мастаку паводле душэўнага складу. Яскравы “дэкаратыўны” каларыт, які часам дасягае гратэску, дакладны падзел прасторавых зон, інтэнсіўнасць і пэўнасць колеравых характарыстык — усе гэтыя асаблівасці жывапісу А.Скавародкі закліканы ўвасобіць настальгію аўтара па

 /i/content/pi/cult/155/1232/Skavarodka2.jpg

А.Скавародка. “Кветкі і рыба”.

“згубленым раі” сялянскага быцця, па назаўжды страчаным хутарскім басаногім маленстве, па няспраўджаных бацькоўскіх надзеях…
У мастацтве Алега Скавародкі з нечаканай натуральнасцю перагукаюцца справы, клопаты, турботы, святы штодзённага жыцця — з аднаго боку, і эпічная шырыня маштабнага гістарычнага часу — з другога. Такім чынам, з’яўляецца магчымасць больш поўна адчуць як глыбіню часу, ягоную бяздоннасць, так і ягоную ўнутраную злучнасць і непарыўнасць. У межах гэтай тэндэнцыі ў мастака і ўзнікаюць цудоўныя творы, блізкія па характары да “жывапісных прыпавесцей”, дзе аўтар узнімаецца ад фіксацыі канкрэтнага эмацыйнага перажывання да раскрыцця свайго, асабовага светаадчування ў шырокім сэнсе слова.

 

Барыс КРЭПАК