Танцы пад “тру-ля-ля”

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Пагаворым пра тое, чаго амаль няма. Маю на ўвазе высокую (падкрэсліваю — высокую) якасць клубных мерапрыемстваў. Не, належны ўзровень выступленняў нашых гуртоў, салістаў, вядучых, аніматараў, іншых самадзейных артыстаў пад увагу не бяру. Тут якраз — аніякіх прэтэнзій. Можна нават і больш сціпла, а то перад прафесіяналамі няёмка. Прэтэнзіі, і надзвычай сур’ёзныя, ёсць з прычыны адсутнасці прыстойных святла, узнаўлення і ўзмацнення гука, мультымедыйнага забеспячэння… А ўсё гэта і прынята называць матэрыяльна-тэхнічнай базай.

/i/content/pi/cult/562/12319/4-1.JPGЯк кажа знаёмы начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, танцы як ладзіліся сорак гадоў таму пад “тру-ля-ля”, так ладзяцца і па сёння. А за акном — Год моладзі. 2015-ы, калі што. Неяк няёмка перад тымі самымі маладымі. Таму і не бачаць юнакі з дзяўчатамі сваёй сельскай перспектывы, усё робяць для таго, каб не застацца ў райцэнтры ці вёсцы. Не называю прозвішчы добра знаёмых работнікаў культуры з рэгіёнаў, але пад маімі словамі гатовы падпісацца многія.

І галоўная выснова гэтых многіх зводзіцца да аднаго: па тэхзабеспячэнні наша культура (за рэдкім выключэннем) засталася ў мінулым стагоддзі. Крыўдна і незразумела, чаму на яе пастаянна не стае грошай. Іх няма ніколі, а эканоміка культуры ў адпаведнасці з загадамі існуе і пастаянна патрабуе росту пазабюджэтных прыбыткаў. А пра якое паспяховае развіццё можна казаць без фінансавых укладанняў? З нічога атрымаць штосьці немагчыма.

Вось такая яна, эканоміка культуры: непрадказальная ды няўцямная. Але ўсё ж нашы работнікі культуры так-сяк пазабюджэтныя грошы зарабляюць. Прыносяць з дому камп’ютары, “наймаюць” з ліку сяброў непрафесійных дзі-джэяў з уласнай апаратурай і ладзяць тэматычныя дыскатэкі. Глядзіш, заробленае за год дазволіць набыць новы дынамік з мікрафонам. Назваць такую дзейнасць сістэмнай і планава звернутай у светлую будучыню вельмі цяжка.

Давайце згадаем любое мястэчка, дзе не ладзіліся рэспубліканскія, абласныя ці раённыя дажынкі. Добра, калі ў РДК праведзены рамонт. Калі ж ніколі не было рэканструкцыі, гарантую, што месца для гурткавой працы не стае хранічна і сітуацыю ратуе толькі зменная работа. Рэдка дзе ёсць кінатэатр. І калі ён не пераабсталяваны нядаўна ў Цэнтр вольнага часу з 3D, асобнай танцавальнай залай і з наборам іншых няпрофільных паслуг (кавярня, більярдная і гэтак далей), дык аб прыбытку і думаць не варта. Няма якасці культурнага абслугоўвання — адсутнічаюць і дывідэнды. З нагоды яшчэ адна цытата без пазнакі аўтарства. “Мінск так асветлены ўначы, што за кіламетры яго бачыш, калі па’язджаеш, — зайздросціць чарговы начальнік аддзела ІРКСМ, — А мы ў РДК лішнюю лямпачку запаліць баімся… Эканомія!”. Вось і атрымліваецца, што бясконцымі зімовымі вечарамі ў пэўных РДК — цьмяна, халодна, няўтульна не толькі ў зале, але і на сцэне. Так што будучыня тут — не вельмі светлая. І моладзь пасля школы рвецца скараць абласныя гарады і сталіцу.

І гэта, заўважце, — гаворка пра клубныя ўстановы раённых цэнтраў. Што ж казаць пра сяло? А чым яно горшае? І тут у клубах, і не толькі аграгарадоцкіх, павінны быць феерыя гуку, святла і сінтэз самых розных жанраў мастацтва. Ды дзе там! Няма. Камп’ютар у СК — нязбыўная мара. Ды ці толькі клубы ад тэхнічнай нішчымніцы пакутуюць? Ведаю не адну буйную бібліятэку, дзе няма ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння. Здавалася б, можна набыць яго за немалую і шчыра заробленую пазабюджэтку. Але амаль усё “з’ядае” “камуналка”, астатняе “асядае” дзе заўгодна, толькі не з мэтай задавальнення злабадзённай патрэбы ўстановы. Вот і гучыць “тру-ля-ля”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"