Ганцавіччына, Гродзеншчына, Смаргоншчына, Барысаўшчына...

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г


/i/content/pi/cult/562/12317/10-2.jpgГанцавіччына / Праграма на пяць гадоў

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу стварыў праграму “Моладзь і час”. Яна разлічана на пяць гадоў. Мерапрыемствы, якія адбыліся сёлета, скіраваны на духоўнае адраджэнне, на далучэнне моладзі да вырашення экалагічных праблем, фарміраванне патрыятызму і грамадзянскай пазіцыі…

На мінулым тыдні сярод бібліятэчных работнікаў прайшоў семінар “Эфектыўныя формы і метады работы з маладзёжнай аўдыторыяй”. На ім вялася гаворка пра канкрэтныя мерапрыемствы доўгатэрміновай праграмы.

Спачатку на базе Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава ўдзельнікі пазнаёміліся з вынікамі анкетавання “Што чытае моладзь?” Па адказах можна меркаваць, што моладзь адчувае сябе ў бібліятэцы камфортна, з ахвотай наведвае яе, задаволена наяўнай інфармацыяй. Прыярытэтным у чытанні з’яўляецца, у асноўным, вучэбная літаратура і праграмная мастацкая. Выснова такая: неабходна пашыраць межы пазнання “кніжнага” кругагляду маладых, папулярызаваць сучасных аўтараў.

Вопытам работы з калегамі падзялілася бібліятэкар гарадской гімназіі Святлана Чыкун. Яна пазнаёміла прысутных з работай свайго прэс-цэнтра. Юныя журналісты ствараюць школьную газету, удзельнічаюць у конкурсах школьных СМІ. Сустрэча з паэткай Аксанай Карповіч сведчыла аб тым, што моладзь наша — цікавая і таленавітая. Аксана — малады спецыяліст, загадчык Агарэвіцкай сельскай бібліятэкі, дыпламант абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Умельцы Брэстчыны”.

Потым мы працавалі ў сельскай бібліятэцы аграгарадка “Раздзялавічы”. Гаворка ішла пра сямейнае чытанне, замежны вопыт работы, маладзёжныя акцыі як маркетынгавы ход бібліятэкі.

Была наладжана сустрэча з моладдзю, якая звязала свой лёс з вёскай. Раздзялавічы — адна з перспектыўных кропак на карце Ганцавіччыны. Знаходзяцца яны ўдалечыні ад райцэнтра, але тут ахвотна застаецца моладзь. Мерапрыемства называлася “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Маладыя настаўнікі, работнікі сельскай гаспадаркі расказвалі пра свае адносіны да працы, роднай зямлі.

Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай РЦБС

 

Гродзеншчына / Край ветракоў і млыноў

У аграгарадку “Адэльск” Гродзенскага раёна трэці год запар адзначаецца Свята млынароў.

Сёлетняя ўрачыстасць, прысвечаная заступніку млынароў і гэтага паселішча святому Марціну, адкрылася тэатралізаваным шэсцем. Ад касцёла да месца святкавання ехалі вазы, упрыгожаныя стужкамі. За імі ўдзельнікі свята з песнямі неслі караваі.

Усе ахвотныя маглі ўбачыць і прадэгуставаць традыцыйныя стравы Адэльскай кулінарыі: сала, пончыкі, бульбяную кішку… А ў Адэльскім цэнтры культуры і народнай творчасці была прадстаўлена традыцыйная выпечка.

Сельская бібліятэка-цэнтр краязнаўства і турызму аформіла выстаўку “Адэльск — край ветракоў”. Прайшлі конкурсы караваяў, падворкаў устаноў культуры Гродзенскага раёна.

Конкурс побытавых танцаў “Восень у стылі Этна” прайшоў другі раз для падтрымкі, захавання і развіцця мясцовай танцавальнай культуры. Удзельнікі конкурсу прадставілі самабытныя танцы: “Ойра”, “Кацярынка”, “Полька”, “Ліцвін”, “Кракавяк”, “Падэспань”, “Нарэчанька”.

На свяце выступіў са сваёй музычна-танцавальнай праграмай фольк-шоу гурт “Забабоны” з Мінска.

Ганна СІМАНЕНКА, намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра

 

Смаргоншчына / Кінуць паліць

Супрацоўнікі Смаргонскай раённай бібліятэкі на базе Гарадской бібліятэкі № 3 правялі раённы семінар “Маральна-духоўнае выхаванне як прыярытэтны накірунак бібліятэчнай работы”. Сустрэча з настаяцелем Спаса-Праабражэнскага храма, пратаірэем айцом Анатолем набыла фармат “круглага стала”.

Сумесная работа нашых бібліятэк у рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой вядзецца планамерна і прыносіць свае вынікі. Так, Гарадская дзіцячая бібліятэка прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнага выхавання і асветы” і атрымала падзячнае пісьмо ад Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі.

У рамках рэспубліканскай антытытунёвай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі ў чытальнай зале Смаргонскай раённай бібліятэкі адбыўся “круглы стол” “Шкодным звычкам — не!” з дзевяцікласнікамі сярэдняй школы № 1. Была арганізавана прэзентацыя “Выбіраем жыццё без палення”, дзе былі наглядна прадстаўлены вынікі бяздумных адносін да свайго жыцця і бясспрэчныя факты, якія сведчаць аб шкодным уздзеянні палення на арганізм. Асобны блок інфармацыі быў прысвечаны дзяўчатам — будучым матулям.

У філіяле гарадской бібліятэкі прайшла гадзіна здароўя, у Сольскай сельскай бібліятэцы — гадзіна-заклік “А можа, проста кінуць паліць?”. Адбыліся таксама гутаркі: “Супраць нікацінавага дурману” (Міцкавіцкая СБ), “Дым, што губіць нас” (Жодзішкаўская СБ). Прайшлі інфармацыйныя гадзіны ў Ракавецкай, Сінькоўскай СБ.

Святлана АФАНАСЬЕВА

 

Барысаўшчына / “З’ява” і яе “…Каларыт”

“З’ява” — галерэя, што месціцца ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Каладзеева, — запрашае на традыцыйную выстаўку, якая ладзіцца ўжо трэці раз.

Да ўвагі гледачоў прапануецца больш за 80 твораў трыццаці пяці аўтараў, якіх аб’ядноўвае “прывязка” да Барысава. Сярод выстаўленых работ — жывапіс, графіка, скульптура, кераміка, габелен.

Праект “Барысаўскі каларыт” аб’ядноўвае намаганні мастакоў, якія працуюць у розных стылістычных і жанравых кірунках. Многія з іх знаходзяць натхненне ў родных краявідах і ствараюць лірычныя, атмасферныя пейзажы (Станіслаў Баяранка, Валеры Гінц, Мікола Цудзік, Барыс Цатураў, Вольга Палякова). Іншыя мастакі імкнуцца да пошукаў уласнага стылю ў пластычных рашэннях: складаныя фактуры на жывапісных палотнах Віктара Бялова і Сяргея Лагачова, вобразы ў творах Ірыны Гінц і Ігара Ясяніцкага, пабудаваныя на рытмічна-каларыстычных увасабленнях. На выстаўцы можна пазнаёміцца і з асаблівасцямі “мовы” матэрыялу ў драўлянай скульптуры Аляксандра Лазеркі, празрыстай акварэлі Ірыны Пестрык і Аксаны Кульваноўскай, габелене Анжэлы Кудаковай.

Цікавай асаблівасцю праекта з’яўляецца тое, што да ўдзелу ў ім падключаныя і маладыя мастакі. Гэта дае ім магчымасць адчуць большую ўпэўненасць у сваіх першых кроках, убачыць той вектар, які стане асноўным у іх творчай дзейнасці. Адначасова з гэтым горад знаёміцца з новымі імёнамі. Сёлета такім адкрыццём сталі імёны Вікторыі Круглік і Вячаслава Наваслаўскага.

На працягу шматгадовай дзейнасці галерэя “З’ява” здолела заявіць пра сябе як пра вельмі прывабную, гасцінную выставачную пляцоўку, што стварае неабходныя ўмовы для экспазіцыі твораў кожнага мастака. Яна ладзіла выстаўкі такіх майстроў, як Валерый Шкаруба, Павел Татарнікаў, Леанід Шчамялёў, Валерый Славук ды іншыя. Колькасць удзельнікаў выстаўкі “Барысаўскі каларыт” расце з кожным годам, і гэта яскрава дэманструе жаданне ўсіх творцаў Барысаўшчыны далучыцца да гэтага праекта. Супрацоўнікі галерэі змаглі скампанаваць складаную, стракатую “тканіну” з твораў мастакоў у цэльную экспазіцыю, знайшоўшы своеасаблівы барысаўскі каларыт.

Наталля ЦАРЫК, кандыдат мастацтвазнаўства