Сымон з музея: інтэрактыў у Інстаграме

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Цягам 90 гадоў паэма “Сымон-музыка” натхняе маладыя таленты на творчыя пачынанні. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў дзень народзінаў сваёй установы — 4 снежня — завершыць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных слыннай даце, правядзеннем Міжнароднага дня чытання твора-юбіляра.

/i/content/pi/cult/562/12315/13-2.jpgЛюдзі сталі відавочна менш чытаць — такі сумны вынік тэхналагічнага прагрэсу. Асабліва моцна тая тэндэнцыя назіраецца сярод моладзі. Сталічныя музейшчыкі спадзяюцца, што з дапамогай сацыякультурнай акцыі змогуць паўплываць на сітуацыю і прыцягнуць увагу да паэзіі нацыянальнага класіка.

— Балазе сваю паэму Якуб Колас пачынаў прысвячэннем беларускай моладзі. Вельмі сімвалічна, што яе юбілей супаў з Годам моладзі, што сёлета ладзіцца ў рэспубліцы, — зазначыла дырэктар музея Зінаіда Камароўская. — Менавіта для новага пакалення мы шукаем арыгінальныя формы правядзення мерапрыемстваў. У межах азначанай акцыі прапануем усім ахвотным спампаваць на сайце музея паштоўкі з урыўкамі з паэмы (на беларускай мове альбо ў перакладах) з ілюстрацыямі Барыса Заборава і Мікалая Селешчука. На жаль, у нашых фондах няма арыгінальных палотнаў і аркушаў гэтых знакамітых мастакоў, але нам хацелася б, каб людзі пазнаёміліся з іх шыкоўнымі работамі. А можа, для каго з настаўнікаў ці выкладчыкаў падрыхтаваныя намі паштоўкі стануць падставай для правядзення адмысловай экспазіцыі ў навучальных мэтах?.. 4 снежня абраныя ўрыўкі неабходна прачытаць, а пасля даслаць сэлфі на нашу старонку ў Instagram ці відэасправаздачу на электронную скрыню.

Свой удзел у акцыі ўжо падцвердзілі Таварыства беларускай культуры “Спадчына” і Літаратурны музей Аляксандра Пушкіна з Друскінінкая, беларускамоўная гімназія Вільнюса, літаратурна-мемарыяльны музей-кватэра Аляксандра Блока з Санкт-Пецярбургу, цэнтральная бібліятэка Валгаграда. (Дарэчы, аб’яднанне беларусаў на Валгаградчыне складае каля 8 тысяч чалавек!) І па словах Зінаіды Мікалаеўны, яны вельмі актыўна прыахвоціліся да творчасці Якуба Коласа. Адасланы запрашэнні і ў пасольствы нашай рэспублікі ў тых краінах, на мовы якіх перакладзены “Сымон-музыка”. Будзем спадзявацца, і самі беларусы возьмуць удзел у акцыі па сваім жаданні. Для пачатку, каб паўдзельнічаць у форме музейнага інтэрактыва, а там жа і Коласавым словам сапраўды захопяцца.

— Увесь час, і на штогадовых “Каласавінах” у прыватнасці, мы ўзнімаем пытанне аб перакладзе спадчыны песняра на замежныя мовы, — дадала дырэктар установы. — За апошнія гады іншамоўныя варыянты узнікалі не так часта. Асабліва шкада, што “Сымон-музыка” перакладзены толькі на шэсць моў ды і тое — урыўкамі (у адрозненне ад “Новай зямлі”, якую ў цэласным выглядзе могуць прачытаць у многіх краінах свету). Таму мэта нашай акцыі яшчэ і ў тым, каб зацікавіць іншаземцаў творам з залатога фонду беларускай літаратуры і, магчыма, заахвоціць іх стварыць паўнавартасныя перастварэнні.

Акрамя таго, што знакамітыя радкі будуць чытаць у нас і ў замежжы, у сцянах дома пісьменніка таксама збяруцца прыхільнікі слова Коласа, прадстаўнікі пасольстваў тых краін, на мовы якіх перакладзена паэма. Зінаіда Мікалаеўна спадзяецца, што госці змогуць пабачыць фрагменты са спектакляў айчынных тэатраў паводле паэмы. На святкаванні прагучаць і песні, створаныя на аснове ўрыўкаў з твора. Напрыклад, ансамбль “Святлана” са Стаўбцоўшчыны прэзентуе нумары на музыку Тамары Барыхавай, “Менскі гармонік” выканае мелодыі Івана Раманчука, з Рэчыцы павінны прыехаць рок-гурт “Дыялектыка душы” са сваім варыянтам інтэрпрэтацыі паэмы.

Паралельна з гэтымі ўгодкамі літаратурна-мемарыяльны музей пачаў рыхтавацца да 110-годдзя з пачатку творчай дзейнасці Якуба Коласа. Сёння амаль распрацавана чытанка для дзяцей па творах класіка. Аднак у працэсе стварэння ўзнікла нечаканая праблема: калі супрацоўнікі паспрабавалі прачытаць пілотны варыянт сваім дзецям, высветлілася, што малечы не зусім разумеюць беларускую мову. Магчыма, праблема яшчэ ў тым, што для новага пакалення незнаёмыя некаторыя рэчы з ужытку мінулага стагоддзя, прадметы і з’явы таго часу. Таму ўзнікла патрэба дадаць да асноўнага тэксту невялічкі слоўнічак. Мяркуецца, што да наступнага верасня выданне пабачыць свет.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"