Асяродак мастака: як не прамінуць пасланне

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Кніжніца пашырылася галерэяй барысаўскага міфатворцы
На мінулым тыдні ў Барысаве з’явіўся яшчэ адзін культурны асяродак — Карцінная галерэя Валерыя Шкарубы ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Івана Каладзеева. Збор імянной галерэі слыннага майстра краявіду складаюць некалькі дзясяткаў карцін, якія мастак, ураджэнец Барысаўшчыны, падарыў сваёй малой радзіме. Як і абяцаў, дарэчы, у рамках “Экспрэс-тура з V.I.P.-земляком” на старонках “К” сёлета.

/i/content/pi/cult/562/12312/12-1.jpgПа словах дырэктара бібліятэкі Галіны Слесарэнка, да гэтай падзеі і сам мастак, і горад прайшлі шлях, пачаткам якога трэба лічыць 1992 год, калі ў бібліятэцы, дзе зараз прапісалася новая галерэя, была створана Зала мастацтваў. Гэта не адзіны ў нашай краіне прыклад сімбіёзу бібліятэчнай справы і выставачнай дзейнасці, не адзіны выпадак, калі менавіта бібліятэкары рупяцца пра выяўленчае ды іншае мастацтва. Прынамсі, у Мінску цікавыя, вартыя гледацкай увагі выстаўкі ладзяцца ў галерыі “Vilnius” пры бібліятэцы № 18 і ў экспазіцыйных залах Мінскай абласной бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна. Але тое ў сталіцы, дзе імпрэзы такога кшталту — даважак да буйных відовішчаў, што адбываюцца ў Палацы мастацтва і ў музеях. І зусім іншая справа раённы цэнтр, дзе Зала мастацтваў пры ЦРБ ад самага пачатку фактычна выконвала функцыі гарадской карціннай галерэі. Бо хоць Барысаў — дзявяты па колькасці насельніцтва горад краіны, а па тэрыторыі дзеліць аддзінаццае месца са Слонімам, экспанаваць арт-праявы тут не было дзе. А вось у Зале мастацтваў выстаўляліся мясцовыя і сталічныя творцы, ладзіліся экспазіцыі творчага даробку з гарадоў, з якімі Барысаў падтрымлівае пабрацімскія сувязі. Прычым, зала сталася не толькі экспазіцыйнай прасторай: тут адбываліся імпрэзы рознай тэматыкі, творчыя сустрэчы, тут фарміравалася мастацкая калекцыя, у якой, дарэчы, прадстаўлены і творы Шкарубы. Не дзіва, што ў 2002 годзе зала атрымала статус галерэі. А назвалі яе “З’ява”. (Пра апошнюю па часе выстаўку ў ёй чытайце на старонках 10 — 11. — Рэд.) Цяпер жа ў будынку ЦРБ утворана і персанальная галерэя слыннага мастака, чые дасягненні выклікаюць у барысаўчан законную гордасць. Ну а сам факт заснавання падобнай надае бібліятэцы прывабнасці ў вачах мясцовых жыхароў і гасцей горада, павялічвае яе патэнцыял як культурнага асяродка і асветніцкага цэнтру.

Тое, што адкрыццё ў раённым цэнтры галерэі мастака, уганараванага званнем заслужанага дзеяча мастацтваў і Дзяржаўнай прэміяй, — падзея маштабная, засведчыў удзел ва ўрачыстай імпрэзе міністра культуры Барыса Святлова, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, прадстаўнікоў абласной выканаўчай улады, творчых саюзаў, буйных устаноў культуры, вядомых мастакоў. Не кожная выстаўка ў прэстыжных залах сталіцы збірае такую грамаду. Усе, хто браў на імпрэзе слова, адзначалі высакароднасць мастака, які зрабіў гораду такі цудоўны падарунак, і выказвалі спадзяванні, што ў Валерыя Шкарубы будуць паслядоўнікі, што прасякнуцца ідэяй культурнага аздаблення родных мясцін.

Спонсарам культурнага праекта стала РУП “Беларусьнафта-Мінскаблнафтапрадукт”. На грошы гэтай установы была прыведзена ў належны выгляд зала, дзе размясцілася галерэя, набыта адпаведнае абсталяванне. А вось функцыянаванне галерэі будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. У дадзеным выпадку мы маем прыклад паразумення дзеля вартай справы, падтрымкі ўладнымі структурамі, установай культуры і мецэнатамі ініцыятывы творцы.

Утварэнне персанальнай галерэі Валерыя Шкарубы дазволіць глыбей асэнсаваць феномен творчасці мастака. Пейзажны жанр глыбока ўкаранёны ў гісторыю культуры, мае не адно стагоддзе развіцця. Сказаць у ім новае слова даволі цяжка і, мяркую, амаль немагчыма. Ад самога спадара Валерыя я чуў меркаванне, што ўвесь сучасны расійскі пейзажны жывапіс нагадвае Левітана, а амерыканскі — Эндру Уаета. Да гэтага можна дадаць, што армянскія мастакі-пейзажысты знаходзяцца пад уплывам Сар’яна, а для беларусаў у гэтым сэнсе кананічная постаць — Бялыніцкі-Біруля. Наяўнасць трывалай эстэтычнай базы, дасканала распрацаванага канону ў мастацтве рэч неабходная. Без гэтага няма традыцыі, а без традыцыі — развіцця. Зрэшты, можна зрабіць творчую кар’еру, не выходзячы за межы гэтага канону. І ўсё ж больш шануюць тых, хто, не адвяргаючы папярэднікаў, здольны сказаць новае. Да апошніх належыць і Валерый Шкаруба. Не памылюся, калі скажу, што, дзякуючы яму, шмат хто ўбачыў беларускую прыроду ў нязвыклым святле, знайшоў прыгажосць там, дзе раней не заўважаў. Я асабіста не належу да фанатаў гэтага мастака: ягоная стылістыка не надта пасуе майму густу (прытым, што пра густы не спрачаюцца). Гэта калі казаць пра адно палатно. Але дзіўная рэч: калі карцін Валерыя Шкарубы шмат, я не магу адарваць ад іх вачэй. Калі яны запаўняюць выставачную прастору, я не мінаю ўвагаю ніводную, нібыта баюся прамінуць нейкае важнае пасланне. Больш за тое, магу глядзець ужо пабачанае па другім і трэцім крузе. Не надакучвае. Гэта патыхае містыкай, але абразкі някідкай беларускай прыроды у версіі Валерыя Шкарубы, калі яны ствараюць крытычную масу, я ўспрымаю як іншапланетныя краявіды. І чамусьці згадваю ці братоў Стругацкіх, ці Рэя Брэдберы. У маім разуменні мастак знайшоў Космас на Зямлі. І адчуў я гэта ў барысаўскай галерэі мастака.

Гэтыя развагі суб’ектыўнага зместу патрэбны для таго, каб звярнуць увагу на відавочнае: горад Барысаў зараз мае мастацкую калекцыю, якая мусіць стаць мясцовым брэндам. А чаму б і не з містычным ухілам? Віцебск мае шагалаўскі міф, чаму Барысаву не мець міфа Шкарубавага? Праўда, каб тое здарылася, трэба добра папрацавць…

Мінск — Барысаў — Мінск

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"