Даўно ўжо не праект

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

У самім словазлучэнні “мастацкая суполка” ёсць нешта нелагічнае. Творчасць — справа глыбока асабістая. І калі мастакі збіраюцца ў калектыў, дык звычайна дзеля таго, каб зрабіць нешта такое, што аднаму не па сілах. Атрымліваецца аналаг вытворчай брыгады. Па завяршэнні праекта суполка мусіць распадацца, бо яе далейшае існаванне пазбаўлена сэнсу. Нешта такое мы назіралі ў 1990-я гады, калі ў Саюзе мастакоў і за яго межамі творчыя суполкі, нефармальныя аб’яднанні мастакоў з’яўляліся, як грыбы пасля дажджу.

/i/content/pi/cult/562/12311/9-3.jpgЗа гучнымі адозвамі і мудрагелістымі дэкларацыямі, якімі суправаджалася з’яўленне на свет чарговай тусоўкі рэвалюцыянераў ад эстэтыкі, калі пільна ўгледзецца, стаяла звычайнае жаданне застаўбіць за сабой “хлебнае месца” — частку мастацкага рынку, які ўжо пачаў вымалёўвацца ў варунках першапачатковага накаплення капіталу. Я не іранізую і, барані Божа, нікога не асуджаю. Мастак таксама чалавек, а чалавек, калі ён толькі не вычварэнец-мазахіст, прагне камфорту — побытавага і псіхалагічнага. А той, у сваю чаргу, грошай каштуе… Значная колькасць новаўтвораных суполак згаданай пары знікала пасля таго, як зладзілі адну-дзве выстаўкі. Некаторыя пратрымаліся некалькі гадоў. А вось суполка “Пагоня”, утвораная дваццаць пяць гадоў таму, існуе дагэтуль. Фенаменальны для айчыннай рэчаіснасці факт. Патлумачыць яго ў нейкай ступені можа юбілейная выстаўка суполкі, якая зараз праходзіць у сталічным Палацы мастацтва.

Адразу скажу, што нейкіх адкрыццяў на выстаўцы я не заўважыў. Не было і эпатажных твораў, якіх пэўная катэгорыя гледачоў звыкла чакае ад “пагонічаў”. Экспазіцыя складаеца з новых работ найбольш актыўных у творчым сэнсе мастакоў суполкі і рэтраспектывы, дзе прадстаўлены такія знакавыя для свайго часу постаці, як Яўген Кулік і Сяржук Цімохаў. Асобны раздзел экспазіцыі адведзены творам Алеся Марачкіна, аднаго з творчых лідараў суполкі. Як звычайна, ёсць на выстаўцы гістарычныя краявіды, этнаграфічныя матывы і партрэты гістарычных постацяў. Усё, так бы мовіць, як заўжды…

І праз гэта “як заўджы” выстаўка не ўражвае. Гэта кепска? Для “Пагоні”, так. Для грамадства — не. У кантэкце нашай рэчаіснасці адсутнасць пільнай патрэбы ў нацыянальна-культурным асветніцве, прынамсі, у той форме, якую звыкла спавядае “Пагоня”, — факт станоўчы. Для мастакоў “Пагоні” тое асветніцтва заўжды было надзвычай важным чыннікам творчасці, а для каго з іх — нават справай жыцця. Сёння ж у выніку развіцця сувярэннай дзяржавы многае з таго, пра што “Пагоня” рупілася, рэалізавана альбо рэалізуецца на дзяржаўным узроўні. У такім выпадку ўзнікае падстава для радасці: твая справа робіцца, і адначасова для суму, таму што ўжо без цябе. Бо час змяніўся, а ты застаўся ранейшым. Як той партызан з анекдота, якому не паведамілі, што вайна скончылася, і ён па звычцы цягнікі пад адхон пускае…

Я не іранізую і, тым больш, не здзекуюся. Я канстатую. Я прыйшоў на выстаўку “Пагоні” не па новыя ідэі, а каб азірнуцца назад і асэнсаваць чвэрць стагоддзя. Мастакі суполкі калісьці абвясцілі сваёй мэтай мацаванне сродкамі маствацтва дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Мо і трымаюцца яны дагэтуль разам таму, што праект “Беларусь” — гэта не на год і не на чвэрць стагоддзя. Гэта і не праект, уласна, а тое, што можна назваць словам “назаўсёды”. А мастак мусіць адпавядаць тым зменам ў грамадстве, да якіх сам жа спрычыніўся сваёй творчасцю.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"