Канікулаў у музыкантаў не бывае

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Калі для звычайных школьнікаў гэты тыдзень прайшоў пад знакам вясновых канікулаў, то юныя артысты ўсіх спецыяльнасцей выкарыстоўвалі яго як дадатковую магчымасць для выступленняў і рэпетыцый. Не марнавалі часу і ўдзельнікі капэлы хлопчыкаў Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: яны рыхтаваліся да ІІ Міжнароднага свята “Галасы сяброў”, якое пройдзе ў Мінску 16 — 20 красавіка.

 /i/content/pi/cult/155/1231/Kanikulau.jpg

— Першае такое свята, — расказаў кіраўнік капэлы, старшыня Асацыяцыі кіраўнікоў хораў хлопчыкаў Беларускага саюза музычных дзеячаў Уладзімір Глушакоў, — прайшло два гады таму. Акрамя беларускіх калектываў у ім удзельнічалі прадстаўнікі Літвы і Бельгіі.
Сёлета да літоўскіх гасцей далучыцца хор хлопчыкаў з Нарвегіі. Як заўсёды, вельмі разнастайна будзе прадстаўлена Беларусь. Усяго ў нашай Асацыяцыі, што існуе ўжо тры гады, з’яднаны 15 калектываў з Мінска, Брэста, Гродна, Слоніма, Светлагорска, прычым ёсць хоры і дзіцячых музычных школ, і агульнаадукацыйных школ з харавым ухілам, і ўстаноў дашкольнага ды пазашкольнага выхавання. Мы намагаемся развіваць і прапагандаваць беларускую выканальніцкую школу, даваць дзятве і юнакам магчымасць выявіць свае здольнасці.
Наша харавое свята не выпадкова называецца “Галасы сяброў”, бо сябруюць паміж сабой не толькі юныя харысты, але і самі калектывы. Пад час свята вельмі шырока практыкуюцца гала-канцэрты, а зводны хор хлопчыкаў з Нарвегіі, Літвы і Беларусі выканае “Чычэстэрскія псалмы” Бернстайна — твор, які ў нас амаль не вядомы. Акрамя таго, мы і нашы госці возьмем удзел у штогадовай акцыі “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця”, выступім у сёлах перасяленцаў. Дарэчы, мы запрашаем калектывы вельмі высокага ўзроўню, і гэта вымушае нас увесь час трымаць рэнамэ, імкнуцца да новых вяршынь.
Мабыць, менавіта гэтае заўсёднае імкненне да чагосьці большага дазваляе капэле хлопчыкаў Рэспубліканскага музычнага каледжа даўно ўжо мець шырокае прызнанне, у тым ліку далёка за межамі Беларусі. У прыватнасці, зімовыя “канікулы” гэты калектыў у чарговы раз праводзіў у Германіі. І выклікаў там фурор, сведчаннем якога сталі нататкі замежнай прэсы, дзе адзначаецца майстэрства, пачуццёвая напоўненасць і вялікая страснасць выканання, цудоўнае валоданне галасамі, што параўноўваюцца са званочкамі ды вясновымі ручайкамі, вялізная моц гучання, здольная запоўніць залу да апошняга куточка. Асабліва была адзначана “Ражджэсцвенская фантазія” вядомага беларускага кампазітара Алены Атрашкевіч, названая “сучаснай харавой сімфоніяй, у якой сабрана разам тэматыка 12-ці вядомых калядных песень з усяго свету”. А кампакт-дыск выступленняў нашых хлопчыкаў, выдадзены ў Германіі, будзе садзейнічаць далейшай папулярызацыі беларускай музыкі і нацыянальнай выканальніцкай школы.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: капэла хлопчыкаў
Рэспубліканскага каледжа
пры Беларускай
дзяржаўнай акадэміі музыкі.