Архітэктура паўсядзённасці — на стагоддзі

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Што такое стратэгія развіцця еўрапейскага горада? Нямецкі архітэктар, а да ўсяго журналіст і выдавец Філіп МОЙЗЕР ведае адказ: на першым плане — камфорт жыцця людзей, а потым ужо ўласна архітэктура. Дойлід падчас візіту ў беларускую сталіцу прывёз фотавыстаўку “Горад і дом. Новая архітэктура Берліна ў ХХІ стагоддзі” і выступіў у Беларускім саюзе архітэктараў. Што “пасеяў” нямецкі госць на вуліцах Берліна? Як Карл Лібкнехт “дапаможа” аднавіць манархічны палац? Які мінскі будынак самы дынамічны? Пра гэтае і сёе-тое іншае — гутарка карэспандэнта “К” з Філіпам Мойзерам.

 /i/content/pi/cult/155/1230/Arhitektura.jpg

— Ваша выстаўка была прысвечана новай архітэктуры нямецкай сталіцы. Ці існуе, на вашу думку, нейкае падабенства забудовы Берліна і Мінска?

— Шмат паралеляў можна правесці, параўноўваючы Усходні Берлін і Мінск. Зрэшты, і ў гісторыі нашых сталіц шмат агульнага. Абодва гарады былі моцна разбураны, і я заўважыў, што ў Мінску, як і ў Берліне, імкнуцца адраджаць гістарычныя будынкі, аднаўляюць часткі старога горада. Вельмі важна для любога еўрапейскага горада ашчадна ставіцца да свайго мінулага, без якога няма будучыні.

— З чым вы пазнаёмілі мінчан?

— На выстаўцы былі прадстаўлены 20 праектаў, здзейсненых за апошнія сем гадоў. Праекты гэтыя радыкальныя, але прытым досыць звычайныя. На маю думку, архітэктура добрая тады, калі будынкі праз 20, 30 і нават 50 гадоў добра захаваюцца. Падаецца, мінскія пабудовы 1940-х — 50-х гадоў вельмі якасныя. Іншая справа, ці пададуцца прывабнымі сучасныя “шклянкі” гандлёвых цэнтраў хоць бы праз дзесяць гадоў?

— Мусіць, на выстаўцы быў прадстаўлены і ваш асабісты праект?

— Так, гэта праект дома, дзе знаходзяцца офісныя і жылыя памяшканні. Там жа, між іншым, месціцца і наша архітэктурнае бюро. У гэтым праекце выказана прафесійная пазіцыя: аб’ект нашай працы — архітэктура паўсядзённасці, але з высокай якасцю. Мінскай выстаўкай я і мае аднадумцы імкнуліся сцвердзіць такое дойлідства як асноўнае пры стварэнні аблічча горада.

— Атрымліваецца, вы ствараеце архітэктуру ў разліку “на стагоддзі”?

— Пагадзіцеся, архітэктура — не модны дызайн. У нашай працы існуе каркас, які мы “апранаем”. Будынкі ж праектуюцца не на сезон, як адзенне, а для многіх пакаленняў.

— Як у Берліне адраджаецца старажытнае дойлідства?

— У нямецкай сталіцы пасля Другой сусветнай вайны быў узарваны стары манархічны палац. 25 гадоў на гэтым месцы нічога не было: праводзіліся вайсковыя парады ды іншыя мерапрыемствы. Потым там пабудавалі Палац Рэспублікі, які, пасля семнаццацігадовага абмеркавання, усё ж такі вырашылі знесці і аднавіць гарадскую цікавостку. Грамадства вынесла свой вердыкт: пяць-шэсць стагоддзяў гісторыі палаца пераважваюць дваццаць гадоў Палаца Рэспублікі.

— А хто будаваў той стары палац? Ці захавалісядакументы, якія дапамогуць у яго адраджэнні?

— Напачатку гэта быў замак, які спраектаваў архітэктар Андрэас Шлютэр у стылі барока, а сама пабудова ўзводзілася на працягу некалькіх стагоддзяў. А матэрыялаў і сапраўды нямала. Адзін з іх — фота 1919 года, дзе зняты Карл Лібкнехт, які абвясціў у гэтым будынку аб пачатку рэвалюцыі. Пасля барочны палацавы фасад прыбудавалі да будынка гарадскога Савета, і такім чынам частка палаца захавалася.

— Як у Берліне спалучаюць старое і новае, ці будуюць у цэнтры паркінгі ды іншыя аб’екты сучаснасці?

— У любым еўрапейскім горадзе дом заўсёды звязаны з зямлёй, якая яго акаляе. У Берліне значная ўвага надаецца грамадскаму транспарту: гараджан стрымліваюць ад паездак на ўласных аўтамабілях у цэнтры. У нас нават ёсць прымаўка: “Хто сее вуліцы, той за ўраджай мае транспартны рух”.

— А як ставяцца берлінскія архітэктары да старога жыллёвага фонду?

— У Германіі на першым плане не архітэктура, а камфорт жыцця людзей у спраектаваных намі дамах. Стары фонд, як правіла, не зносіцца, а падлягае рэканструкцыі з улікам патрабаванняў новага часу. І калі нейкі інвестар пажадае на месцы такіх дамоў пабудаваць нешта “суперсучаснае”, дык ён, пры згодзе жыхароў, павінен забяспечыць у іншым месцы жылыя дамы абсалютна такой жа якасці.

— Цікава, якія сумесныя беларуска-нямецкія праекты ў галіне дойлідства мяркуецца ажыццявіць?

— Для берлінскіх архітэктараў вельмі цікава будзе пазнаёміцца з мінскімі архітэктурнымі напрацоўкамі. Ваша сталіца спалучае як рысы мінулага, так і адзнакі тыповага еўрапейскага цэнтра. Увогуле, еўрапейскі горад гэта месца, якое цягам многіх стагоддзяў будавалася і развівалася, а горад пераходнага тыпу — той, у якім з гісторыяй спрабуюць развітацца і пабудаваць нешта новае. Берлін і Мінск падобныя, бо такія тэндэнцыі назіраюцца ў кожным з іх. У Беларускім саюзе архітэктараў мы з калегамі абмяркоўвалі і такое пытанне: наша выдавецтва рыхтуе кнігу аб нямецкіх архітэктарах, якія працавалі і працуюць у краінах СНД. Спадзяёмся, звесткі пра немцаў, якія праектавалі ў Беларусі, з дапамогай вашых дойлідаў таксама збяром.

— Якія сучасныя будынкі Мінска вам спдабаліся?

— Мяне ўразіла пасляваенная архітэктура цэнтральнай часткі Мінска, павільён “БелЭКСПА” на праспекце Пераможцаў. Ён выпраменьвае лёгкасць, дынаміку, якой, мне падаецца, не хапае многім апошнім сучасным мінскім будынкам.

— Апроч архітэктуры, вы цікавіцеся яшчэ і журналістыкай. Якія тэмы вы ўзнімаеце?

— Сучаснай архітэктуры, і не толькі Берліна, але і сусветнай. Пазалетась выдаў кнігу аб новай архітэктуры ды інтэр’еры ў Расіі. А цяпер пішу кнігу аб савецкай архітэктуры 1930-х — 80-х гадоў, бо вельмі зацікавіўся гэтай тэмай. Дарэчы, у Мінску я знайшоў цудоўныя ўзоры дойлідства савецкай эпохі. Наступную кнігу планую прысвяціць так званай “сталінскай” архітэктуры.

— Што б вы яшчэ адзначылі з пабачанага ў Мінску?

— На жаль, я не шмат быў у вашай сталіцы. Спадзяюся, што буду бываць часцей. Мне шмат што спадабалася. Па праўдзе, мне не хапала праектаў маладых дызайнераў, якія спрабуюць дыстанцыянавацца ад горада, які ўжо існуе, і пабудаваць штосьці зусім новае і адметнае. Нацыянальная бібліятэка, бясспрэчна, удалы праект, ёсць і іншыя цікавыя будынкі. Зрэшты, новую архітэктуру можна вызначыць, перш за ўсё, па ўнутраным афармленні. І калі спрабаваць шукаць новую архітэктуру, дык трэба звяртаць увагу на ўнутранае начынне. І тут вельмі важна ўмець ствараць прастору, аб’ём, святло і колер. Асабіста я імкнуся ствараць інтэр’еры, дзе было б шмат колеру, святла. 

Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА