Аляксандр Уладзіслававіч аднойчы выказаў такую думку: “Я заўсёды са світальнай зарой настройваюся на творчы працэс. Прырода заўсёды прыварожвала маю душу. Яна для мяне — утульны дом, рай, дый годзе. Кожная яе мясцінка: і малады сасняк, і бярозкі, і азярына, і палявыя кветкі — сагравае сэрца на доўгі час”. Адно з галоўных крэда яго падыходу да прыроды — берагчы прыгажосць вакол.
Ён піша маляўнічыя пейзажы ад зямлі-матухны да небасхілу. У іх фарбы нагадваюць шматкаляровыя карункі, якімі ўпрыгожваюцца дзяўчаты перад вяселлем і ў святы. Карціны мастака ўражваюць тонкім каларытам, які стварае паэтычны вобраз зямлі. Якраз такія якасці яго палотнаў адзначала і мастацтвазнаўца з Санкт-Пецярбурга Л.Хмялёва на выстаўцы нашага земляка ў Кіраўскім мастацкім салоне горада на Няве. У буклеце, выдадзеным да гэтай экспазіцыі, яна, у прыватнасці, адзначала: “Аляксандр Гайлевіч— мастак з душой паэта, які вельмі любіць красу роднай Беларусі”. Вельмі цёпла экспазіцыю пейзажаў прынялі пецярбуржцы і ў культурным цэнтры на Сянной плошчы. З ягонымі творамі знаёмы таксама жыхары Масквы, Бранска, Чарнігава, Мінска і Светлагорска. І заўсёды гледачы давалі высокую ацэнку палотнам мастака. Таму што — ён адкрывальнік новых творчых дарог. Таму што вельмі любіць жыццё і мастацтва. Таму што заўсёды верны сваёй бацькаўшчыне. І невыпадкова так цёпла прымаюць сёння выстаўку яго твораў мазыране, што з поспехам працуе ў Палацы культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода.
Аляксей ШНЫПАРКОЎ,
мастацтвазнаўца
Гомель