Лёс Нідзіі з войска Напалеона

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Жанчына, якой “нідзьбець” не даводзілася
Напалеонаўскі наступ на Расійскую імперыю 1812 года, які афіцыйна называўся ў арміі французскага імператара другім польскім паходам (першы завяршыўся перамогай Напалеона над Расіяй пад Фрыдляндам і Цільзіцкім пагадненнем з ёй), праходзіў па беларускіх землях і закранаў лёсы тутэйшых жыхароў. У багатай літаратуры аб гэтых падзеях асноўная ўвага надаецца непасрэдным ўдзельнікам ваенных дзеянняў — вайскоўцам. Аднак гэта вайна захапіла і шматлікія лёсы тых, пра каго афіцыйныя дакументы і мемуары сведчаць адносна мала — цывільных, у тым ліку жанчын.

/i/content/pi/cult/561/12299/14-2.jpg

Адам Альбрэхт. "Італьянскі корпус Яўгенія Багарнэ перапраўляецца праз Нёман. 30 чэрвеня 1812 г.".

У запісах сведкаў тых падзей раз-пораз сустракаюцца згадкі пра вялікую колькасць жанчын, часта з дзецьмі, якія былі пры войску Напалеона. Гэтая акалічнасць не можа не здзіўляць — не маглі ж яны ўсе быць маркітанткамі! Адзначым, што наяўнасць жанчын — жонак і каханак — была ўласцівая напалеонаўскім войскам. У час экспедыцыі ў Егіпет 1798 года, нягледзячы на строгую забарону Напалеона прысутнасці на караблях жанчын, з Тулона ў складзе 30-тысячнай арміі ўпотай адплыла недзе 300 жанчын — жонак, каханак, некаторыя з якіх няблага ваявалі ў якасці салдат. Так і ў час вайны 1812 года разам з інтэрнацыянальным войскам у абозе знаходзілася вялікая колькасць жанчын — гэта маркітанткі (часта з дзецьмі), закаханыя (яўна ці тайна) у сваіх герояў адважныя аматаркі прыгод з усёй Еўропы, у тым ліку і з зямель былога Вялікага Княства Літоўскага, урад якога Напалеон наноў стварыў у Вільні. Становішча гэтых самаахвярных жанчын было цяжкім: яны нярэдка аказваліся аддаленымі ад сваіх каханых ці наогул страчвалі іх. Кабеты аказваліся пакінутымі на волю лёсу. А пры адступленні войска ім не рабілі паблажак: жанчыны гінулі ад куль, холаду і голаду. У выніку, яны вымушаны былі аб’ядноўвацца, каб выжыць.

Пра лёс адной з ніх, “ліцвінкі Нідзіі” (так у рускім перакладзе), вядзеца ў мемуарах (1827 года) вядомай у свой час жанчыны Іды дэ Сэнт-Эльм (гэта імя ўзяла сабе ўраджэнка Бельгіі Эльзеліна Ванайл дэ Ёнг, каханка славутага маршала Нэя). Твор пісаўся, як лічыцца, іншым аўтарам на падставе ўспамінаў Іды, таму мае пэўныя недарэчнасці. Аднак фрагмент, які нас цікавіць, утрымлівае шмат падрабязнасцей і падаецца рэальным. Мемуарыстка называе Нідзію дзяўчынкай (відавочна, была гэтая асоба досыць маладая), належыла яна, напэўна, да дваран (бо добра ведала французскую мову, нядрэнна валодала зброяй). У мемуарах з цеплынёй і павагай не раз адзначаецца мужнасць ліцвінкі. (Імя Нідзія звязана, хутчэй за ўсё, з беларускім дзеясловам “нідзьбець” — нудзіцца, гараваць. Таксама ў ім прысутнічаюць балцкія карані, уласцівыя беларускай анамастыцы. Ну і дадамо, што ў крыніцах таго часу, у тым ліку французскіх, большая частка нашых зямель называлася Літвой, а яе жыхары — літвой, ліцвінамі. )

Як і Іда дэ Сэнт-Эльм, Нідзія пайшла на вайну за сваім каханым, але ён загінуў, як можна меркаваць, у пачатку пахода. Па сведчанні мемуарысткі, ліцвінка была ў захапленні ад французаў. Яна паведаміла прынцу Яўгенію Багарнэ (сыну першай жонкі Напалеона імператрыцы Жазэфіны ад першага шлюба) важныя звесткі аб атрадзе Платава. Стаўленне Нідзіі да французаў адлюстроўвала адносіны дваран, гараджан беларускіх земляў да французскіх войскаў. Нідзія, як, дарэчы, і ўся армія, захаплялася прынцам, а сэрца яе належыла, па словах мемуарысткі, генералу Манбрэну.

Іда і Нідзія падарожнічалі разам з яшчэ дзвюма жанчынамі, якія загінулі. У гэтай суполцы толькі Іда была францужанкай, што ў агульных рысах адлюстроўвала этнічны склад войска Напалеона, дзе з 420 тысяч вайскоўцаў французаў аказалася прыблізна адна трэцяя частка. У мемуарах апісваецца захопленая Масква, дзе падарожніцы размясціліся ў палацы на Санкт-Пецярбургскай вуліцы. Уначы пачаўся пажар, загарэўся палац, салдаты выламалі дзверы і загадалі жанчынам бегчы. Яны бачылі трупы на пажарышчах, натоўпы салдат і жыхароў, што выратоўваліся ад агню, “орды” злачынцаў, якія падпальвалі горад. Жанчыны выпадкова ўбачылі, як тры бандыты рабавалі параненага салдата. Нідзія без роздуму стрэліла з пісталету і забіла аднаго з іх, двое збеглі. Жанчыны аднеслі салдата ў бліжэйшую царкву. У час адступлення з Масквы дзве сяброўкі, апранутыя ў дзіўнаватыя строі, з агнястрэльнай зброяй, якой Нідзія добра валодала, былі з абозам і зазналі небяспекі гэтага становішча. На абозы і салдат, што адсталі, нападалі казакі, якіх Напалеон і яго атачэнне лічылі як від лёгкай кавалерыі найбольш небяспечнай сілай рускай арміі. У час нападу на абоз самымі небяспечнымі былі першыя хвіліны, калі дапамога яшчэ не з’явілася і трэба было бараніцца самім.

Калі адбыўся першы напад, жанчыны адбіваліся разам з салдатамі, прычым Нідзія стрэліла з карабіна восем разоў (пяць з іх — удала), няблага стрэліла і Іда. Мужнасць Нідзіі выклікала пашану. Аднойчы пад Вязьмай адважная дзяўчына ўступіла ў рукапашны двубой з казакам, які зразумеў, што перад ім жанчына, і кінуўся на яе з падвоенай энергіяй. Толькі дапамога выратавала тады Нідзію. Неўзабаве пасля той падзеі Нідзію параніла ў скронь. Каб не адстаць і не загінуць, яна, нягледзячы на боль, працягвала заставацца ў сядле.

Сяброўкам пашанцавала выжыць пры пераправе праз Бярэзіну. Першымі без перашкод па мастах праз раку перайшлі гвардыя, артылерыя, вайсковыя фарміраванні, што захавалі страявы парадак. Потым пад прыкрыццём невялікіх армейскіх часцей дазвол на пераход атрымалі апошнія падраздзяленні войска, адсталыя салдаты, маркітанткі з дзецьмі і маёмасцю, іншыя ўцекачы. Менавіта гэты натоўп патрапіў пад рускія ядры і кулі, склаўшы асноўную колькасць пацярпелых. Як адзначаў у мемуарах маркіз Арман дэ Каленкур, было такіх каля 10 тысяч.

Недалёка ад сябровак рынула ядро, і яны разам з маркітанткай і яе двума дзецьмі схаваліся пад коламі. Войскі расчысцілі шлях па мастах, трэба было бегчы, аднак напалоханая маркітантка адмовілася. Тады жанчыны прапанавалі ёй аддаць ім адно дзіця, каб перанесці яго на другі бераг, але маркітантка адказала, што для яе каштоўныя абодва дзіцяці, і засталася.

Нідзіі і Ідзе дэ Сэнт-Эльм спрыяла фартуна — як толькі яны апынуліся на другім беразе, мост абваліўся, пачуўся страшэнны крык соцень людзей, якія разам з коньмі, вазамі, карэтамі апынуліся ў халоднай вадзе. Далей жанчыны з “дапамогай золата” знайшлі нейкую калымагу і, дабраўшыся да польскіх земляў, далучыліся да корпуса Нэя і потым развіталіся. Іда дэ Сент-Эльм паведамляе, што яна выпадкова даведалася пра тое, што Нідзія загінула ў час пераправы праз Эльбу, каля Таргаў. Як можна меркаваць, гэта адбылося пры аблозе і ўзяцці ў студзені 1814 года прускімі войскамі названага горада-крэпасці з французскім гарнізонам.

Як бачым, Нідзію не засмуцілі небяспекі вайны. Лёс яе быў тыповым для беларусаў з Міншчыны, дзе тады вёўся вялікі набор добрахвотнікаў, аддзелу князя Дамініка Радзівіла, якія пайшлі за напалеонаўскім войскам і большасцю загінулі ў шматлікіх бітвах таго часу.

Ігар УГЛІК, кандыдат гістарычных навук