“Я здымалася ў Макаёнка”

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

У Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя Уладзіміра Леніна адбылася вечарына, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння нашага земляка, ураджэнца Рагачоўскага раёна, народнага пісьменніка Беларусі, драматурга Андрэя Макаёнка. Але аўтар гэтых радкоў запомніла знакамітага літаратара тады, калі здымаўся фільм “Рагаты бастыён” па п’есе “Лявоніха на арбіце".

/i/content/pi/cult/561/12298/14-1.jpgЗгадаць асобу і творчасць Макаёнка, пакланіцца светлай памяці чалавека, які не толькі ўславіў родную зямлю, але шмат зрабіў, каб тагачасныя заганы грамадства не пусцілі глыбока карані, прыйшлі навукоўцы і пісьменнікі, студэнты-філолагі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

Прафесар, доктар філалогіі Іван Штэйнер падкрэсліў: чалавек, які, па-сутнасці, не меў належнай адукацыі, не кажучы пра філалагічную, стаў пісаць. “Ён быў смелы. Андрэя Ягоравіча вельмі ўскалыхнула Вялікая Айчынная вайна, перыяд адступлення на яе пачатку. Франтавік Макаёнак не баяўся агаліць тое, што балела”.

Звярнуцца і перачытаць дзённікі Андрэя Макаёнка і яго лепшага сябра-земляка Івана Шамякіна скіраваў сваіх студэнтаў кандыдат філалогіі, калега спадара Штэйнера па Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Францыска Скарыны Віктар Яцухна. “Макаёнак па жыцці не дараваў здрады, быў верным сябрам. Як ён пісаў? Мог пяць-шэсць гадоў не пісаць, а потым за пару тыдняў стварыць выдатную п’есу. Прычым, збіраў сваіх блізкіх і сам прайграваў ролі, перапранаючыся, напаўняючы ігру і адпаведнай мімікай, і жэстамі, і голасам. Потым шліфаваў нешта, пачуўшы парады родных і блізкіх людзей, землякоў”.

На вечарыне дэманстраваліся дакументальныя стужкі, а старшыня абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч распавядаў, як асабіста ўдзельнічаў у пастаноўках “Лявоніхі на арбіце”, іграў у самадзейных школьных творчых калектывах, а пазней і ў інстытуцкім ролю Лявона Чмыха. Акцёры народнага тэатра “Гракі”, што дзейнічае пры “ленінцы”, таленавіта ўвасобілі ўрывак з гэтай п’есы, пачулі шчодрыя апладысменты ў свой адрас.

Мне ж, аўтару гэтага артыкула, у далёкім 1964 годзе разам з землякамі-мядзельцамі давялося ўдзельнічаць у масоўцы пры здымках “Беларусьфільмам” карціны па той жа п’есе “Лявоніха на арбіце”, якая выйшла ў пракат пад назвай “Рагаты бастыён”. Здымкі вяліся ў ваколіцах і ў самім райцэнтры Мядзел Мінскай вобласці, на вуліцы Міру. Там якраз дабудоўваў свой дом работнік міліцыі, драўляная хата стала на перыяд здымак сядзібай Чмыха. Памятаю веранду, у якую пры нас устаўлялі каляровыя шкліны, таму яна выглядала вельмі адметна.

Задача нас, дзяцей, у карціне была такая: мы — піянерскі атрад (у ім разам з іншымі дзецьмі — чатыры мае сяброўкі) — набліжаемся па гравійцы да крыжа, на якім умоўна распяты голы, толькі абвешаны ў ніжняй частцы цела бульбоўнікам Лявон Чмых (іграў яго купалавец, народны артыст Беларусі Павел Кармунін). Як толькі мы падыходзілі бліжэй, хтосьці з дзяцей пытаўся ў піянерважатай (здымалася ў яе ролі Фаціма Смольская): “Гэта праўда, што баптысты калгасніка распялі?” І пад гэтыя словы Кармунін “ажываў” і прыгаў ад крыжа ў наш бок, і ўсе дзеці разляталіся ўрассыпную.

Некалькі дзён запар мы выязджалі за Мядзел, у бок Гурак, збочвалі ўлева і ўдзельнічалі ў здымках “...Бастыёна”. Лета, спёка, але ж вытрымлівалі. За здымачны дзень у масоўцы плацілі па 5 рублёў, і, вядома ж, гэта былі нашы першыя ў жыцці самастойныя заробкі. Грошы атрымлівалі ў Мядзельскай гасцініцы, выстойваючы ў чарзе разам з землякамі — дзедам Сымонам Асаевічам, дзядзькам Кубам Смольскім, цёткай Валянцінай Янель (яна іграла загадчыцу клуба: выходзіла з караваем сустракаць маладажонаў).

Безумоўна, у васьмігадовым узросце мы не ведалі, хто такі Макаёнак, але ж з цікавасцю маршыравалі, каб выканаць пастаўленую перад намі задачу. Бацькі падбухторвалі інтарэс да тых здымак, маўляў, артысткамі, можа, будзеце. Ім, якія перажылі вайну, хацелася, каб наша жыццё сталася лягчэйшым, чым іхняе. Ды і кіно як від мастацтва тады ой як усе любілі! І таму на прэм’еру карціны ў Старамядзельскі клуб прыйшлі не толькі тыя, хто ўдзельнічаў у масоўцы, але і шматлікая радня. Калі на экране з’яўляўся чарговы кадр, хтосьці з мядзельцаў абавязкова ўскокваў і крычаў: “Вунь Сымон!” А дзядзька Куба пра сябе: “Вунь я!”. Хтосьці бег у будку да кінамеханіка Чэслава Козела, калі раптам дэманстрацыя спынялася, каб дапамагчы яе наладзіць. Так што спакойна паглядзець карціну тады не давялося. Потым яе на вялікім экране не паказвалі, бо яна аказалася неактуальнай: змяніўся час, прыспелі іншыя праблемы.

Студэнткай філфака БДУ я глядзела ў Купалаўскім тэатры ўсе спектаклі па п’есах Андрэя Макаёнка... Зараз, калі землякоў старэйшага веку няма ў жывых, а ў нашага “піянерскага атрада” ўжо свае ўнукі, фільм па п’есе творцы, апроч усяго — вельмі дарагая памяць пра наша дзяцінства.

Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі выйшла з прапановай з нагоды Дня беларускага пісьменства ў Рагачове ў верасні 2016 года адну з вуліц райцэнтра назваць імем Андрэя Макаёнка, каб пазначыць урачыстасці святлом памяці пра народнага пісьменніка.

Тамара КРУЧЭНКА

Гомель