Музеі, соцыум, цуд...

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Падарожжа праз мастацкае і побытавае. Частка ІІІ

/i/content/pi/cult/561/12297/13-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 40, 44.)

Мова

Культурамі Грузія і Расія звязаны між сабой здаўна і моцна. “Мцыры”, “Обнявшись, будто две сестры, струи Арагвы и Куры”, “На холмах Грузии лежит ночная мгла…” — вялікія Пушкін і Лермантаў пісалі пра яе, перакладалі грузінскія творы на рускую мову, тое ж па-майстэрску рабілі пазней Мандэльштам, Пастэрнак. Грузінскія пісьменнікі перакладалі рускую літаратуру для сваіх чытачоў. Шмат заклікальных надпісаў і на цыратах няхітрага курда Ніко Пірасмана: “Пивная Закатала”, “Винный погребъ. Распивочно и на выносъ”, “Дворникъ”, “Тут холодный пиво”. З кнігі Ладо Гудзіяшвілі “Таямнічасць прыгажосці” — пра стары Тыфліс (сёння — Тбілісі): “Хто толькі не жыў у нашым квартале: армяне, азербайджанцы, туркі і персы, айсоры і курды, рускія — сярод іх малакане і духаборы. А да таго ж — прыезджы люд… Разнамоўны говар нагадваў гудзенне агромністага вулля”. Але пакаленне, што вучылася ў школах на пачатку “нулявых”, рускай мовы не вывучала. Таму рускамоўныя турысты, якіх тут сёння ўсё больш, з шэрагам мясцовых таксістаў не могуць знайсці паразумення: часам патрэбнае даводзіцца ілюстраваць жэстамі ці гукамі.

Нані, наглядчык экспазіцыі Мастацкага музея: “Грузінскую і англійскую мовы нашы дзеці вучаць у школе. А дома мы з мужам размаўляем з імі па-руску. І цяпер пачынаюць уводзіць рускую мову як факультатыў. Больш за тое: ведаю дамы, дзе нанімаюць рэпетытараў.”

Музеі

Дарэчы, Дзяржаўны мастацкі музей. У вялікай зале экспануюцца дзясяткі карцін Ніко, сапраўднікі. Усе вядомыя па каталогах, выстаўках, манаграфіях. Але вось адна ў куце абгароджана чырвонай стужкай: незнаёмы начны пейзаж. Перакладаюць з грузінскай назву: “Арсенальная гара ўначы” 15.6.2015” і кароткую гісторыю ўзнікнення тут невядомага твора.

Аказваецца, на пачатку ХХ стагоддзя рускія “цаніцелі” (мо тыя ж браты Зданевічы, што адкрылі свету генія-самавучку), прысвоілі гэты твор і некуды звезлі. Дзе і ў каго ён захоўваўся амаль стагоддзе, невядома. А ўзнік зусім нядаўна ў Лондане на аукцыёне. Там карціну заўважыў, а ў далейшым набыў Бідзіна Іванішвілі — папулярная сёння ў Грузіі асоба — і падараваў яе музею. Добра, калі ў краіне сустракаюцца багатыя і разумныя людзі.

Пасярэдзіне залы невялікія скульптуры Якоба Нікаладзэ і фота яго стварэнняў, ужо ўстаноўленых: мемарыяла Ільі Чаўчавадзэ — ён знаходзіцца ў пантэоне ля Давідаўскай царквы; бюст генерал-палкоўніка, Героя Савецкага Саюза Канстанціна Леселідзэ, камандзіра дывізіі, дзе палітруком быў Леанід Брэжнеў. Але больш цікавая ранняя, 1905 года, работа Нікаладзэ з белага мармуру на біблейскую тэму: “Саламея”. Адрэзаная галава Іаана з заплюшчанымі вачыма на блюдзе і прыхілены да яе твар Саламеі, якая драпежна ўпіваецца ў мёртвыя вусны сваёй ахвяры. Незвычайная трактоўка і мастацкае ўвасабленне!

Другая зала пераважна з малавядомай графікай і ўсяго некалькімі жывапіснымі работамі Ладо Гудзіяшвілі, якія адносяцца да парыжскага перыяду творцы. Ён быў тады ў адной багемнай кампаніі з Пікаса, Мадзільяні, Бракам, Мазерэлем, Судзейкіным, вітаўся ў славутай кавярні “Ратонда” з Маякоўскім, Ясеніным і яго Айседорай — усе маладыя, няўрымслівыя, ва ўсіх росквіт творчасці толькі пачынаўся. А дзе ж асноўныя, вядомыя карціны: яго актрысы, кіно, танцоркі, таямнічыя прыгажуні? Яны, патлумачылі, у Доме-музеі мастака, што па вуліцы яго імя ў будынку № 11.

Правы спуск ад Кашвэцкай царквы… А што за бронзавы хударлявы дэндзі ў капялюшы стаіць, абапіраючыся на балюстраду? Гэта ж грузінскі парыжанін Ладо! Побач яго Дом-музей. У дзвюх залах на другім паверсе выстаўлены ўсе творы мастака, што знаходзяцца ў Грузіі, у іх ліку — “Куцёж Кінто з жанчынай”, “Тост на світанку”, “Танцорка Лэйла”, “Прыдворныя танцоркі”, партрэт Ніко і сапраўднік “Смерць Пірасмані” — усяго пад сотню карцін.

Трэці паверх зачынены: рыхтуецца экспазіцыя са здабытых зноў прац майстра. У Грузіі 18 сакавіка 2016-га урачыста адзначаць 120-годдзе з дня нараджэння вялікага творцы Ладо Гудзіяшвілі.

А ў Краязнаўчым музеі экспануюцца каштоўнасці, якія ў ХХ стагоддзі выкапалі ў старажытных курганах на тэрыторыі Грузіі. Мала зубоў мамантаў, крэмневых скрабкоў і наканечнікаў стрэл з костак, як у нашых музеях, а спрэс золата, эмалі, каштоўныя каменьчыкі, жаночыя ўпрыгожанні, вытанчаная ювелірка.

Соцыум

А ў суседняй зале часовая выстаўка “Савецкая акупацыя, 1921 — 1991 гады”: фота і дакументы на грузінскай мове. Прайшло 24 гады. Спашлюся на некаторыя згадкі ад маіх стрыечных братоў з паралельнай грузінскай галіны роду.

Анзоры працаваў малатабойцам на заводзе ў Батумі, які вырабляў катары на подводных крылах. Брат ганарыўся, што адзін катар, да якога і ён прыклаў свае моцныя рукі, падаравалі Фідэлю Кастра. Няма нават памяці пра гэты завод. Лептоні загадваў тэхналагічным аддзелам на інструментальным заводзе ў Батумі, які, дарэчы, супрацоўнічаў з аналагічным мінскім. Няма завода. Брат пацікавіўся, ці працуе завод у Мінску, на які ён прыязджаў у свой час па справах. Я супакоіў яго: працуе. Аўтандзіл працаваў на нейкім заводзе ў Руставі, а Земіры — у Зугдзідзі. Гэтых прадпрыемстваў таксама няма. Браты ж: хто памёр, хто на пенсіі, хто перабіваецца выпадковай працай. Брат Алексі, выдатны чырвонадрэўшчык, не змог, як збіраўся, праводзіць мяне, бо трапіў невялікі заказ: пакласці некаму плітку ў прыбіральні. Нельга ўпусціць. А да пенсіі далёка (сярэдняя — прыкладна 65 долараў): яму 59, а мужчыны ідуць на заслужаны адпачынак з 65, жанчыны — з 60 гадоў.

Даўнішні сябра Гела, былы дырэктар чайнай фабрыкі (Азургеці):

— У Грузіі было 24 чайныя фабрыкі. Цяпер засталася адна.

У цэнтры Тбілісі спрабуюць адрадзіць славутую крамку “Воды Лагідзэ” — колішняе месца зносін багемы, інтэлігенцыі і сталічнай моладзі, дзе ўсе ахвотна пілі газіроўку з натуральнымі садавіннымі сіропамі, каштуючы гарачы хачапуры. Можа, сапраўды ўзновяць...

Прычалы батумскага порта за савецкім часам не паспявалі прымаць пасажырскія лайнеры — круізныя па Чорным моры, калі адзін змяняў іншы, і міжнародныя. Цяпер за тыдзень бачылі адзін паром на Турцыю. Некалі марскі далягляд, бачны і з горада, і з пляжаў, запаўнялі сухагрузы і танкеры. Цяпер тыдзень маячыў на рэйдзе адзіны танкер, свяціўшыся аранжавым бортам.

Чым жа жывуць працоўныя? Таксіст Како з пасёлка Урэкі сказаў нам на пачатку верасня: “Таксую апошні тыдзень, курортны сезон заканчваецца. Тут, ля мора, усё зачыніцца. Падамся ў вёску: трэба лушчыць кукурузу, назапасіць кармоў жывёле на зіму, націснуць віна. З сярэдзіны верасня да сярэдзіны мая — аніякага грашовага прыбытку”.

Але ёсць і дасягненні: усе лекі хворым на дыябет і падручнікі школьнікам, хаця ўжо і ўжываныя, выдаюцца без аплаты.

Цуд

Скончу нататкі вандроўніка па Грузіі апісаннем цуду, які адбыўся ў асабістым жыцці Арловых. 19 лютага 1919 года ад “сыпняка” памёр у Тыфлісе мой дзядуля Віктар Васільевіч Арлоў, “таварыш (па-цяперашняму — намеснік) упраўляючага Закаўказскім казначэйствам”. Пахавалі яго ў куце, пад мурамі царквы Блаславеннага князя Міхаіла Цвярскога, што на схіле гары Мтацмінда, прыхаджанінам якой былі Арловы. Але ніякага помніка паставіць не паспелі, бо ўдава, мая бабуля, з сынком-падлеткам, маім татам, збеглі ад бальшавікоў у пралетарскі Баку, каб там… згубіцца.

У 1961-м бабуля паказала мне ўзгорачак — магілу дзядулі. У 1983-м, калі быў у Тбілісі з прэм’ерай фільма “Кантрольны варыянт “Вілія”, туды не трапіў: калітка царквы была зачынена. А від на кут перакрываўся нейкай гаспадарчай пабудовай. Падумаў, што безыменную магілу ліквідавалі.

І вось 29 жніўня 2015-га з жонкай Тамарай і малодшым сынам Георгіем — беларусы, а імёны распаўсюджаныя менавіта ў Грузіі — памаліліся ў Цвярской царкве. Па заканчэнні імшы папрасілі настаяцеля памянуць саракаустам нябожчыка Віктара, якога тут 96 гадоў таму пахавалі.

— А магіла ў парадку, — запэўніў айцец Аляксандр. — Толькі мы не ведалі, хто там ляжыць. Але былі ўпэўнены, што славуты чалавек, бо побач з царквой не кожнага пакладуць.

Не тое, што ў парадку: абгароджана, з металічным пафарбаваным крыжам, з чорнай шыльдачкай, на якой нічога не было напісана. Мы пакінулі абазначэнне: “Орлов Виктор Васильевич 24.11.1883 — 19.2.1919”. Надпіс на шыльдачцы будзе. У гэтым пераканаюцца мае нашчадкі.

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр