Калі “ваў!” — не галоўнае

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

“ТэАРТ”: art высокага палёту і зямных праблем
Міжнародная праграма сёлетняга “ТэАРТу” складалася з 12 спектакляў (і 23 паказаў, бо многія паўтараліся, і не па адным разе) з 10 краін. Відэазапісы яшчэ двух спектакляў увайшлі ў дадатковы асветніцкі праект “Тэатр на дысках”. Што ж новага, адметнага мы ўбачылі? Якія ідэі маглі падхапіць? Пра што задумацца?

/i/content/pi/cult/561/12296/12-1.jpgПаспрабуем разабрацца…

У час форуму неаднойчы даводзілася чуць, што гэтым разам, маўляў, ён быў не такім цікавым, як раней. Думаю, распаўсюджвалі гэта меркаванне найперш тыя, хто туды не патрапіў. Але для такіх сцвярджэнняў былі і некаторыя аб’ектыўныя падставы.

Па-першае, у мінулыя гады ледзь не кожны замежны спектакль адкрываў нам тыя тэатральныя кірункі, стылі, жанры, тэхнікі, тэхналогіі, якія для большасці гледачоў выглядалі навінкай. Вось і ўзнікала адчуванне пастаяннага “ваў!”, выкліканага не толькі мастацкім узроўнем прывезеных спектакляў (ён, дарэчы, стабільна высокі), але і ўсялякімі, у нашым успрыманні, ноу-хау. Зразумела, з кожным годам такіх “адкрыццяў”, ужо добра вядомых у свеце, станавілася менш. Сёлета, пэўна, іх амаль не засталося. І гэта сведчыць хіба пра тое, што форум са сваёй галоўнай задачай — знаёміць тэатральную грамадскасць з сусветнымі дасягненнямі — спраўляецца паспяхова.

Па-другое, калі ў нашай публікі, схільнай любы “імпарт” прымаць “на ўра”, узнікае жаданне з чымсьці не пагадзіцца ці сёе-тое аспрэчыць, дык гэта сведчыць, што “ТэАРТ” цудоўна спраўляецца і з другой не менш значнай задачай: выхаваннем густаў і ўласных ацэнак.

Па-трэцяе, у мінулыя гады ледзь не на кожным спектаклі здараліся выпадкі куды больш рэзкага непрыняцця, але ў асноўным — з боку нашых тэатральных дзеячаў, артыстаў і рэжысёраў. Ажно да таго, калі яны разам уставалі і дэманстратыўна сыходзілі з залы. А потым са здзеклівай усмешкай тлумачылі: маўляў, нам паказалі, як не трэба ставіць. Сёлета на спектаклі форуму хадзілі тыя, каму гэта сапраўды цікава. Але часта чакалі вышэй апісанай “шокавай тэрапіі”, а не яшчэ адных “варыяцый на тэму” пабачанага летась-пазалетась.

Па-чацвёртае (і гэта, бадай, самае галоўнае), да фестывальных паказаў трэба ставіцца не апрыёры як да шэдэўраў “у апошняй інстанцыі” — толькі таму, што іх на форум запрасілі, а як да носьбітаў перспектыўнай ідэі, якая можа ўказваць шлях і нашым творцам.

У гэтым сэнсе сёлетні “ТэАРТ” быў папраўдзе ўнікальным. Бо ні ў беларускай праграме (“К” № 45), ні ў міжнароднай не было аніводнага “неабавязковага”, не адпаведнага фестывальнаму ўзроўню спектакля. На ранейшых форумах такія сустракаліся — найперш, у беларускім блоку, асабліва сярод замоўленых да фэсту прэм’ер. Дый увогуле, нават па замежных мерках, тэатральны фестываль лічыцца ўдалым, калі на ім прадстаўлены хаця б адзін-два спектаклі сусветнага ўзроўню. А тут — суцэльнае суквецце. І гэта пры тым, што форум праходзіў акурат у той час, калі арганізатары іншых фестываляў былі вымушаны скарачаць праграму, адмаўляцца ад некаторых гасцей ці прызоў праз фінансавыя складанасці. “ТэАРТ-2015” таксама не абышоўся без адмен-замен, але тыя былі выкліканы зусім іншымі прычынамі.

… а яшчэ і павучыцца, як рабіць сінтэз

Сярод самых яркіх уражанняў — спектакль “Донка — пасланне Чэхаву” кампаніі Фінцы Паска з Лугана (Швейцарыя). Сумесь цыркавых прыёмаў была скіравана не на паказ майстэрства артыстаў, а на повязь чэхаўскіх вобразаў і настрояў, на сувязь літаратурнай творчасці сусветна прызнанага класіка з найбольш важнымі дэталямі яго біяграфіі і чалавечага характару. А да ўсяго — жывое музіцыраванне (і інструментальнае, і шматгалоснае вакальнае, у тым ліку джазавае), разнастайныя светлавыя эфекты, тэатр ценяў, выкарыстанне магчымасцей відэа для “мадулявання” неверагодных трукаў (кінематаграфісты, вучыцеся — замест таго, каб эксплуатаваць каскадзёраў ці камп’ютар), шоу фантанаў, лядовае шоу (жангліраванне празрыстымі лядовымі шарамі, якія, падаючы долу, разлятаюцца на бліскучыя, колкія пырскі), папраўдзе фантастычныя “па-дэ-дэ” металічнага ложку на калёсіках, на якім у час руху ўтвараюцца адметныя пластычна-гімнастычныя эцюды. Уся гэтая надзвычай светлая, нягледзячы на смерць героя ў фінале, глыбока філасофская “камедыя-клаўнада” была скіравана на выкрыццё простай мастацкай мудрасці: “Трэба маляваць жыццё не такім, якое яно ёсць, а такім, якім яно ўяўляецца”. Таму і лунала над усім адчуванне вышэйшай, боскай прыгажосці, на якую ў нашым мастацтве часта забываюцца — ці падмяняюць прыгожасцю “а-ля 50-я”, “а-ля Дыснэй з Галівудам”…

“Matchatria” харэографа Юі Кавагуці і мастака-рэжысёра Ёсімаса Ісібасі (Японія, Германія), на якую, праўда, прэса (і я ў тым ліку) не патрапіла, дэманстравала парад найсучасных тэхналогій, скіраваны, да ўсяго, яшчэ і на інтэрактыў. Кожны з гледачоў трымаў у руках электроннае прыстасаванне ў выглядзе сардэчка, далучаючы і свае імпульсы да біення сэрца танцоўшчыцы, пераведзенага ў 3D-праекцыю.

“Стары Монк” Музычнага тэатра “ЛОД” і Тэатра Відзі-Лазан (Бельгія, Швейцарыя) будаваўся на сінтэзе аповеду, пластыкі, жывога джазавага музіцыравання і даводзіў думку пра каштоўнасць не толькі кожнага перыяду, але і імгнення чалавечага жыцця.

...ставіць класіку і ўзнімаць балючыя тэмы

“Анегін” Новасібірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра “Чырвоны факел” у пастаноўцы Цімафея Кулябіна, наблізіўшы герояў да сучаснасці і да цяперашняй моладзі, ні ў чым не парушаў “школьна-кананічных”, закладзеных Пушкіным характараў. Дый паводле абранага ракурсу нагадваў оперу Чайкоўскага, паставіўшы ў цэнтр увагі не эпас і філасофію рускага жыцця, а ўсяго толькі “лірычныя сцэны”, заснаваныя на “справах сардэчных”. Але колькі ў спектаклі маладзёжнай свежасці! Бо акцэнт быў пастаўлены не на музыку вершаў, што закалыхваюць, а на ўласна тэатральныя сродкі выразнасці — ад пластыкі да камп’ютара, графіці на сценах і… звычайнага вентылятара. Адначасова ўзнікла яшчэ адна тэма — быцця і небыцця, хуткаплыннасці існавання, а значыць — каштоўнасці жыцця.

Ранняя камедыя Шэкспіра “Як вам гэта спадабаецца” ў пастаноўцы Тбіліскага акадэмічнага тэатра імя Катэ Марджанішвілі была вырашана як своеасаблівая “гульня” ў тэатр. З аднаго боку, спектакль аднаўляў еўрапейскія тэатральныя традыцыі канца ХVІ стагоддзя, з іншага — заставаўся сакавіта грузінскім. І пры ўсёй “закручанасці” (чытай: заблытанасці) інтрыгі, больш цікава было глядзець не ўласна на “сцэнічную сцэну” (тым больш, што надта дробныя субцітры не былі бачныя нават з трэцяга раду партэра), а па баках ад яе, дзе артысты моўчкі (ідзе спектакль!) разгортвалі “паралельнае дзеянне” — адносіны ўнутры “квазішэкспіраўскай” трупы.

Самую неадназначную рэакцыю выклікала “Даходнае месца” Тэатра “ТАР” з Будапешта. На аснове аднайменнай п’есы Аляксандра Астроўскага, ад якой засталіся хіба абрысы, была зроблена сучасная тэатральная публіцыстыка на тэму карупцыі — з выкарыстаннем дакументальнага відэа і іншых адкрытых паралеляў з сучаснасцю, “жывых” зонгаў (не толькі з салістамі-вакалістамі, але і музыкантамі-інструменталістамі на сцэне). (Штосьці падобнае мы бачылі і ў мінулыя гады — дастаткова ўзгадаць хаця б пазалеташні паказ “Апалоніі” Кшыштафа Варлікоўскага, дзе старажытная міфалогія спалучалася з тэмай Халакосту і даследаваліся сапраўдныя і ўяўныя матывы самаахвярнасці). У “Даходным месцы”, дзе кожны з герояў хаця і ў меншай ступені, але таксама аказваецца “двухбаковым”, дадалася яшчэ іронія, што мяжуе са сцёбам. Дый сам спектакль замест няспешнай, разгорнутай па часе “эпічнасці” ўклаўся ў менш чым дзве гадзіны. І нават атрымаў некаторыя паралелі з выступленнямі паслярэвалюцыйных брыгад “сіняблузнікаў” — найперш, праз адпаведныя музычныя цытаты той эпохі з перайначанымі словамі. Магчыма, ад сцэн “ніжэй поясу” можна было б і адмовіцца (на мой погляд, яны выкарыстоўваліся хіба як прыцягальная для публікі “клубнічка”), але галоўным у спектаклі стала імкненне ставіць класіку максімальна адвольна, без спасылак на “рарытэты”.

“Вораг народа” тэатра “Schaubuhne Berlin” (Германія) паводле аднайменнай п’есы Генрыка Ібсена (1882) аказаўся актуальным не толькі паводле закранутых тэм (тут і экалогія, і адзін супраць большасці). Сцэна гарадскога сходу была перанесена ў залу, і публічныя выступленні гледачоў у адказ на кінутыя ім “правакацыйныя” пытанні вымушалі задумацца — усіх і кожнага.

Спектакль “Жыццё і лёс” Акадэмічнага Малога драматычнага тэатра — Тэатра Еўропы ў пастаноўцы Льва Додзіна прыцягнуў не проста зваротам да аднайменнага рамана Васіля Гросмана, але і яго адэкватным прачытаннем. Па-першае, без “сарамлівага” прыхавання галоўнай аўтарскай ідэі пра ідэнтычнасць фашызму і сталінізму, вырашанай нават праз музычны складнік. Па-другое, з зайздросным выбарам неабходных сюжэтных ліній і з адбудаванай тэатральнай драматургіяй. Па-трэцяе, з гарманічнай раўнавагай паміж адкрытай публіцыстыкай і найвысокай мастацкасцю, дзе былі знойдзены ўдалыя тэатральныя аналагі літаратурнай мове першакрыніцы.

…складаць п’есу і працаваць з артыстамі

“Латышскае каханне” Новага Рыжскага тэатра, які стаў улюбёнцам мінскай публікі яшчэ пасля першага знаёмства з рэжысурай Алвіса Херманіса, нарадзілася са шлюбных аб’яў. Спектакль так і пачынаецца — сухім чытаннем газет. Далей жа перад намі праходзіць шэраг самых розных “знаёмстваў па аб’яве” і без. Пры гэтым усяго адна далейшая гісторыя аказваецца працягам ранейшай. Усе астатнія — ніяк сюжэтна не звязаныя. Іх можа быць яшчэ больш (хаця і так — больш за чатыры гадзіны). Можа — менш. Але ў гэтым калейдаскопе чалавечых характараў і ўзаемаадносін цікава сачыць не толькі за псіхалогіяй “М” і “Ж” розных узростаў і сацыяльных груп, але і за акцёрскімі пераўвасабленнямі. Майстар-клас — вышэйшага разраду! Вось толькі нашых артыстаў ў зале магло аказацца і больш…

“Архідэі” Кампаніі Піпа Дэльбона (Італія) былі скіраваны на праблему гарманічнага суіснавання ў грамадстве “не такіх” людзей — адрозных ад большасці па сваім знешнім выглядзе, думкам, схільнасцям, памкненням. Замест традыцыйнай п’есы — штосьці накшталт сумесі маналогаў, перформансаў (уключаючы цалкам аголеную натуру), музычна-танцавальных фрагментаў (ажно да опернага запісу), відэа, “дыскатэкі” з гледачамі… І праз усё — кранальная шчырасць, узвышана-трапяткое чалавекалюбства без звыклых пафасных прамоў. Урэшце, кожны з нас, нават браты-блізняты — хоць чымсьці “не такі”, як іншыя. Дык чаму ўзнікае непаразуменне, а часцяком і варожасць? “Трэба перамагчы боязь дзівацтваў, бо тыя дапамагаюць нам расці”, — сказаў лідар гурта. Як не пагадзіцца?..

“Танец Дэлі” Санкт-Пецярбургскага ТЮГа імя Аляксандра Бранцава прыцягваў найперш нечаканай п’есай Івана Вырыпаева, складзенай з сямі “пазлаў-сцэн-аднаактовак”, дзе кожная наступная, абапіраючыся на варыятыўныя паўторы ранейшага тэксту, давала чарговы працяг тэмы і погляд на яе з новага боку. Хуткае, безэмацыйнае “прагаворванне” тэксту, такое моднае апошнім часам, тут асацыявалася з развіццём думак — дзе хаатычным, а дзе і мэтанакіраваным, ажно да трывіяльных параўнанняў са сціснутай спружынай. “Усебаковасць” разгляду падмацоўвалася і “двухбаковасцю” паказу спектакля. Сцэнічныя пляцоўкі (і, адпаведна, глядзельныя залы) змяшчаліся па розныя бакі ад узведзенай у закуліссі “сцяны”. Дзеянне перамяшчалася з адной пляцоўкі на другую, чаргуючы для публікі “жывы тэатр” і відэатрансляцыі “з-за сцяны”.

…захоўваць нацыянальныя рысы

Тэатральна-музычны перформанс “Ружы” фрык-кабарэ “Dakh Daughters Band” (Украіна) аказаўся зусім не “фрыкам” і не зусім “кабарэ”. На мой погляд, гэта была выбітная канцэртная праграма з некаторымі элементамі тэатралізацыі і выкарыстаннем відэа, што даўно ўвайшло ў музычную практыку нават у акадэмічных жанрах, не гаворачы пра эстраду. Але як усё гэта было абстаўлена! Колькі таленту і фантазіі — ва ўсім, пачынаючы з аранжыровак, сярод якіх не было ніводнай, падобнай на якую іншую. Сямёра дзяўчат, актрыс па прафесіі, змянялі не толькі сцэнічныя строі і свае амплуа, але і песенныя жанры, стылі, мовы (усе тэксты — надзвычай змястоўныя, глыбокія), музычныя інструменты, манеры гуказдабывання на іх (ігра палачкамі для ўдарных на “ляжачых” кантрабасах, на гітары — палачкай і смыкам), спеўныя прыёмы, тэмбры ўласных галасоў. І ўсё — з яркім нацыянальным каларытам, ад фальклорных інтанацый да сучасных балючых праблем. Але без “скатвання” адно ў палітыку — выключна на ўзроўні мастацкасці і музычна-тэатралізаванай віртуознасці вышэйшага пілатажу.

…Дык хто там яшчэ “мяўкае”, што сёлетні “ТэАРТ” не той, як быў раней? Так, не той — іншы. Але па-ранейшаму — сапраўдны “фестываль фестываляў”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"